На думку Алены Танкачовай, пасля выкрадання Някляева доктар Сірэнка змяніў дыягназ на лягчэйшы.

Віктар Сірэнка.

«Так выйшла, што ў ноч з 19 на 20 снежня я апынулася ў Бальніцы хуткай дапамогі двойчы, — піша ў сваім блогу праваабаронца, кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова. — Прыкладна ў 0.10 я вырашыла патэлефанаваць Вользе Някляевай і спытаць аб стане здароўя Уладзіміра Някляева. Вольга сказала, што яны ў Бальніцы хуткай дапамогі, апісала сітуацыю і я вырашала, што зайду яе падтрымаць перад тым, як ісці дадому і пабачу, ці трэба купіць лекаў, прывезці неабходныя рэчы. Мой дом зусім побач з гэтай бальніцай.

Я паціснула Някляеву руку, перапрасіла двух дактароў, якія былі ў палаце. Прапанавала Вользе пайсці да мяне начаваць. Вольга сказала, што не сыдзе з бальніцы і што дактары рэкамендуюць заставацца для дадатковых даследаванняў.

Спытала лекараў, што трэба з медыкаментаў. Яны адказалі — усё ёсць! І дадалі: калі ёсць магчымасць іх пакарміць — будзе добра.

Я ламануліся дадому гатаваць ежу.

Хвілін праз 15 ператэлефанавала Вольга, сказала, што ў палату ўварваліся людзі, Някляева павезлі, а яна цяпер у галоўурача і папрасіла прыйсці.

Я ламанулася назад у бальніцу.

Калі я прыбегла, галоўны ўрач, ён выпісваў ёй даведку аб стане Някляева.

Яны выйшлі. Вольга сказала, што выклікала міліцыю і мы павінны яе чакаць. Вядома, чакаць! Але нарад не ехаў. Галоўны лекар вынес Вользе даведку (выпіску), і я папрасіла яго выклікаць міліцыю.

Я папрасіла галоўнага лекара бальніцы (службовая асоба) выклікаць нарад міліцыі, каб зафіксаваць факт «гвалтоўнага вывазу» Някляева з рэанімацыйнага аддзялення бальніцы. Сірэнка Віктар Іванавіч (галоўны ўрач), гледзячы мне ў вочы, сказаў: «Давайце заўтра гэта абмяркуем».

У гэты час Вольга прачытала выпіску і не выявіла там ўказання на чэрапна-мазгавую траўму, з якой Някляева шпіталізавалі. Я прапанавала Вользе прасіць зняць копіі з матэрыялаў, па якіх Някляева шпіталізавалі. Яна пайшла — ёй адмовілі.

Пасля нам патэлефанавалі калегі і сказалі, што афіцыйна даведка бальніцы ўжо дае інфармацыю аб тым, што Някляеў у 0.40 выпісаны з лякарні і сышоў сваімі нагамі. І я ўспомніла прыгожага галоўурача — высокі, сярэдніх гадоў, імпазантны, спакойныя вочы… У рэанімацыйнае аддзяленне ўрываецца брыгада «ў штацкім“ і па падлозе, загарнуўшы ў коўдру, выцягвае хворага з чэрапна-мазгавой траўмай. Хворага, якому галоўны лекар настойліва раіў застацца ў шпіталі і правесці дадатковае абследаванне праз 12 гадзін.

Вольга Някляева спакойна і цвёрда апісала ўсё супрацоўнікам Кастрычніцкага РУУС, якія прыбылі ў бальніцу пасля 4-га тэлефанаванн: «Увесь час у палаце знаходзілася медыцынская сястра, пастаянна заходзіў галоўны урач. Прыкладна ў 0.20 медсястра сказала, што Някляеву трэба адпачыць, выключыла святло і выйшла. За пару хвілін да таго ў палату ўваходзіла іншая супрацоўніца бальніцы і яны ціха пагаварылі. Праз некалькі хвілін пасля таго, як медперсанал выйшаў, у цёмную палату ўварваліся прыкладна 7 чалавек у штацкім».

Вольгу Някляеву адціснулі да сцяны, яна стала крычаць і зваць на дапамогу. Някляева сцягнулі з ложка, загарнулі ў коўдру, у чым ён быў у рэанімацыйнай палаце, і па падлозе павалаклі. Вольгу замкнулі ў палаце. Яны паклікалі міліцыянта ў форме, які ў шпіталі парадак ахоўвае і загадалі яму падзяжурыць каля дзвярэй і, пасля таго, «як жанчына супакоіцца, выпусціць яе». Міліцыянт «заступіў на пасаду», дачакаўся, пакуль людзі ў цывільным з’едуць і адамкнуў палату.

Уранку па бел. тэлевізары паказвалі Сірэнку Віктара Іванавіча, які з лёгкай усмешкай казаў, што зусім лёгкія траўмы былі ў Някляева».

Як сведчаць крыніцы «Нашай Нівы» ў Бальніцы хуткай дапамогі, Някляеву сапраўды было праведзенае дасканальнае абследаванне, у тым ліку тамаграфія. Пагрозы жыццю не было выяўлена.

Аднак з апавядання Алены Танкачовай вынікае, што доктар Сірэнка, як найменш, парушыў нормы медыцынскай этыкі і ніяк не перашкаджаў вывазу хворага з бальніцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру