5 красавіка Вербную (Пальмовую) нядзелю адзначылі каталікі, пратэстанты, уніяты. 12‑га яе будуць святкаваць праваслаўныя.
«Не я б’ю, / вярба б’е, / за тыдзень Вялікдзень. / Будзь здаровы, / як вада, / будзь багаты, / як зямля, / будзь харошы, / як вясна», — прыгаворвалі раней старыя людзі, сцябаючы малых свячонымі вярбінкамі.
Гэтае свята ўстаноўленае ў памяць уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Напярэдадні гэтага, Ісус здзейсніў цуд уваскрасення Лазара. Вестка пра гэта разнеслася шырока, і свет народу вітаў яго як цара пальмовымі галінкамі.
У Беларусі на гэтае свята асвячаюць вербныя галінкі — яны сымбалізуюць тыя пальмовыя, якімі сустракалі Хрыста.
Наступны тыдзень па грыгарыянскім календары — Страсны. Ён папярэднічае Вялікадню. У гэтым годзе Пасха ў каталікоў, пратэстантаў, уніятаў прыпадае на 12 красавіка, у праваслаўных – на 19‑га.
У Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікую суботу вернікі ўспамінаюць пакуты і смерць Ісуса Хрыста і рыхтуюцца да свята Яго ўваскрашэння.