Лынтупшчына — край Блакітных азёр, паганскіх капішчаў, фантастычных краявідаў. У вёсцы Вайшкуны жыве ўнікальная калонія мастакоў. І на кожным кроку тут — «французскі след».

Калі хочаце нармальна адпачыць, не едзьце на Нарач. Там усе берагі абседжаныя рыбзаводам, прэзідэнцкай дачай і масай турыстаў. Кіруйце, дарагія аматары спакойнага і гарманічнага адпачынку ад Нарачы на паўночны захад, дзе на самай мяжы з Пастаўскім раёнам вас будзе чакаць возера Балдук і яго драбнейшыя калегі па клубе Блакітных азёр.

Як скінуць вокам — непарушная гладзізна. Саракаметровую глыбіню вока не асягае. На берагах — вёскі Станчукі і Вайшкуны. Вёскі маленькія, карэнных жыхароў пару чалавек, але цяпер тут розрух: будуюць лецішчы. Беларускі актор і галоўны расійскі дальнабойшчык, Гасцюхін, напрыклад. Ды што там — кажуць, нават кароль Жыгімонт Стары меў тут сваім часам паляўнічы дамок, а вёска — гіпатэтычная радзіма яго прыдворнага блазна Станчыка.

Дварчаны — радзіма Кусто

Такая блізкасць і колькасць водных глыбіняў ну проста не маглі не спарадзіць асобу, з вадой непасрэдна звязаную. Мала хто ведае, што з недалёкіх Дварчанаў вядзецца род славутага даследчыка акіяну Жака Іва Кусто. Там дагэтуль жывуць яго сваякі.

Колісь бацька Жака Іва, мясцовы селянін, падаўся гастарбайтараваць у Францыю: там пабраўся з францужанкай, нарадзіў хлопчыка, дадому так і не вярнуўся.

І яго сын ведаць не ведаў пра свае беларускія карані, але ў тастаменце наказаў адвакатам шукаць усіх сваіх крэўнікаў. Адвакаты сумленна знайшлі ў далёкай Беларусі стрыечную сястру Жака Іва, дачку брата яго бацькі. З характэрным прозвішчам Куст. І вось у элегантных гарнітурах пры дарагіх машынах парыскія адвакаты грукаюцца ў дзверы дварчанскае хаты.

«Баба да акна: глядзіць, нейкія бандыты прыехаўшы, відаць, забіць хочуць, — тут дамо слова краязнаўцу Алесю Гарбулю: мясцовыя канчатак на ‑ўшы надаюць гісторыі непаўторны прысмак баладнасці і эпічнасці. — Адвакаты пастаяўшы‑пастаяўшы ды ў сельсавет пайшоўшы. Спытаўшы, спраўдзілі, што гэта тая самая бабка. Разам з старшынём назад пайшоўшы да бабінай хаты. Бабка няма чаго рабіць — дзверы адчыніўшы. Але грошай не ўзяўшы: «Не ведаю ніякага француза, у нас сваіх Кустоў — поўная хата, і грошай вашых браць не буду, бо, барані Божа, ён яшчэ сюды прыплыве і назад іх спагоніць». Сваякі, кажуць, кусалі локці, але што ты будзеш рабіць… Куст — упартая расліна.

Калонія мастакоў у Вайшкунах

Колісь скульптар, аўтар Звона Свабоды Алесь Шатэрнік, натхнёны мясцінамі і краявідам, «што кліча плённа пачынаць свой дзень», купіў тут участак. Заахвоціў і сяброў.

«Шатэрнік і К» бураць усякае ўяўленне пра мастакоўскую калонію. Ніякіх скульптур і мальбертаў на падворках. Бульба расце. Скульптуры ж свае яны ставяць па ўсім краі. Адваёўваюць у няпамяці прастору. Як той вялізны крыж з Пагоняй і надпісам «За нашу і вашу волю» на старажытных лынтупскіх могілках. Помнік беларускім і літоўскім жаўнерам дывізіі Жалігоўскага, што загінулі тут у 1920‑м, паўстаў дбаннем Алеся Гарбуля, а таксама мастакоў Стэфана Казлоўскага і Алеся Цыркунова.

Побач з селішчам Шатэрніка, прынаджаныя хараством прыроды, будуюцца «новыя» беларусы і літоўцы. Наймаючы мясцовых жыхароў. «Іван? Ваду знайшоў? Два ж два тыдні капаеш», — крычыць Алесь у дзесяціметровае зеўра, вырытае побач з домам‑палацам. «Пакуль не», — чуецца з‑пад зямлі. Мо і добра, што бацька Жака Іва ў свой час з’ехаў у Францыю. Дварчанскаму хлопцу Якубу Яну з ягонай цягай да вады, пэўна, давялося б зрабіцца студнякопам.

Лынтупы

Лынтупы — мястэчка развітае. Вялізны касцёл, бровар, пункты мытнага афармлення. Штуршком да развіцця стала падвядзенне да яго першай у Расійскай імперыі эксперыментальнай вузкакалейкі. Гэтага праўдамі і няпраўдамі дамогся галоўны інжынер расійскай чыгункі і ўраджэнец Лынтупаў Баляслаў Ялавецкі. Кажуць, быў і камерцыйны інтарэс: чыгунка дазволіла мясцоваму багатыру, пану Бішэўскаму, пабудаваць у Лынтупах бровар і іншыя прадпрыемствы. Таму сёння Лынтупы — не занядбанае сяло. Удзячныя лынтупцы, паставіў¬шы бюст земляку, на шыльдзе пасля слова «інжынер», праз злучок напісалі «вынаходнік». Так, сапраўды, пан Баляслаў — вынаходнік шэрых схемаў, якія прывялі да росквіту ўвесь край.

