Прадпрымальнік Канстанцін сядзеў на Акрэсціна, ён абураны ежай, кажа, што хацеў бы бачыць таго, хто стварыў рыбную катлету. Паводле яго слоў, гэта незразумелыя адкіды костак, лускі і вантробаў, замяшаныя мукою. «Дзіч і вячэра» — 100 гр варанай груцы на вадзе, без солі. Да гэтага не было нават халоднай гарбаты ці кампоту.

Андрэй — былы міліцыянт — кажа, што ўвосень 2020 года ён сядзеў у ІЧУ і харчаванне не адпавядала нормам, вячэра звычайна была халоднай.

У ЦІП на Акрэсціна, паведамляюць журналісты, ежу прывозяць са сталовай Завода электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт». Для зняволеных распрацоўваецца спецыяльнае меню. На фота са сталовай, якое далі журналістам, — антысанітарыя. Кіраўніцтва сталовай адмовілася каментаваць здымкі.

З 25 сакавіка 2021 года змяніліся нормы харчавання для асуджаных і затрыманых. Асноўнае меню — гэта бульба (500 грам) і хлеб (450 гр). Таксама ў дзённым меню 125 гр капусты, 100 гр крупы, 100 гр мяса, 55 гр рыбы, 25 гр кураціны, 125 мл малака. Мяса і рыбы пасля перагляду нарматываў стала менш.

Кошт харчавання для асуджаных — палова базавай велічыні. Кошт жа дзённага харчавання са сталовай — 3,69 рубля, плюс максімальная саракапрацэнтная надбаўка. Гэта значыць, харчаванне на Акрэсціна каштуе 5,10 рубля. А асуджаны плаціць у тры разы больш — 14,5 рубля ў суткі.

Разам з юрыстам журналісты вывучылі тэндар на харчаванне ў ЦІП на Акрэсціна на 2021 год. Прэтэнзіі — маніпуляцыі з тэндарамі, невыразнае тэхзаданне, нязвыклы выбар пляцоўкі для размяшчэння тэндару — усё гэта наводзіць на думкі, што загадзя меўся прэтэндэнт на перамогу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?