Пасля тузіна гарадоў Віцебшчыны і Палесся апазіцыйныя палітыкі прыехалі з праймерыз у Баранавічы, але ў звужаным складзе, бо Павел Севярынец запанікаваў на фоне каранавіруса і тактыкі ўладаў, а Аляксей Янукевіч праявіў салідарнасць з ім.

Мяркуецца, што пасля галасавання ў Баранавічах праймерыз возьме паўзу па санітарных прычынах, пакуль не сцішыцца каранавірус.

Што трэба ведаць пра Баранавічы? Гэта буйны прамысловы горад, насельніцтва троху недацягвае да 180 тысяч жыхароў. 

Асноўныя працадаўцы — дзяржаўныя заводы рознай паспяховасці, таксама чыгунка.

Моладзь, калі ёй не ўдалося ўчапіцца ў сталіцы ці знайсці добрую вахту за мяжой, імкнецца трапіць на 558-ы авіярамонтны завод, бо там можна добра зарабіць у афрыканскіх і азіяцкіх камандзіроўках. 

Іншая прамысловасць плоціць сяк-так, людзей пакрысе скарачаюць, у гарвыканкаме штодзень рэгіструюць ІП. 

Ёсць моцнае недзяржаўнае выданне «Інтэкс-прэс», якое зарабляе з рэкламы і мясцовых прыватных абвестак. 

На праймерыз апазіцыі прыйшло восем дзясяткаў чалавек. 

Былі тут розныя людзі, але моладзі бракавала, літаральна пару чалавек: пэўна, арганізатары не аплацілі рэкламу ў інстаграме. 

Збіраліся ўсе ў рэстаране «Папараць-кветка». Мясцовыя ў гадах памятаюць, як па прыступках установы ў 90-х сцякала кроў, бо блатныя абралі гэты рэстаранчык месцам сваіх пасядзелак і разборак. 

А цяпер ахоўнік на ўваходзе нават не цяміў, што будзе адбывацца, і на пытанне пра залу, дзе меўся адбыцца сход, сказаў: «Калі матрацы прадаюць, то сустракаюць на ўваходзе, пачакайце», — хто арандаваў памяшканне, ён не ведаў. 

Народ спачатку падыходзіў млява, але на рэгістрацыі ў выніку ўтварылася чарга. 

Памятаючы гісторыю, калі ўлада падсылала сваіх клакераў, пацікавіліся ў двух баранавіцкіх фізрукоў, чаго яны прыйшлі. Кажуць, галасаваць будуць за Губарэвіча, але шчыра — яны «знаныя апазіцыянеры».

Кавалькова ў кулуарах прадказвала, што пасля выбараў уладам не будзе чым плаціць заробкі, бо ўжо сёння яны зніжаюцца, а традыцыйныя прадстаўнічыя павышэнні напярэдадні выбараў увогуле большасцю бюджэтнікаў забытыя, думае яна.

«Гэтым праймерыз трэба больш рэкламы, каб мабілізоўваць на праймерыз прыхільнікаў перамен, тады голас уладных бэрээсэмаўцаў згубіцца», — сказала яна. Але не здолела класіфікаваць зняццё Янукевіча і Севярынца — гэта больш рэклама ці антырэклама? 

Губарэвіч у кулуарах не хацеў прызнаваць, што засланцы прыходзяць, каб галасаваць за яго: «Калі прыходзіць настаўнік, то яго што, да ідэалагічнай вертыкалі залічваць? Не даваць голасу? Не, так не пойдзе. А Севярынец сваім выхадам толькі паказаў, што не можа скласці канкурэнцыю Лукашэнку», — пераконваў старшыня Руху «За Свабоду». 

Іронія лёсу — на праймерыз, як і ў іншых гарадах, прыйшоў работнік выканкама. Толькі ў Баранавічах гэта апазіцыянер — Мікалай Чарнавус-малодшы. Яго ўзялі ў гарвыканкам працаваць у аддзел адукацыі і спорту спецыялістам па закупках. Чарнавус смяецца, што так ён «пад наглядам». Кажа, што заробкі ў выканкаме невялікія: ён атрымлівае 500 рублёў, але заўсёды пад прыцэлам кантралёраў.

«Сям'ю карміць цяжка, але якая работа знайшлася, на тую пайшоў», — уздыхае ён.

