Вадзіму Чапялевічу 27 гадоў. Ён родам з вёскі Яромічы, што ў Кобрынскім раёне. Вадзім гуляў у футбол, але праз траўму рана скончыў кар’еру. Апошнія гады жыў у Брэсце — працаваў дзіцячым трэнерам у брэсцкім «Дынама».

Але ў сакавіку Вадзіма адправілі за краты.

«Сёння ўжо 35 сутак, як сын пад вартай, — кажа Лідзія Сцяпанаўна, мама Вадзіма. — Яго затрымалі ў сакавіку. 17 сакавіка пазванілі з міліцыі, запрасілі зайсці ў РАУС на 5 хвілін. Ён пайшоў — і больш не выйшаў.

Ведаю, што гэта за падзеі 10 жніўня. Сына заўважылі на нейкім відэа — ён там трымаў у руцэ камень. Ці кідаў ён той камень у каго, ці што — больш падрабязнасцяў не ведаю».

Лідзія Сцяпанаўна кажа, што ў брэсцкай кватэры яе сына прайшоў ператрус. Забралі вопратку — шорты і майку, — у якой Вадзім быў на тым відэа.

«Нам сустрэцца з ім не даюць. Што зараз рабіць? Калі гэта ўсё скончыцца? Ён не вінаваты, за што гэта ўсё?» — плача мама Вадзіма. 

Лідзія Сцяпанаўна — звычайная настаўніца фізкультуры ў вясковай школе з-пад Кобрына, яе муж, айчым Вадзіма, ездзіць на заробкі ў Расію. Але ж сям’ю падтрымліваюць бацькі дзетак, якіх трэніраваў Вадзім.

«Яны вельмі нам дапамагаюць — і з адвакатам дапамаглі, і маральна падтрымліваюць. Тэлефануюць мне, пішуць лісты сыну. Вадзім жа вёў групу дзетак ужо 6 гадоў, пачаў іх трэніраваць яшчэ з садка. Яго вельмі любяць дзеткі, паважаюць іх бацькі. Цяпер яму пішуць лісты і яго маленькія футбалісты», — кажа Лідзія Сцяпанаўна.

Пакуль па справе ідзе следства, Вадзім застаецца пад вартай. Артыкул, па якім абвінавачваюць сына, Лідзія Сцяпанаўна дакладна не памятае. Але, кажа яна, Вадзіму цяпер пагражае ад 3 да 8 гадоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?