Больш за 90 адсоткаў нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі знаходзіцца за межамі краіны. Сённяшнія беларускія ўлады не вельмі клапоцяцца пра іх вяртанне. Так, была страчана надзея на рэстытуцыю багатай калекцыі слуцкіх паясоў, што раскіданая па розных музеях Расіі. Пра гэта 9 жніўня паведаміў намеснік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц. Паводле яго словаў, перамовы з расійскім бокам цягнуліся ўжо некалькі гадоў, але цяпер мы страцілі амаль усе шансы на вяртанне нашых рэліквій. Расія паставіла ўмовы, што слуцкія паясы, якія былі вывезены падчас Другой сусветнай вайны, будуць вернуты толькі ў абмен на раўназначныя культурныя каштоўнасці. Міністэрства культуры прапанавала расійскім калегам старажытныя іконы, жывапіс, у тым ліку і экспанаты з брэсцкага музея выратаваных культурных каштоўнасцяў (там захоўваюцца рэчы, канфіскаваныя беларускімі мытнікамі пры спробе нелегальнага вывазу). Расія, якую не задаволіла падобная прапанова, назваць нешта іншае адмовілася. Варта адзначыць, што паводле міжнародных стандартаў, рэчы, вывезеныя падчас ваенных дзеянняў, павінны свабодна вяртацца без якога-небудзь абмену.

Гэтая падзея прымусіла ўзгадаць пра іншыя беларускія каштоўнасці, што цяпер раскіданыя па свеце, але найбольш, безумоўна, у нашых бліжэйшых суседзяў. Не так даўно Камісія вяртання Беларускага фонду культуры падрыхтавала да выдання восьмы зборнік з матэрыяламі пра месцазнаходжанне нашых каштоўнасцяў. Старшыня гэтай камісіі прафесар Адам Мальдзіс даволі аптымістычна глядзіць на справу рэстытуцыі нашых рэліквій:

Рыхтуецца нарэшце пераўтварэнне неправамоцнага калектыву, які называецца рабочай групай пры Савеце міністраў, у пастаянную камісію з правамоцтвам. Нарэшце мы стаім перад пачаткам сапраўдных зменаў, таму што, калі будзе створана па прыкладзе Расіі, Украіны ці Польшчы вось такая дзяржаўная структура, міжведамасная, падпарадкаваная Савету міністраў, тады справа зрушыцца з месца.

Раней, адзначае навукоўца, міжведамасная камісія пры Міністэрстве культуры не мела дастатковых паўнамоцтваў. Таму сярод значных яе дасягненняў можна вылучыць хіба толькі атрыманне чарцяжоў дома Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, паводле якіх ён і быў адбудаваны. Шмат чаго, на думку Адама Мальдзіса, было зроблена і Беларускім фондам культуры. Гэта – вяртанне з Расіі экспанатаў, знойдзеных пры раскопках у Наваградку, вяртанне чатырохбаковага слуцкага пояса і шмат чаго іншага. Зрухі ў станоўчы бок будуць мацнейшыя, калі да справы вяртання, актыўней падключацца навукоўцы, мяркуе Адам Мальдзіс.

Адам Мальдзіс: – Я думаю, што зрух будзе, калі будзе створаны побач з грамадскай і дзяржаўнай структурай і навуковая структура, якая будзе даваць страву і дзяржаўнай камісіі, і нарэшце створыць тры каталогі нашых страт: музейных, архіўных і бібліятэчных (тут страты найбольш вялікія).

Калі ўзнікаюць вялікія праблемы з вяртаннем экспанатаў, вывезеных падчас вайны, то як тады быць з тым, што ў свой час даравалі ці вывозілі самі ўладальнікі? Да такіх каштоўнасцяў можна аднесці бібліятэку Румянцава, якую граф сам вывез з Гомеля спачатку ў Пецярбург, а потым у Маскву. Дарэчы, менавіта з яе і пачалася знакамітая маскоўская «Ленінка». Ці Гутан-Чапскі са Станькава, які ў 1894 годзе вывез два вагоны сваіх багатых калекцый у Кракаў. Тут прагнозы Адама Мальдзіса не суцяшальныя:

– На вяртанне гэтых рэчаў мы не можам прэтэндаваць, таму што гэта не ў выніку ваенных дзеянняў, а па добрай волі ўладальнікаў.

Самая вялікая наша страта падчас Вялікай Айчыннай вайны, на думку навукоўцаў, – страта фондаў Магілёўскага музея, дзе знаходзіўся ў тым ліку і Крыж Святой Ефрасінні Полацкай. Хутчэй за ўсё, на думку Мальдзіса, гэты фонд знаходзіцца ў Расіі.

Адам Мальдзіс: – Я на 80 адсоткаў перакананы, што крыж Ефрасінні Полацкай знаходзіцца ў Расіі. Дапускаю, што ён у час вайны мог быць альбо прададзены, альбо аддадзены па ленд-лізу Злучаным штатам Амерыкі. А ў Расіі гэта можа быць нават у прыватных калекцыях. Калі былі скарбы з гэтага музею прывезены ў Маскву, раптам з’явіўся Берыя.

Надзею ўсяляе тое, што нядаўна знайшлося Слуцкае Евангелле, якое таксама было ў фондах Магілёўскага музея. Кнігу падараваў святару адзін з прыхажан перад смерцю. На гэтым, на жаль, ніць абрываецца.

Праблемай для беларускіх навукоўцаў таксама з’яўляецца і адсутнасць міжурадавых пагадненняў з рознымі краінамі. Нешта падобнае ёсць толькі з Польшчай. Таму запаснікі з беларускімі каштоўнасцямі часцяком адмаўляюцца паказваць.

Што датычыцца магчымых абменаў, то Адам Мальдзіс перакананы – у нас ёсць тое, што можа зацікавіць суседзяў. Гэта і запаснікі Мастацкага музея, дзе шмат расійскіх рэліквій, і Брэсцкі музей канфіскаваных каштоўнасцяў і шмат чаго іншага. Але пакуль суседзяў не цікавяць нашы фонды, а беларускія ўлады не прапануюць іх. Застаецца спадзявацца толькі на жэсты добрай волі.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0