У лесе непадалёк ад Туганавіцкага парку, што ў Баранавіцкім раёне, чытач «Нашай Нівы» Аляксей Дужы заўважыў незвычайны жоўты грыб. Паколькі ён быў непадобны да тых, што раней сустракаў грыбнік, Аляксей папрасіў «Нашу Ніву» звярнуцца да спецыялістаў-міколагаў Акадэміі навук Беларусі.

Кіраўніца лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Купрэвіча НАН Таццяна Шабашова патлумачыла «Нашай Ніве», што грыб гэты ­— баравік Фехтнэра, рэдкі для Беларусі від.

Баравік Фехтнэра — гэта ядомы грыб. І аналагаў атрутных ён не мае. 

«Гэты грыб не новы для навукі, але новы ў біялагічнай разнастайнасці Беларусі. Раней мы не натыкаліся на яго. Баравік Фехтнэра больш характэрны для Каўказа, Расіі. Ён вельмі прыгожы — ярка-жоўты, але як толькі да яго датыкаешся пальцам, ён пачынае імгненна сінець, быццам па ім разліваюць чарніла», — расказвае Таццяна Шабашова.

Туганавіцкі лес, расказвае спецыялістка, — вельмі ўнікальны лес. Раней ён быў часткай палацава-паркавага ансамблю на сядзібе, якая належала Туганоўскім і Верашчакам — тым, з каторых паходзіла і Марыля Верашчака, каханая Міцкевіча.

«У лесе сустракаюцца 500-гадовыя дубы, 200-гадовыя елкі. Па-добраму, гэты лес трэба было дасканала вывучыць, але, каб адказаць на пытанне, ці ёсць у ім яшчэ нейкія ўнікальныя расліны, у ім трэба прабыць з красавіка па лістапад», — расказвае міколаг.

Таццяна Шабашова ўдакладніла, што за апошні час у Беларусі знайшлі новы для навукі від лішайніку і раней невядомы від грыбоў, які расце на дрэве.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?