Венгерскі лаўкостар Wizz Air зноў мяняе правілы правозу ручной паклажы ў сваіх самалётах. Зараз бясплатна праносіць сумку ў салон змогуць толькі тыя пасажыры, якія купілі паслугу Wizz Priority, перадае партал 34travel.me.

У кастрычніку 2017 года авіяперавозчык засмуціў многіх сваіх прыхільнікаў, калі ўвёў новы стандарт бясплатнай ручной паклажы і абмежаваў колькасць людзей, якія могуць бясплатна пранесці гэты багаж у салон самалёта. Тады права правозіць ручную паклажу ў салоне атрымалі толькі першыя 90 пасажыраў рэйса, у тым ліку тыя, хто аплаціў паслугу Wizz Priority.

І вось сёння ў Wizz Air заявілі, што плануюць захаваць права перавозкі ручной паклажы ў салоне самалёта толькі за тымі пасажырамі, якія аплацяць опцыю Wizz Priority. Ручную паклажу пасажыраў, якія не набылі паслугу прыярытэтнай пасадкі, будуць загружаць у багажны адсек. Пасля прызямлення яе пададуць на багажную стужку.

Узмацненне жорсткасці правіл у Wizz Air абгрунтавалі адсутнасцю дастатковага месца ў салонах самалётаў.

Нагадаем, што паслуга Wizz Priority надае права першачарговага праходу ў салон самалёта і магчымасць пранесці на борт ручную паклажу (55x40x23 см, да 10 кг), а таксама маленькую сумку 40x30x18 см (напрыклад, лэптоп або фотаапарат). Пры гэтым Wizz Priority не дае ніякіх пераваг, калі рэгіструешся на рэйс і праходзіш перадпалётны надгляд.

Прыярытэтную пасадку Wizz Air можна аплаціць на этапе браніравання квіткоў або дадаць пазней у асабістым кабінеце на сайце перавозчыка. Таксама яе можна замовіць у аэрапорце па больш высокім тарыфе. Калі купіць паслугу анлайн або праз кол-цэнтр Wizz Air, яна абыдзецца ў €5—10. Калі дацягнуць да самога аэрапорта, прыйдзецца выкласці €25.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0