У народным разуменнi хрысцiянскае свята Увядзення Багародзiцы ў храм звязана з паняццем «уводзiнаў», «пачатку» зiмы, што адпавядае рэчаiснасцi i набыццю зiмой сваiх правоў: «Увядзенне прыйшло — зiму прывяло».

Царкоўнае свята Увядзенне Багародзiцы ў храм першы раз узгадваецца ў летапiсах VІI—VIII стст. Святыя праведныя Iаакiм i Ганна старанна малiлiся Богу, каб ён падараваў iм дзiця, абяцаючы прысвяцiць яго служэнню Госпаду пры храме. Бог пачуў iх малiтву, i ў iх нарадзiлася дачка, якой далi iмя Марыя. Калi ёй споўнiлася тры гады, Iаакiм i Ганна выканалi сваё абяцанне i прывялi трохгадовую Марыю ў Iерусалiмскi храм. Яны павiнны былi прайсцi 15 даволi высокiх прыступак. Бацька хацеў узяць дзяўчынку на рукi, але яна сама лёгка пабегла наверх. У гэтым храме яна атрымала адукацыю i выхаванне. Па звычаi, праз пасвячэнне праходзiлi толькi прадстаўнiкi мужчынскага полу, але для Святой Дзевы было зроблена выключэнне. У гонар гэтай падзеi ў V цi VI ст. у Iерусалiме быў пабудаваны храм, якi стаяў на тым самым месцы, дзе некалi жыла Дзева Марыя.

Асаблiвае ўшанаванне жанчын у гэты дзень наблiжала свята Увядзення да iншых «жаночых святаў» — Пакроваў i дня ўшанавання Параскевы Пятнiцы.

«Ведзяннё — каб было ў дзевак пiцяннё i едзяннё» — на Увядзенне, Новы год i Троiцу дзяўчаты збiралiся на гуляннi i «кумiлiся», г.зн. выбiралi сабе сяброўку.

З гэтага дня паўсюдна распачыналiся зiмовыя, Увядзенскiя, гандлi i кiрмашы.

Для таго, каб наладзiць улазiны, трэба было выбраць самы спрыяльны, «шчаслiвы» дзень. Калi будаўнiцтва распачыналася напярэдаднi Троiцы, то пераход у новую хату, улазiны, трэба было праводзiць восенню цi на пачатку зiмы. Лiчылася, што святы Сiмяон, якi ўшаноўваецца 14 верасня, прынясе новай хаце i яе жыхарам шчасце i радасць. Таксама спрыяльным днём для ўлазiн лiчыўся дзень Увядзення Багародзiцы ў храм — 4 снежня.

Па надвор’i гэтага дня прадказвалi, што будзе надалей:

Увядзенскiя маразы рукаўкi на мужыка апранулi, сцюжу прывялi, зiму на розум наставiлi.

Калi да Увядзення пойдзе снег, то ён хутка растане.

Калi снег пойдзе пасля Увядзення, то ляжа зiма.

На Увядзенне мароз — усе святы марозныя, цёпла — i святы цёплыя.

Моцныя зазiмкi павiнны быць у гэты цi ў наступны дзень.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0