Прэзідэнт ЗША падпісаў закон, які абавязвае Дзярждэпартамент сачыць за становішчам свабоды прэсы ва ўсіх краінах свету.

Закон аб свабодзе прэсы, таксама названы законам імя Дэніэла Пэрла ў гонар амерыканскага журналіста, выкрадзенага і забітага тэрарыстамі ў Пакістане 1 лютага 2002, таксама павінен прыцягнуць асаблівую ўвагу ЗША да тых урадаў, якія абмяжоўваюць свабоду прэсы.

Па словах Абамы, закон аб свабодзе прэсы імя Дэніэла Пэрла «пасылае ясны сігнал ад ураду ЗША і Дзярждэпартамэнта аб тым, што Амерыка сочыць, як ўрады іншых краін паводзяцца ў дачыненні да прэсы».

Паводле новага закону, Дзярждэпартамент абавязаны ацэньваць стан свабоды прэсы ва ўсіх краінах свету і звяртаць асаблівую ўвагу да тых урадаў, якія патураюць уціску прэсы.

«Без такой ўвагі краіны і ўрады часта лічаць, што могуць беспакарана дзейнічаць супраць СМІ. Мы хочам даць ім сігнал, што гэта не так», — сказаў Абама.

У нядаўнім паведамленні з нагоды Сусветнага дня свабоды друку Барак Абама адзначыў, што мінулы год быў цяжкім з пункту гледжання свабоды прэсы ва ўсім свеце.

Хаця людзі атрымалі больш шырокі, чым калі-небудзь у гісторыі, доступ да інфармацыі праз інтэрнэт і мабільныя тэлефоны, урады такіх краін, як Беларусь, Паўночная Карэя, Эфіопія, Іран і Венесуэла, абмяжоўвалі свабоду самавыяўлення, пазбаўляючы людзей паўнавартаснага доступу да выкарыстання гэтых тэхналогій. «У Іране пасля задушэння пратэстаў, што адбыліся ў выніку апошніх выбараў, — адзначыў Абама, — за краты села больш журналістаў, чым у любой іншай краіне.

Урады Беларусі, Бірмы, Венесуэлы, Кітая, Кубы, Паўночнай Карэі, Туніса, Узбекістана і Эрытрэі пазбаўлялі свабоды журналістаў, якія пісалі крытычныя артыкулы пра кіраўнікоў і іх палітыку».

Злучаныя Штаты падзякавалі тым, хто выконвае гэтыя жыццёва важныя задачы, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і пагрозы. Так павінныя рабіць усе краіны. Артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека гарантуе права на свабоду выказванняў, у тым ліку права на свабодную прэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?