Памідорскі: Гэта я вас паклікаў, дарагі Сцяпашка… Мне тут паведамілі даволі дзіўную вестку… Нават не ведаю, як і сказаць. Ну… быццам бы вы… абвясцілі вайну… Расіі…
Сцяпашка (дастаўшы гадзіннік): Пакуль яшчэ не. Вайна пачнецца ў чатыры гадзіны, калі Расія не выканае ўмоваў ультыматуму.
Хамяк: Ультыматуму?
Сцяпашка: Так! Тыдзень таму я ім выслаў ультыматум!
Хамяк (нервова): Каму «ім»? Выказвайцеся больш зразумела!
Сцяпашка: Прэзідэнту, прэм’ер‑міністру і парламенту. Я запатрабаваў скасаваць гэтыя недарэчныя мыты на піва. Тэрмін ультыматуму заканчваецца сёння ў шаснаццаць нуль‑нуль. Калі мае ўмовы не будуць прынятыя, я пачну вайну!
Пан Піза: Цікава, як гэта будзе выглядаць? Вы будзеце паліць па іх адсюль са стрэльбы ці пойдзеце ўрукапашную?
Сцяпашка: Метады вядзення кампаніі — ваенная тайна! Я не магу яе выдаваць, тым больш у прысутнасці цывільных!
Памідорскі (рашуча): Так!.. Спадар міністр, я думаю, няма сэнсу працягваць гэтую бясплодную размову. Выслаўшы ультыматум, вы тым самым перайшлі ўсялякія межы! (Крычыць) Вайна — гэта не покер! Яе нельга абвяшчаць калі захочацца! Вы арыштаваны, спадар міністр!.. Палкоўнік Шэльма, прыміце ў спадара міністра партфель!
Шэльма (нерашуча): Калі ён аддасць…
Сцяпашка. Спадар Памідорскі, не рабіце глупстваў. Я ведаю, вы годны чалавек, у душы вы таксама супраць мытаў…
Памідорскі: Гэта нікога не датычыць!
Сцяпашка: Мая вайна таксама датычыць толькі Расіі і мяне.
Памідорскі: Сцяпашка! Як старэйшы па званні загадваю здаць партфель!
Забягае міністр замежных справаў Мартышкін.
Мартышкін. Спадар Сцяпашка, вы прасілі вячэрнюю газету!
Сцяпашка: Ану? (Бярэ газету, праглядае, моўчкі працягвае Памідорскаму).
(Памідорскі глядзіць у газету)
Памідорскі (спалоханым голасам). Расія скасавала мыты.
Сцяпашка (зірнуўшы на гадзіннік). Без дзесяці чатыры!.. Паспелі!.. Іх шчасце! (Да ўсіх) Дазвольце адкланяцца!