І як мястэчку без палаца? Сваімі версальскімі абрысамі лынтупскі палац абавязаны пану Юзафу Бішэўскаму, які пакахаў французскую акторку і прапанаваў: «Мадам, паедземце са мной у Лынтупы». Акторка запатрабавала, каб там усё стала «на парыжскі манер». Закаханы пан будаваў палацык, «адзяваў» ставы і ўзбярэжжа ў камень, праз рэчку навесіў лескавы мост, паставіў нават вежу, дзе зрабіў павільён‑кавярню… «Так, усё як у Парыжы, — сказала акторка. — Але мне тут усё роўна не падабаецца». І — назад у Францыю. Пасля пан Бішэўскі і не жыў у палацы. За саветамі там размяшчаліся розныя канторы, сярэдняя школа. Цяпер жа — пустыя вокны і друз.

Гэта не адзіны французскі сюжэт Лынтупаў. У Праспера Мерымэ ёсьць навэла «Локіс», у якой абыгрываюцца літоўскія легенды пра мядзьведзя‑пярэваратня. Між тым «Вароты Локіса», старажытнае паганскае капішча, месціцца ў ваколіцах Лынтупаў, кажуць краязнаўцы. Дый мясцовыя бабулькі пераказваюць фалькларыстам паданні з падазрона падобным на твор Мерымэ сюжэтам. Выяўляецца, лынтупскі пан Ксаверы Даўгяла пры канцы ХІХ ст. часта ездзіў у Францыю і быў знаёмы з Мерымэ асабіста. Цалкам імаверна, што Ксаверы мог распавесьці яму паданні сваёй радзімы. І апошні довад: гераіня навелы мае прозвішча Даўгяла.

Радута: капішча Лаймы і жальнік

Хоць самі Лынтупы маюць агромністы, не пашкоджаны войнамі і савецкай атэістчынай сістэмай касцёл, Лынтупшчына — край паганскіх свяцілішчаў. У вёсачцы Радута, дзе вякуе мо найвялікшая ліпа ў Еўропе, ёсць капішча Лаймы, багіні шчасця‑ўдачы, беларускай Фартуны. Непадалёк ляжыць камень‑ахвярнік, расколаты надвое. Кажуць — вынік барацьбы Перуна і Вялеса. Але найхутчэй — хрысціянаў з паганскімі багамі.

Непадалёк — жальнік (старажытныя хрысціянскія могілкі). Курган з надмагіллямі. Урослыя ў зямлю камяні без імёнаў, хіба на дотык адчуваеш ледзь прыкметны крыжык на заімшэлай паверхні. Дбаннем мастакоў тут паўстала разьбяная каплічка‑брама. Атрымаўшы такую азнаку, вяскоўцам псіхалагічна прасцей бараніць жальнік ад заезных людзей, чорных далакопаў. Маючы за спінай падтрымку крыжоў на каплічцы, сказаць: «Няможна».

Агратурызм па‑лынтупску

Ужо вечарам трапляем на «Кавальскую сядзібу Трыбуцішкі» Яна месціцца па дарозе з Лынтупаў у Свір. Гаспадар, каваль Юрась Фурс, паказвае нам хату: два пакоі, санвузел з душам, а таксама прыемныя дадаткі — кузня, дзе пад наглядам каваля можна нешта ды і зрабіць, і вясковая лазня. А побач — буслянка з «дзейным» у летні час буслом, рэчка Лынтупка, лясная пастараль і прочая, і прочая, — усе вабноты вясковага адпачынку. А цяпер, шаноўныя, увага: цэны на адпачынак на сядзібе: 50 (!) даляраў у суткі на 4—5 чалавек.

І лічыце апошнія радкі нічым непрыхаванай рэклямай усяго лынтупскага.

* * *

Лынтупы

мястэчка ў Пастаўскім раёне на самай мяжы з Літвой. Вядомы з 1459, калі віленскі ваявода А.Даўгірдавіч пабудаваў тут драўляны касцёл. Пры Польшчы — цэнтр гміны. Ад 1939 — у складзе БССР. Захавалася гістарычная забудова мястэчка (канец XIX — пач. XX стст.), касцёл Св.Андрэя, старыя каталіцкія могілкі, капліцы, сядзібна‑паркавы комплекс Бішэўскіх (пачатак ХХ ст.).

* * *

Ну, як без Напалеона?

500‑гадовы дуб ля возера Саранчаны, паводле добрай турыстычнай завядзёнкі, называецца напалеонаўскім. 17 ліпеня 1812 г. Напалеон сапраўды з войскам кіраваў па брукаваным тракце з Гайдуцішак. Дапытлівыя гісторыкі выявілі, што імператар меў‑такі гадзінку, каб адпачыць.

У прылежных да Лынтупаў Свірдунах — крыж каліноўцам з надпісам па‑польску: «Тут спачываюць парэшткі асілкаў, якія загінулі за свабоду Айчыны ў 1863 годзе».

* * *

Пачвара

А яшчэ кажуць, што ў глыбінях возера Балдук хаваецца пачвара кшталту лахнэскай. Сведчанні тутэйшых традыцыйна пачынаюцца фразай: «Ат, не веру я ў гэтую чудзішчу». А потым ідуць вельмі дэталёвыя апісанні пачвары. «Ну, плавае тут нехта па возеры, — кажуць мясцовыя рыбары. — Ну, з плямістай спінай. Ну, хвост кутасікам. Дык што з таго?». А стары дзед увогуле з нашых роспытаў пасмяяўся: «…Ёсць, ёсць пачвара! У суботу з’яўляецца. Пасля лазні. Пасля пятай чаркі».

Глядзі таксама:
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Відэа пра балдукскую пачвару:

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру