Сёння ўвечары ўсе жыхары нашай краіны змогуць назіраць надзвычай доўгае поўнае зацьменне Месяца. Наш спадарожнік схаваецца ў зямны цень і пройдзе амаль праз ягоны цэнтр. Пры гэтым ён будзе знаходзіцца ў апагеі — на максімальнай адлегласці ад Зямлі — і будзе мець мінімальную вуглавую хуткасць адносна зорак. Усё гэта прывядзе да таго, што працягласць сённяшняга зацьмення будзе найбольшай за ўсё 21-е стагоддзе: поўная фаза працягнецца ажно 103 хвіліны!

Паўценявое зацьменне, слаба заўважнае для непадрыхтаваных назіральнікаў, пачнецца яшчэ да ўзыходу Месяца, а пагружацца ў цень Зямлі ён пачне ў 21:24. У 22:30 наш спадарожнік цалкам схаваецца ў цень і прабудзе там да 00:13. Скончацца ценявыя фазы ў 01:19 па беларускім часе.

Многія СМІ любяць называць такія з’явы «крывавым Месяцам». Сапраўды, падчас поўнай фазы наш спадарожнік не знікае цалкам з неба — яго асвятляюць промні Сонца, малая частка якіх пераламляецца ў зямной атмасферы і ўсё ж-такі дасягае месяцовай паверхні. І пераадольваюць тоўшчу зямной атмасферы пераважна чырвоныя промні. З-за гэтага Месяц набывае чырвоную, «крывавую» афарбоўку. Аднак з-за асаблівасцяў нашага зроку (мы дрэнна бачым колеры ў цемры) для чалавека поўнае зацьменне Месяца будзе мець шэры або цагельна-карычневы колер, а чырвоныя адценні будзе здольная перадаць хіба толькі фотакамера.

Аднак у гэтую ноч немагчыма будзе не звярнуць увагу на іншае нябеснае цела чырванаватага колеру — Марс, які будзе ззяць яркай зоркай нізка на поўдні. Менавіта 27 ліпеня адбываецца так званае Вялікае процістаянне Марса, калі ён наблізіўся да нас максімальна блізка за апошнія 15 год. Калі вы маеце тэлескоп, то скарыстайцеся гэтай магчымасцю каб убачыць як мага больш дэталяў на дыску Чырвонай планеты. Але і проста паназіраць за Марсам няўзброеным вокам будзе цікава — у наступны раз настолькі яркім ён будзе вельмі няскора. Дарэчы, вось так выглядаў Марс пару дзён таму ў Налібоцкай пушчы:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?