Так, Купала і Байран, Колас і »Калевала», Быкаў і Хемінгуэй роўныя. Піша Якуб Лапатка.

Апошнім часам усе, хто хоча — ад нудыстаў да канструктывістаў, — як дамовіўшыся, дзяўбуць беларускую літаратуру штомоцы: яна і бяззубая, і дэструктыўная, і правінцыйная.

У чым заключаецца бяззубасць і дэструктыўнасць творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Арлова ды іншых пісьменнікаў і паэтаў? Уцямных тлумачэнняў няма. Таму адкінем разважанні пра бяззубасць і дэструктыўнасць як простае эпатажна‑палітычнае глупства.

Абвінавачванне ў правінцыйнасці — гэта ўжо болей сур’ёзна. На першы погляд. А на другі — ніхто не ведае толкам, што такое правінцыйнасць. Проста гэта довад, каб вынесці прысуд. Але ў справядлівасці прысуду беларускай літаратуры ўзнікаюць пытанні.

Чаму «Шыльёнскі вязень» англійскага Байрана — гэта ўзнёсла, рамантычна і, скажам так, агульначавеча,

а «Курган» нашага Купалы — гэта правінцыйна і ў агульначалавечую скарбонку не падыходзіць?

І чым шэкспіраўскі каўбой Атэла лепшы за купалаўскага Машэку з «Магілы льва»? (Чаму каўбой? Каўбоі з амерыканскіх вестэрнаў спачатку стралялі, а потым разбіраліся. У той жа манеры дзейнічае і «высакародны мурын»: задушыў ні ў чым не вінаватую жонку, а потым пачаў разбірацца. Машэка ж вар’яваўся, дакладна ведаючы, што каханая памяняла яго, беднага плытагона, на багатага баярына.)

А звада Мантэкаў з Капулеці — узор міжсямейных адносін? А карлікавая Верона (у тыя часы нешта роўнавялікае сучасным Расонам ці Бялынічам) — цэнтр сусветнай культуры і высокай маралі? Герцаг веронскі ацаніў маральнасць «высакародных» бацькоў: «Чума на вашыя дамы абодва!»

Цяжкая артылерыя: у беларусаў няма народнага эпасу, які мог бы ўзняць іх літаратуру на агульначалавечыя вышыні! Што праўда, то праўда. Няма ў беларусаў смертазабойнага эпасу з бязлітаснымі, нялюдска станоўчымі пратаганістамі. Менавіта пратаганістамі, бо назваць іх «героямі» не паварочваецца язык. Страшэнна далёкія яны ад нашага народа. Нам бліжэйшая фінская «Калевала» з яе ляснымі вясковымі героямі. Там мы сустрэнем усё, што добра вядома і блізка: і мудрага старога Вяйнямёйнена, і помслівага паўшабэлка Ёўкахайнена, і нахабнага балбатуна Лемінкяйнена, і вясковага каваля‑майстра на ўсе рукі Ілмарынена.

І ніводнага з герояў «Калевалы» нельга залічыць у рыцары без страху і заганы, не. Гэта звычайныя і зразумелыя людзі. Стары Вяйнямёнен распускае хвост перад кожнай дзеўкай і не заўсёды робіць мудрыя ўчынкі, што выклікае нават, пратакольна кажучы, чалавечыя ахвяры. Лемінкяйнен заўжды гатовы распачаць бойку на гулянцы, куды яго зусім не запрашалі, і нарываецца: яго забіваюць. І толькі матчына любоў вяртае задзіраку з царства мёртвых. А жонка каваля Ілмарынена — проста ўзор вясковай злашкоднай кабеты, гатовай напаскудзіць чалавеку проста так, па дурасці натуры.

Я люблю гэтых герояў таму, што яны жывыя, блізкія і зразумелыя мне ў сваіх дзеях і ўчынках. Яшчэ на подступах да грунтоўнага перакладу «Калевалы» я адчуваў нейкае дзіўнае пачуццё дэжа вю. Дзе я гэта чуў? І толькі перачытваючы «Новую зямлю» Якуба Коласа, скеміў: во яно! Вясковае жыццё, вясковыя людзі, святы і абрады, маленькія людскія радасці — усё гэта было так падобна, так блізка да «Калевалы»!

Якуб Лапатка нар. у 1944 у вёсцы Аўсюкова (Расонскі раён). Скончыў іспанскі факультэт Мінскага інстытута замежных моваў. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам у Наваполацку. Цяпер жыве ў Хельсінкі (Фінляндыя). Займаецца перакладам фінскай літаратуры на беларускую мову. Аўтар поўнага перакладу фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала»

Фіны шануюць сваіх сівалапых герояў, сваю народную паэму. У календары нават ёсць адмысловы Дзень Калевалы, 28 лютага. Па ўсёй Фінляндыі ўздымаюцца дзяржаўныя сцягі ў дварах, над пад’ездамі дамоў, над установамі.

Нашу «Новую зямлю» расцягалі на прымаўкі, кожны ведае чароўныя словы «Мой родны кут, як ты мне мілы!», але паставіць яе ў адзін шэраг з «Калевалай» ці кіргізскім «Манасам» ніводзін літаратуразнаўца не адважыўся. А яна ні па вобразнасці, ні па мастацкіх сродках не саступае найлепшым узорам любой літаратуры. Гэта жывая беларуская мова, інтанацыі якой зараз не пачуеш ні па беларускім дзяржаўным радыё, ні па «варожых галасах».

На Беларусі святкуюцца шматлікія Дні: ад Дня банкаўскіх працаўнікоў да Дня каваля, а вось дня для сапраўды НАРОДНАЙ паэмы ў календары не знайшлося. А усё таму, што ёй, як і іншым творам, «шыюць» правінцыйнасць.

Усе без выключэння фіны абавязкова ведаюць гімн «Наш край», народную эпічную паэму «Калевала» і раман Вяйнё Ліны «Невядомы салдат». І ніводнаму фіну вы не зможаце давесці, што Хемінгуэй ці Рэмарк пісалі пра вайну лепей, чым іх Вяйнё Ліна, хай сабе і не сусветна вядомы. Ніхто не будзе спрачацца, што Пушкін, Гётэ ці Байран — вялікія паэты. Яны сабе хай будуць. А для іх Эйна Лейна, Міка Валтары з Юхані Ахам не меней вялікія. І някіх комплексаў. Ніякага адмаўлення каштоўнасці сваёй літаратуры для свайго народа.

У нас: Быкаў і Хэмінгуэй роўня? Кіньце! Куды яму! А чаму, уласна кажучы? Умяне ёсць толькі адзін адказ: безнадзейная правінцыйнасць у галовах «знаўцаў», а не ў літаратуры. Нам столькі год даводзілі, што беларусы — нацыя вясковая, несамадастатковая, правінцыйная. Гэтая лухта і прыжылася ў галовах людзей, як хваробная бацыла, разбураючы нацыянальную свядомасць і годнасць. Прыжылася настолькі, што чужаземныя «цветики степные» пустазельна, як нейкія пачварныя «кветкі зла», узбуялі так, што забіваюць беларускі «цвяток радзімы васілька».

* * *

Якуб Лапатка — перакладчык на беларускую мову, жыве ў Хельсінкі (Фінляндыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?