Пасля правалу перамоваў аб умовах паставак расійскай нафты ў Беларусь Расія спыніла пастаўкі сыравіны на абодва беларускія НПЗ, — паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на расійскіх пастаўшчыкоў нафты. Беларусь пагражае выхадам з Мытнага саюзу.

Транзіт нафты праз Беларусь у Нямеччыну і Польшчу працягваецца ў ранейшым рэжыме.

Паводле прадстаўнікоў двух расійскіх нафтатрэйдэраў, пастаўкі спыненыя з 1 студзеня,

аднак Наваполацкі і Мазырскі НПЗ маюць запас сыравіны, дастатковы для працягу вытворчасці цягам тыдня.

Дыспетчар прадпрыемства «Гомельтранснафта» не змог ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыі аб прыпыненні паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ, заявіўшы, што ён на гэта не ўпаўнаважаны. З кіраўніцтвам кампаніі звязацца не ўдаецца.

Дзяжурная па канцэрне «Белнафтахім» зазначыла, што нічога не можа сказаць на гэтую тэму. Прэс‑сакратар ураду Беларусі А. Цімашэнка інфармацыяй на гэты конт не валодае.

Паводле агецтва Reuters, беларускі бок у адказ на патрабаванне 100‑працэнтнай аплаты мытаў на нафту пагражае, што ўздыме плату за транзіт расійскай нафты ў Еўропу з 10 да 45 даляраў за тону.

Паводле заявы прадстаўніка беларускага ўраду «Інтэрфаксу», у такіх умовах Беларусь лічыць бессэнсоўным удзел у Мытным саюзе, які пачынае функцыянаваць з 1 студзеня.

«Вывад гандлю нафтай за межы канфігурацыі Мытнага саюза стварае небяспечны прэцэдэнт.

За гэтым можа пайсці жаданне аналагічным спосабам учыніць з газам, электраэнергіяй і іншымі таварамі. Новыя падыходы Расіі да гандлю нафтай з Беларуссю сур’ёзна падрываюць узгодненую канструкцыю Мытнага саюза. У такім саюзе Беларусь ня бачыць для сябе пэрспэктывы»,‑‑ заявіў ананімны беларускі чыноўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?