Гісторыя3838

Консул БНР у Маскве

Тут друкуецца раней невядомая прамова, якую яшчэ адзін рэвалюцыянер і змагар за Беларусь, Язэп Лёсік, сказаў над свежавыкапанаю магілаю Бурбіса ў 1922-м.

20 кастрычніка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра (Алеся) Бурбіса. Анатоль Сідарэвіч публікуе невядомую прамову Язэпа Лёсіка на пахаванні гэтага выдатнага дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху і беларускае культуры.

Тут друкуецца не нарыс жыцця і творчасці гэтага таленавітага чалавека, сузаснавальніка Беларускае Сацыялістычнае Грамады, арганізатара рэвалюцыйнага змагання ў 1905–1906, вязня Лукішак, арганізатара беларускага хору і беларускае драматычнае дружыны ў Вільні, заснавальніка эканамічнае геаграфіі Беларусі, аднаго з першых гісторыкаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і беларускага тэатру (яго ўспаміны «Колькі слоў аб беларускім тэатры і хоры» друкуюцца сёлета ў пятай кніжцы «Дзеяслова»), консула БНР у Маскве, намесніка народнага камісара замежных справаў БССР. Кожны, хто хоча даведацца пра Аляксандра Бурбіса болей, можа разгарнуць другі том Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і прачытаць грунтоўны артыкул Міхася Біча.

Тут друкуецца прамова, якую яшчэ адзін рэвалюцыянер і змагар за Беларусь, Язэп Лёсік, сказаў над свежавыкапанаю магілаю Аляксандра Бурбіса 22 сакавіка 1922 года на Старажоўскіх могілках у Менску.

Алесь Бурбіс быў з плеяды тых патрыётаў Беларусі, якіх назвалі нацыянал-камуністамі (Зміцер Жылуновіч, Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандр Чарвякоў і дзясяткі іншых дзеячоў). У адрозненне ад бальшавікоў, беларускім нацыянал-камуністам, як і сацыял-дэмакратам, імпанавала тое, што пісаў «позні» Энгельс, а менавіта — што без нацыянальнага вызвалення не можа быць вызвалення сацыяльнага, што інтэрнацыяналізм, пра які так шмат казалі маскоўскія бальшавікі, магчымы толькі паміж самастойнымі, г. зн. раўнапраўнымі народамі.
Язэп Лёсік акцэнтаваў увагу на гэтым.

На маю думку, жалобная прамова Язэпа Лёсіка з’яўляецца выдатным творам беларускай аратарскай прозы. 24 сакавіка 1922 года яе надрукавала «Савецкая Беларусь».

Выклікаючы ў памяці слухачоў вобраз прарока Майсея, нагадваючы гісторыю Выхаду народу Ізраілевага з Егіпту, Язэп Лёсік звяртаецца да ўжо нежывога Аляксандра Бурбіса і кажа: «Спі ж спакойна, беларускі прароча! Ты не дайшоў яшчэ да Абяцанае Зямлі, ня дойдзе яшчэ і шмат хто з нас, бо ўсе мы ў няволі радзіліся і мусім памерці, як тое жыдоўства, што вадзіў Майсей па пустыні».

Гэта было няйначай як прадбачанне і лёсу таварышаў, якія складуць свае галовы ў 1930-х гадох, і свайго асабістага лёсу.

Анатоль Сідарэвіч

Язэп Лёсік. Над магілай Алеся Бурбіса

Таварышы і грамадзяне! Я прыйшоў сюды, каб ад імя Інстытута беларускай культуры прынесці апошняе ўшанаванне і перадаць апошняе прашчай найлепшаму сыну Беларусі, добраму грамадзяніну і дарагому нашаму таварышу Аляксандру Бурбісу. Як чорная хмара, звісла над Беларуссю пахавальная жалоба. Адзін за другім зыходзяць у магілы найлепшыя людзі нашай многапакутнай старонкі, нашы нацыянальныя прарокі.

