Беларусь зможа ўзяць удзел толькі ў шматбаковых праектах у рамках новай палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства», бо двухбаковай часткі пакуль не існуе. Аб гэтым еўракамісар па знешняй палітыцы Беніта Ферэра‑Вальднер заявіла на прэс‑канферэнцыі ў Бруселі 23 красавіка.
Запіс прэс‑канферэнцыі знаходзіцца на сайце Еўракамісіі.

Беніта Ферэра‑Вальднер нагадала, што «Беларусь сама выказала жаданне збліжацца з ЕС». «Мы адкрытыя і спадзяёмся на прагрэс , што мы надалей зможам супрацоўнічаць з уладамі Беларусі», — заявіла еўракамісар.

Паводле яе слоў, ЕС узаемадзейнічае з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і СМІ. З афіцыйнымі прадстаўнікамі Еўракамісія пачала кансультацыі ў асобных галінах: транспарт, энергетыка, змяненне клімату.

Еўракамісар зазначыла, што прапанова для Беларусі аб паўнацэнным членстве ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства «застаецца адкрытай, але для гэтага неабходна выканаць пэўныя ўмовы». «Вы ўсе ведаеце аб пяці рэкамендацыях, якія мы зрабілі Беларусі», — указала Беніта Ферэра‑Вальднер.

У кастрычніку 2008 года з 12 рэкамендацый у якасці асновы нармалізацыі адносінаў з Беларуссю ЕС выдзеліў пяць: рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб’яднанняў, стварэнне ўмоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый, свабоды прэсы і зняцце абмежаванняў для свабоды асобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?