Фота Сяргея Гудзіліна

Павел Севярынец заявіў, што здымаецца з праймерыз па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата.

«Адбывалася нарада з удзелам партый, што ўваходзяць у праймерыз, а таксама кандыдатаў. Мая пазіцыя і Аляксея Янукевіча з Партыі БНФ была ў тым, каб здымацца проста цяпер, не ехаць нават заўтра ў Баранавічы. Я таксама адмяняю сваю персанальную сустрэчу ў Гродне», — зазначае Севярынец.

Севярынец перакананы, што ва ўмовах каранавіруса немагчымая далей працэдура праймерыз. «80% грамадзянаў выступаюць за каранцін», — кажа ён.

Другая праблема — гэта ўдзел у перадвыбарах вялікай колькасці чыноўнікаў, якія, выглядае, галасуюць за Губарэвіча. «Як можна вырашыць гэтую праблему? Заклікаць большую колькасць сваіх прыхільнікаў прыходзіць на сустрэчы, каб перакрыць ідэолагаў. Але зноў-такі мы сутыкаемся з каранавірусам, і ў такіх умовах не можам запрашаць людзей. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое мы маглі парваць сёння, але не атрымалася», — гаворыць Павел.

Па інфармацыі «НН», за тое, каб працягнуць аб'езд рэгіёнаў, выступалі Рух «За Свабоду» і БСДП. АГП вагалася. А Вольга Кавалькова права голасу не мела.

Выглядае, што Юрась Губарэвіч спадзяваўся найбліжэйшым часам перагнаць Севярынца, таму быў найменш зацікаўленым у тым, каб праймерыз спыніліся.

Павел Севярынец не меў намеру ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі самастойна. Ён кажа, што ў сённяшніх умовах распаўсюду віруса гэта проста немагчыма.

«Застаецца толькі байкот, а таксама нацыянальная забастоўка», — гаворыць палітык.

БХД пакуль афіцыйна не выйшла з працэдуры праймерыз. Севярынец кажа, што абгаварыў свой крок з сябрамі штабу, і тыя яго падтрымалі.

Лідар руха «За свабоду» Юрась Губарэвіч адмаўляецца каментаваць рашэнне Паўла Севярынца, па каментары ён накіроўвае да Аляксея Сігаева.

Севярынец лідзіраваў у праймерыз (339 галасоў), лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч скарачаў адставанне (201 голас). 

Чытайце таксама:

57 чалавек прыйшлі на праймэрыз у Століне ВІДЭА. Караван едзе ў Баранавічы

Севярынец заявіў, што на Берасцейшчыне на праймерыз масава прыйшлі чыноўнікі, каб прагаласаваць за Губарэвіча

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?