Рэвалюцыя, вялікая расейская рэвалюцыя, што разбіла страшны расейскі астрог народаў ды насцеж расчыніла дзверы на волю, на шырокія прасторы нацыянальнага і сацыяльнага перабудавання, — гэтая рэвалюцыя разам з радасцю вызвалення прынесла нам, беларусінам, найцяжэйшы ўдар. Ніводзін народ на тэрыторыі быўшай Расейскай імперыі не дазнаў такіх цяжкіх страт у людзях — правадырах, як нашая старонка Белая Русь. У самым пачатку рэвалюцыі зышоў у сырую зямельку наш слаўны паэта, пясняр хараства, вялікі замілавальнік свае няшчаснае Айчыны Максім Багдановіч. Памёр ад сухот, 23-летнім юнаком [М. Багдановіч жыў 25 гадоў — АС] з мальбою ў вуснах: «Маці родная, маці краіна! Ты прабач, ты прымі свайго сына, за цябе яму ўмерці дазволь!»

Роўна цераз год пайшоў за ім у халодную магілу таксама ад сухот другі наш паэта, беларускі лірнік Каганец. А яшчэ цераз год за імі ўслед пайшоў у маладым 37-летнім веку [І. Луцкевіч пражыў 38 гадоў. — АС] рэвалюцыянер, піянер беларускага адраджэння, публіцыст і вучоны Іван Луцкевіч, памёршы гэтаксама ад сухот. А пазалетась увосень дзесь у далёкай Галіцыі пахавалі яшчэ аднаго нашага рэвалюцыянера і слаўнага паэта, перажыўшага ў Сібіры вечнае пасяленне да рэвалюцыі, Алеся Гаруна. У Галіцыі ён лячыўся ад сухот і памёр, пайшоў, як свечка, да неба і панёс з сабою свае «думкі-дыяменты» [Непасрэднаю прычынаю смерці А. Гаруна (28.07.1920) была крываўка. Пахаваны ён у Кракаве. — АС]. А вось сёлета, яшчэ на прошлым тыдні, загранічныя газеты прынеслі новую жалобную вестку — аб смерці найстарэйшага адраджэнца і пісьменніка Ядвігіна Ш., Антона Лявіцкага, і гэтаксама ад сухот. А сёння мы сышліся сюды, каб пахаваць у сырую зямельку новую ахвяру сухот — рэвалюцыянера і слаўнага беларуса-адраджэнца Аляксандра Бурбіса.

Як чорная хмара, звісла над Беларуссю пахавальная жалоба.

Што ж гэта за фатальная доля такая, што ўсіх іх скасіла смерць сухотамі? Дзе прычына таго, што беларускі паэт і пісьменнік, беларускі вучоны, беларускі грамадзянскі дзеяч, беларускі рэвалюцыянер умірае ад сухот — ад хворасці, што развіваецца толькі ў падвойна цяжкіх, у падвойна ненармальных умовах жыцця?

А прычына тут тая, што яны былі ня толькі паэтамі і пісьменнікамі, ня толькі вучонымі грамадзянскімі дзеячамі, ня толькі рэвалюцыянерамі-сацыялістамі і камуністамі, а былі яны яшчэ і беларусінамі. Яны неслі на плячох сваіх падвойны цяжар, падвойны крыж, і гэтым другім крыжам на рамю іх была беларуская справа, нацыянальнае адраджэнне. У дарэвалюцыйныя часы, у часы царызму быць беларусам — гэта значыла наразіць сябе на ўсе няшчасьці свету гэтага. Арыштам, астрогам, кайданамі, Сібір’ю і катаргай караў беларуса царызм, а пасмешкі, здзек, зневажэнне і гвалт сустракаў беларусін з боку ўсяго грамадзянства, пачынаючы ад пана-буржуя і канчаючы хамам-пралетарам.

Беларусін у дарэвалюцыйныя часы — гэта шаленец, вар’ят, камедыянт, апошні чалавек, з каторым ганьбавалі вітацца знаёмыя, а свае родныя выракаліся і пракліналі як адшчапенца і вырадка. Гэтага цяжару, гэтай пякельнай мукі ня мог вытрымаць ніякі, нават зялезны чалавечы арганізм.
А цяпер? Хіба не абліваецца крывёю сэрца беларусіна, пазіраючы на тое, як яго маці-краіна разрэзана на часці, як жывое чалавечае цела? Хіба гэта не пякельная мука, хіба гэта не агонь, з полымем каторага ня можа супярэчыць ніякае чалавечае жыццё?..

