Урад Беларусі вядзе перамовы з расейскімі кампаніямі «Раснафта» і «Лукойл» аб магчымасці продажу ім пакета акцыяў ААТ «Нафтан» у абмен на стратэгічныя інвестыцыі.

«Я не хаваю, што мы вядзем перамовы з „Раснафтай“ і „Лукойлам“, абмяркоўваецца прыход іх на „Нафтан“ як стратэгічных інвестараў», — заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка
на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Сямашка падкрэсліў, што

стратэгічны інвестар пры прыходзе ў Беларусь павінен гарантаваць не толькі ўкладанне капіталу, але і мець рынкі збыту будучай прадукцыі, выконваць сацыяльныя абавязальніцтвы і быць гатовым паставіць на прадпрыемства сучасныя тэхналогіі.
«Але пакуль такога інвестара не знаходзіцца, і мы вымушаныя самастойна несці цяжар па мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Чыноўнік паведаміў, што беларускія НПЗ штогод укладаюць у мадэрнізацыю $ 150–200 млн, і да 2013 года глыбіня перапрацоўкі нафты складзе 92–93% супраць 70–72% у цяперашні час.

Першы віцэ-прэм’ер таксама дадаў, што нядаўна правёў перамовы з «адной з буйных замежных кампаніяў», якая гатовая прыйсці на Менскі аўтамабільны завод у якасці стратэгічнага інвестара.

Урад Беларусі таксама гатовы разгледзець прапанову расейскага боку аб магчымасці продажу ААТ «Газпрам» кантрольнага пакета акцыяў «Белтрансгазу», паведаміў Уладзімір Сямашка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?