Град дыяметрам 22 мм выпаў днём 11 чэрвеня ў Лельчыцах,

паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.

«Такі моцны град бывае рэдка і адносіцца да катэгорыі небяспечных з’яў надвор’я», — зазначыў дзяжурны сіноптык.

Апрача таго, у гэтым раённым цэнтры была зафіксавана найбольшая хуткасць ветру (16 м/с), а па колькасці ападкаў, якія выпалі, Лельчыцы з 19 мм занялі другое месца пасля Барысава (31 мм). Пры гэтым максімальная тэмпература паветра склала плюс 28 градусаў.

Напярэдадні ў Лельчыцах быў устаноўлены тэмпературны рэкорд для 10 чэрвеня — плюс 33,4 градуса.
Гэта ўсяго на 0,1 градуса менш за рэкорд гэтага дня для ўсёй краіны (33,5 градуса ў Мазыры, 1999 год).

Град выпаў 11 чэрвеня і ў некаторых іншых населеных пунктах. У Акцябрскім яго дыяметр склаў 11 мм, у Жлобіне — 10 мм, у Мсціславе — 8 мм.

За мінулыя суткі (з 9.00 10 чэрвеня да 9.00 11 чэрвеня) у Слаўгарадзе выпала 49 мм ападкаў (64% месячнай нормы), у Пінску — 43 мм (58% месячнай нормы).

У Пінску ў выніку граду і ветру быў пашкоджаны дах у 12 і парушана энергазабеспячэнне ў 102 прыватных жылых дамах, пашкоджана 2 км ліній электраперадачы, павалена больш за 100 дрэў, якімі пашкоджаны тры аўтамабілі. Адбылося падтапленне гарадскіх вуліц.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0