Вось гэтага падвойнага цяжару, гэтай мукі ня мог вытрываць і нябожчык А. Бурбіс, — захварэў ён на сухоты ды памёр. Ня выдзержалі сілы яго таго непамернага цяжару, каторы ўзлажыў ён на рамя сваё і нёс аж да смерці з самага пачатку 1900-х год. Нябожчык выйшаў на нацыянальна-рэвалюцыйную працу даўно, яшчэ маладзенькім хлапчуком, працаваў 22 гады і сапачываў хіба толькі тагды, калі царскі ўрад садзіў яго ў вастрог. Нябожчык быў першым свядомым беларусінам-сацыялістам; ён першы выступаў на мітынгах, на сходах з рэвалюцыйнымі прамовамі па-беларуску. У тыя дарэвалюцыйныя часы публічнае выступленне па-беларуску было так неспадзявана, як гром у ясную пагоду. А што важней за ўсё, дык гэта тое, што нябожчык быў у першым ліку тых, хто ў 1902 г. прагаласіў лозунг незалежнасці Беларусі, хто без дзяржаўнай незалежнасці ня бачыў сацыяльнага вызвалення працоўных мас. Нябожчык Бурбіс быў першым закладчыкам першай рэвалюцыйна-нацыянальнай беларускай партыі «Бел. Сац. Грамады».

Апошнім часам ён стаў камуністам, але ні на момант не забываў, што не «адзіным хлебам жыў бывае чалавек», што ў царства сацыялізму ўвойдуць не пралетары краёў, а пралетары народаў, што сацыялістычны інтэрнацыянал гэта не сума людзей без нацыянальнага твару, а грамада нацыянальна свядомых народаў. Коратка кажучы, нябожчык разумеў, што

без нацыянальнага вызвалення не можа быць і сацыяльнага вызвалення.
А нацыянальнае вызваленне ён мысліў як поўную непадзельную дзяржаўную незалежнасць для свайго беларускага народу. Але не дажыў да гэтага шчасця. Ён пакінуў свой народ, сваю Маці-Беларусь яшчэ ў муках вызвалення, падзеленую на часці. Адну ён меў нагароду за сваю цяжкую працу беларусіна-рэвалюцыянера. Перад смерцю ён ужо мог узайсці на тую высокую гору, адкуль, як і Майсей, азіраў Абяцаную Зямлю Беларускага Народу. Ён ужо бачыў тыя шырокія светлыя прасторы, пад якімі запануе многапакутны беларускі народ, дзе ён будзе гэтаксама працаваць, жыць і бароцца за новае і яшчэ лепшае жыццё, але барацьба яго асалодзіцца невымоўнаю радасцю свае ўласнай нацыянальнай творчасці, каторай не адчуваюць і не разумеюць усе нацыянальна сытыя народы [Нацыянальна сытыя (насычаныя) народы — тэрмін, які сустракаецца ў працы Ота Баўэра «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя». — АС].

Спі ж спакойна, беларускі прароча! Ты не дайшоў яшчэ да Абяцанае Зямлі, не дойдзе яшчэ і шмат хто з нас, бо ўсе мы ў няволі радзіліся і мусім памерці, як тое жыдоўства, што вадзіў Майсей па пустыні.

Спачывай, найлепшы сыне Беларусі! Імя тваё не забудзецца ніколі! Чырвонымі, агнёвымі літарамі будзе ўпісана яно ў гісторыі нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага руху Беларусі!

Тут, у роднай зямельцы, у жоўтым пясочку, тут, быць можа, у брудзе знойдуць твае слабыя грудзі сабе пакой! А ты, родная зямелька… Не будзеш цяжкая ты сыну свайму, зямля!

Каментары38

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян2

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы стварылі тканіну, якая адаптуецца да надвор'я і тэмпературы чалавека 

На Захадзе распрацавалі дэтэктар, які выяўляе любыя ядзерныя аб'екты на адлегласці да 442 кіламетраў

Раніцай з Беларусі ва Украіну заляцеў незразумелы аб'ект

У Расіі мабілізаваны пяць разоў збягаў з вайсковай часткі — хаваўся ў дзяўчыны, у мамы і ў вёсцы ў гурках6

Затрымалі ксяндза Юрыя Бараўнёва з Крулеўшчыны5

На Камароўцы паўсюль прадаюць грыбы. Цэны на баравікі шакуюць5

Суд у ЗША разглядае справу аб бабрысе, якая не хоча жыць у дзікай прыродзе1

Абвешчаныя нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы1

У Мінску банкрутуе фірма, якая развівала сетку бургерных ад Цімаці4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян2

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Галоўнае
Усе навіны →