Пасля таго, як усе расселіся, вядучы, перакрыкваючы кашаль людзей, канстатаваў: палітычная каманда толькі даведалася са СМІ, што і Партыя БНФ сыходзіць з працэдуры народнага галасавання — прысутныя сустрэлі гэтыя словы моўчкі. 

Першым прамову пачаў Казлоў. Пачаў бадзёра, але рыторыка ў яго не пастаўлена, трымаецца на лозунгах: «Лукашэнка — гэта галеча і карупцыя! Ён павінен сысці», — так ён казаў. І прыгадваў, як сам, быўшы міліцыянерам, лавіў ноччу старшыню выбарчай камісіі на ўкідзе. 

«Медыцына ў нас у такім стане, што горш, пэўна, няма», — казаў ён і працягваў думку, што перад надыходзячай эпідэміяй застаецца спадзявацца толькі на «прафесіяналізм дактароў».

Губарэвіч у сціслай прамове вырашыў падстрахавацца і спытаць, хто за змену ўлады — рукі паднялі не ўсе.

Кавалькова выглядала самай простай з іх па форме, але шчырай. 

Пытанні ў людзей былі розныя. 

Прадпрымальнік Эдгар цікавіўся, як будуць сябе паводзіць сілавыя структуры, ці згодзяцца яны з выбарам народа, калі на выбарах Лукашэнка прайграе?

Падпсаваў атмасферу палітычны актывіст Рыгор Грык, які пачаў крычаць, што ўсё гэта — клаўнада. Чаму? «Бо я актывіст і гавару з людзьмі, а ўсе людзі кажуць: хто ўдзельнічае ў выбарах — злачынцы. Псуйце бюлетэні!» Яго суцішылі, але ненадоўга. 

Нехта Аркадзь Несцярук пытаўся, адкуль пераможца збіраецца ўзяць грошы, каб павысіць заробкі і пенсіі. 

Таксама пыталіся пра медыцыну, падаткі, Астравец, сыход кадраў. 

Цікавым было пытанне, які лёс ў выпадку перамогі палітыкі прадракаюць цяперашняй уладзе. І тут трэба сказаць, што вуха нават не зачапілася за адказы на яго Казлова і Губарэвіча. А вось Кавалькова натхнёна адказвала: «А што можна зрабіць з тым, хто забіў сваіх апанентаў? Ён павінен несці адказнасць, як і ўсе тыя датычныя да фальсіфікацый і крымінальных злачынстваў!»

На пытанне аб сілавіках і заробках радыкальнасць праявіў ужо Казлоў: 

«Пасля прыходу новага прэзідэнта трэба адразу расфарміраваць парламент, сабраць наноў, каб там былі рэальныя прадстаўнікі народу, з іх абярэм урад. Грошы — з самалётаў, палацаў Лукашэнкі. Калі пашкрабсці, то там можна добрыя сумы назбіраць. А дзе тыя ж 100 мільярдаў, якія мы за ўвесь час атрымалі ад Расіі, куды ідуць грошы ад перапродажу нафты? Як аператыўнік, я гатовы высветліць гэта і праявіць прынцыповасць», — запэўніваў ён. 

«А сілавікі, канечне, новага прэзідэнта падтрымаюць, калі ўбачаць, што за ім народ. У міліцыі і войску хапае незадаволеных Лукашэнкам», — гаварыў Казлоў. 

Губарэвіч жа спрабаваў не выглядаць папулістам: казаў, што не можа абяцаць зніжэння падаткаў толькі для таго, каб паабяцаць.

Што не можа з ходу даць адказ на тое, якая мусіць быць медыцына: «Недзе платная, недзе камбінаваная». 

Але ў выніку галасавання перамог ён: 47 галасоў супраць 8 галасоў у Кавальковай і 14 галасоў у Казлова. 

Многія галасуючыя нават не сталі чакаць канца падліку, а сышлі, толькі кінуўшы ў скрыню паперку. 

Калі там былі клакеры, то шкада, бо яны не ўбачылі такога падліку галасоў, які мае быць у час дзяржаўных выбараў — кожны бюлетэнь паказаны прысутным, раскладзеныя яны па тэчках.

 

«Так павінны лічыць заўсёды!» — крыкнуў нехта пасля падліку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?