Правакацыйным крокам можна назваць патрабаваньне камуністаў Санкт-Пецярбургу, зьвернутае да расейскага Патрыярха, пра кананізацыю Сталіна як «дабрадзея матухны Расеі». Прэсавы сакратар Аляксія ІІ суха абарваў гэтыя патрабаваньні, нагадаўшы пра рэпрэсіі, пакуты й лютасьць крамлёўскага дыктатара ў дачыненьні да вернікаў, сьвятароў і праваслаўнай царквы.

Але нязьведаныя шляхі Гасподнія. І вось адна зь сьцежак прывяла ў невялічкі храм у Стрэльні, прыгарадзе Санкт-Пецярбургу. Настаяцель храму Сьвятой Вольгі вырашыў паставіць абраз з выявай Іосіфа Сталіна ў мундуры на тле рознакаляровых купалаў храму Васіля Шчаснага, якога бласлаўляе шчасная Матрона Маскоўская (Ніканава).

Гэтаму дзёрзкаму, скажам проста, блюзьнерству ў папа ёсьць абгрунтаваньне. Спачылы пратаярэй Дзьмітрый Дудко, знаны тэоляг, з маладых гадоў быў шчырым антысаветчыкам. Яму пашчасьціла перажыць час рэпрэсій, нягледзячы на працяглае знаходжаньне ў лягерах. Але калі ён пачаў старэць, абсалютна нечакана яго азарыла: ён палюбіў Сталіна. У сваіх пропаведзях ён казаў, што Сталін насамрэч быў вернікам і зусім не хацеў перасьледаваць праваслаўную царкву.

У адной з сваіх прац ён нават напісаў: «Так і хочацца, нарэшце, усклікнуць: «Сьвяты праведны Іосіфе, малі Бога пра нас!». Што гэта было? Ненармальнасьць, псыхічны зрыў? Але вось у Дудка зьявіўся пасьлядоўнік — настаяцель храму Сьвятой роўнаапостальнай вялікай княгіні Вольгі ігумен Яўстафій Жакаў. Гэта ён вырашыў сумясьціць выяву Сталіна й вобраз Матроны Маскоўскай, да якой Сталін нібыта зьвяртаўся па параду ўвосень 1941 году, калі ля брамы Масквы стаялі нямецкія войскі. І яна нібыта сказала яму, што патрэбная «айчынная вайна». І прадказала: «Ты застанешся адзін у горадзе, ты станешся ягоным Вялікім Абаронцам. Масква ня трапіць у рукі Гітлера».

Аднак ідэя настаяцеля ня выклікала ўхвалы ў прыхаджанаў, якія заявілі, што ня будуць хадзіць на службы, пакуль выява Сталіна застаецца ў царкве. Айцец Яўстафій прыбраў абраз у самы далёкі кут, але вернікі працягвалі стаяць на сваім: «Нас ня тычыцца, што Сталін вельмі папулярны ў Расеі, ён быў д’яблам для вернікаў у Бога», піша Леанарда Коэн у «La Repubblica».

Паводле InoPressa.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?