Мінюст ужыў санкцыі да некаторых адвакатаў за дзеянні, звязаныя з падзеямі 19 сьнежня ў Менску. Адвакатцы Валянціне Бусько анулявалі ліцэнзію. Адваката Саннікава Паўла Сапелку прыцягваюць да дысцыплінарнай адказнасці.
Як паведамляе афіцыйны сайт міністэрства, 4 студзеня калегія Мінюста падтрымала рашэнне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі за 3 студзеня аб ануляванні ліцэнзіі адвакату Гарадзенскай абласной калегіі Валянціне Бусько. Прычына анулявання ліцэнзіі — «парушэнне дзейнага заканадаўства, якое выявілася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня 2010 года, які прывёў да масавых беспарадкаў з нанясеннем шкоды дзяржаўным установам». За ўдзел у акцыі Бусько была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.
Акрамя таго, калегія Мінюста разгледзела дзейнасць асобных адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі ў акцыі 19–20 снежня ў Менску.
У прыватнасці, паводле інфармацыі міністэрства, выяўлена, што адвакат
«дапусціў некарэктныя выказванні на адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытута», паставіў пад сумнеў абгрунтаванасць дзеянняў Міністэрства юстыцыі як дзяржаўнага ліцэнзуючага органа, заявіўшы, што гэта «прэсінг з боку дзяржавы на дзейнасць дзяржаўных адвакатаў».
У сувязі з гэтым Мінюст накіраваў на адрас Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прадстаўленне аб прыцягненні Сапелкі да дысцыплінарнай адказнасці. Прапануецца таксама разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці яго знаходжання ў складзе прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
Паведамляецца таксама, што калегія разгледзела публікацыі, размешчаныя ў друкаваных і электронных СМІ са спасылкай на адвакатаў. Устаноўлена, што адвакаты Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ірына Бурак (адвакат лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі) і Мар’яна Сямешка (адвакат журналісткі Натальлі Радзінай) з прадстаўнікамі СМІ не размаўлялі і інтэрв'ю не давалі. Па дадзеным факце яны маюць намер накіраваць у СМІ абвяржэнне інфармацыі, размешчанай ад іх імя.
Мінюст накіраваў ліст у Міністэрства інфармацыі «для дачы ацэнкі дзеянням журналістаў і СМІ, якія дапусцілі прадузятую інфармацыю аб дзейнасці праваахоўных органаў ад імя адвакатаў».
«Іншыя адвакаты папярэджаныя пра больш карэктныя выказванні ў СМІ, якія б не давалі падставаў да скажэння рэальных фактаў і атрыманай інфармацыі»,— паведамляе сайт Мінюста.





