Тэатр44

«Білет на брэсцкі цягнік» — гледачы смяюцца шмат

Піша Аляксей Стрэльнікаў.

Пастаноўка «Білет на брэсцкі цягнік» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з'яўляецца ўжо трэцяй ці нават чацвёртай спробай пастаноўкі п'есы Віталя Каралёва «Moscow Dreaming».

Нядаўні выпускнік Акадэміі мастацтваў Аляксей Кузміцкі зрабіў дыпломны спектакль паводле гэтай п'есы, дзе грае галоўную ролю, і зрэжысіраваў такі самы спектакль у Бабруйску. Летам на сцэне РТБД рэжысёрка Сара Токіна рабіла спектакль з назвай «Белдрымшоу», які не прыняла ні трупа, ні большасць гледачоў і крытыкаў, якія бачылі яго на здачы. Але працытую допіс крытыка Таццяны Арцімовіч, якая спектакль ухваліла: «Рэжысёр задае незнаёмыя для кантэксту правілы: рассыпае структуры, адмаўляецца ад хлоп і тры прытопы, маніпулюе мяжой паміж рэальнасцю, медыйнай рэальнасцю, сацыяльнымі маскамі, «я» і тэатрам».

Я падводжу да таго, што цікавы тэкст напісаў драматург Віталь Каралёў.

Хоць і п'еса пра беларускага хлопца, які пасмакаваў гастарбайтарскага хлеба ў Маскве ды вярнуўся назад, на пачатку здаецца немудрагелістай. Немудрагеліста яе і вырашаюць пастаноўшчыкі, так бы мовіць, «з хлопам і трыма прытопамі».

Спектакль у рэжысёра Аляксандра Гарцуева атрымаўся «глядацкім». Шмат камічных і пластычных рэпрыз, высокі тэмп, гучная агрэсіўная танцавальная музыка. У спектаклі Вадзіму ў выкананні Дзмітрыя Давідовіча дапамагаюць яго сябры (Андрэй Новік і Мікалай Стонька), ім рэжысёр аддаў частку рэплік Вадзіма, але яны таксама актыўна каментуюць і ўмешваюцца ў тэкст. Лірычная аўтарская інтанацыя такім чынам губляецца, але гісторыя пераказваецца больш ёмка і смешна. Гледачы вельмі шмат смяюцца, сама сітуацыя п'есы сапраўды вельмі камічная. Наіўнасць галоўнага героя толькі падкрэсліваецца недарэчнай зацятасцю, якую сваім імпэтам Дзмітрый Давідовіч толькі падкрэслівае. Атрымаўся спектакль пра таго, хто надта стараецца, не зважаючы на важныя дробязі. Нейкая легкадумнасць героя нібыта мусіць быць як след пакарана, але без вялікіх перашкод ягоная інфантыльная самазадаволенасць застаецца сама па сабе.

Фота rtbd.by

Ёсць адчуванне, што патэнцыял гэтага тэксту не вычарпаны.

У версію спектакля РТБД не ўвайшоў эпізод, як Вадзім па дарозе дамоў спыняе збіццё міліцыянтамі выхадца з Сярэдняй Азіі і сам трапляе пад раздачу. Выратаваны таджык дзякуе Вадзіму: «Упершыню за мяне рускі ўступіўся…» «А я не рускі, я беларус», — адказвае Вадзім. Гэта ці не адзіны момант, калі пытанне ідэнтычнасці нейкім чынам усплывае ў тэксце.

На маю думку, гэты эпізод нават не пра нацыянальнасць, а пра тое, што, каб знайсці сябе, трэба сутыкнуцца з сапраўдным апанентам. І гэтым апанентам, вядома, з'яўляецца зусім не тыя, хто Вадзіма адгаворваў ад маскоўскай паездкі, і не тыя, хто хацеў Вадзіма ашукаць, і нават не канкрэтныя маскоўскія мянты, але менавіта сапраўднае жыццё з вызваленнем ад ілюзій. Цікава, што эпізадычна гэтае вызваленне ад ілюзій у п'есе з'яўляецца і раней. Вадзіма здзіўляе, напрыклад, што ягоная маці абыякава адпускае яго ў чужую Маскву, гэтым яна быццам здраджвае. Але толькі гэты эпізод з таджыкам надае герою ўнутранай маральнай моцы для фінальнага ўзнёслага хэпі-энду.

Фота rtbd.by
Фота rtbd.by

І тут усведамляеш, што самыя вялікія высілкі ў спектаклі «Білет на брэсцкі цягнік» ідуць менавіта на стварэнне гэтых самых ілюзій, усе гэтыя танцы і шматлікія каверы «California Dreaming», яны пра мары, пра адмаўленне ад рэчаіснасці, адмаўленне гэтай неабходнасці прыняць сябе самога. Таццяна Арцімовіч мае рацыю, што нават у такой простай гісторыі пераканаўча паказаны велізарныя магчымасці, якія мае сучасны чалавек для самападману. І з якой ахвотай і зацятасцю ён імі карыстаецца.

Рэчаіснасць з'яўляецца таксама і ў гэтым спектаклі. Артыст Андрэй Дабравольскі, фактурны, мажны артыст, грае выпадковага суседа Вадзіма па маскоўскай кватэры. Ён смешным голасам, які кантрастуе з буйным натрэніраваным целам, расказвае пра цяжкасці эмігранцкай працы ў Іспаніі. А потым проста на сцэне прымае душ, эпізод, які ўражвае гледачоў сваёй раптоўнасцю. Гэты ідэйны, маральны, фізічны амаль гвалт становіцца для героя сапраўдным «халодным душам». Нават у межах камедыйнага спектакля патэнцыйная канфліктнасць самападману героя рэалізуецца яскравым фізіялагічным эпізодам.

Фота rtbd.by
Фота rtbd.by

На жаль, на агульнае ўражанне ад спектакля гэта не ўплывае. Нягледзячы на сваю актыўнасць і яскравасць, ён падаецца «камедыяй на адзін раз» з няхітрай маральнай высновай, кшталту «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць…» Спектаклю яўна не хапае цвярозага і бязлітаснага погляду на свайго героя, які ёсць, напрыклад, у «Паляванні на сябе». Халодны душ рэчаіснасці ў выніку аказаўся цёплай вадзічкай з лейкі.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку10

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Усе навіны →
Усе навіны

Не прапусціце вялікія зніжкі на рэкламу ў «Нашай Ніве» да канца лета

62-гадовую намесніцу дырэктара мінскай гімназіі адправілі ў калонію за палітыку11

Злучаныя Штаты могуць скараціць колькасць сваіх войскаў у Еўропе на 30%3

Шэлег: Беларускія лекі нічым не адрозніваюцца ад старых прэпаратаў буйных фармацэўтычных кампаній3

Настаяцель манастыра Шаалінь трапіў пад следства па падазрэнні ў растратах і амаральным ладзе жыцця4

У Рэчыцкім раёне ад удару токам загінулі двое мужчын

Цэны на шакалад здзіўляюць12

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага29

Музыканты выдаляюць сваю музыку са Spotify, бо ён спансаруе кампанію, якая вырабляе тысячы дронаў для Украіны26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку10

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць