Як паведаміла БелаПАН галоўны ландшафтны архітэктар упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Берасьцейскага гарвыканкама Тамара Пархамчук, упершыню такія пасадкі былі выяўлены 10 лістапада на скрыжаванні праспекта Машэрава з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі.
На газоне і кветніку невядомым было высаджана каля 10 саджанцаў хвоі вышынёй да 50 см.

«На наступны дзень пасля іх перасадкі на тэрыторыю хваёвага бору, што закладзены непадалёку ад мікрараёна «Кавалёва», мне пазваніў абураны нашымі дзеяннямі невядомы мужчына і заявіў, што хоча змяніць да лепшага экалагічную абстаноўку ў Берасьці, — сказала Т.Пархамчук — Я патлумачыла, што, па‑першае, усе пасадкі дрэў і кустоўя ў горадзе праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджанай праграмай, па‑другое, хвоя баіцца загазаванасці і дрэнна расце ў горадзе».

Паводле слоў галоўнага ландшафтнага архітэктара, невядомы тым не менш прадоўжыў рэалізацыю свайго «экалагічнага праекта».
18 лістапада былі выяўлены яшчэ сем хвой за кінатэатрам «Беларусь» на вуліцы Савецкай, а таксама па адной каля ЦУМа і каля аднаго з прыпынкаў грамадскага транспарту на праспекце Машэрава.

«Мы ўпершыню сустракаемся з такімі самавольнымі пасадкамі. Дарэчы, яны з’яўляюцца парушэннем правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання горада Брэста, зацверджаных гарадскім саветам дэпутатаў, згодна з якімі забараняецца праводзіць самавольную пасадку дрэў. А артыкул 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў за такія дзеянні прадугледжвае штрафныя санкцыі ад 4 да 25 базавых велічыняў», — паведаміла ландшафтны архітэктар.

Сёлета ў Берасьці работнікамі «Брэстзеленбуда» пасаджана больш за 3,5 тыс. дрэў розных парод і больш за 15 тыс. кустоў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0