11 лістапада ў польскай сталіцы выдаўся сонечны дзень.

Хіба толькі халодны вецер псаваў палякам сьвяточны настрой. На цэнтральных вуліцах Варшавы сабралася вельмі шмат людзей — як‑ніяк 90‑ыя ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці. І пакуль розныя палітычныя сілы ў краіне выкарыстоўваюць чарговую нагоду, каб заявіць аб сваім існаваньні, звычайныя людзі «датыкаліся да Незалежнасьці». Менавіта пад такім лозунгам праходзяць сёлетнія сьвяткаваньні.

У натоўпе можна было набыць копіі газет дзевяностагадовай даўніны, нацыянальныя сьцяжкі разнастайных памераў. Час ад часу па цэнтральнай вуліцы разьяжджаў нават сам маршалак Пілсудзкі, размаўляючы з дзецьмі ды махаючы рукой месьцічам.

Быў дадзены старт «забегу Незалежнасьці», у якім бралі удзел як звычайныя людзі, так і футбалісты варшаўскай «Легіі» і нават сёстры‑законьніцы. Скончылася дзённая частка невялікім гістарычным парадам, якога давялося чакаць даволі доўга.

Увечары ўсіх чакае яшчэ некалькі канцэртаў на адкрытых і закрытых пляцоўках. А таксама музейныя выставы, прымеркаваныя да адзначаемай даты.

Фота і тэкст Алеся Пілецкага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0