Намеснік кіраўніка МЗС Расіі Аляксандр Грушко на сустрэчы з дырэктарам дэпартамента Еўракамісіі па знешніх сувязях Гунарам Вігандам і кіраўніком прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Маскве Маркам Франкам 3 красавіка заклікаў ЕС улічваць інтарэсы Расіі пры рэалізацыі ініцыятывы «Усходняе партнёрства».

Як паведамляе РІА Новости, на думку прадстаўніка МЗС Расіі, ЕС неабходна ўлічваць «абавязацельствы па развіцці інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД». Важна не дапусціць фарміравання новых раздзяляльных ліній на еўрапейскім кантыненце», — заявіў А.Грушко.

Раней Расія сцвярджала, што Брусель аказвае ціск на Беларусь, зрабіўшы непрызнанне самаабвешчаных Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ўмовай еўрапейскай інтэграцыі.

У праграму «Усходняе партнёрства» ўвайшло шэсць постсавецкіх краін — Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. Яна прадугледжвае палітычнае збліжэнне і эканамічную інтэграцыю з ЕС на двухбаковым і шматбаковым узроўні. У рамках праграмы ЕС выдзеліць 600 млн. еўра ў 2009—2013 гадах.

Усходняе партнёрства, як і ўся палітыка суседства, не прадугледжвае членства ў ЕС краін, на якія яна распаўсюджваецца.

Праграма была зацверджана на пасяджэнні кіраўнікоў краін Еўрасаюза 20 сакавіка, устаноўчы саміт Усходняга партнёрства адбудзецца 7 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?