Месяц скончыўся для рэдакцыі «НН» на колах – 30 лістапада чарговыя сустрэчы з чытачамі прайшлі ў Бялынічах ды Магілёве. Гэта была ня толькі імпрэза, прысьвечаная стагодзьдзю газэты - у Магілёве ўручылі штогадовую прэмію часопісу «ARCHE» – «За сумленнае слова». Яе сёлетні ляўрэат, гарадзенскі крытык Даніла Жукоўскі, дабіраўся да Магілёву праз усю Беларусь.

Сустрэча ў Бялынічах была камэрнай, праходзіла ў прыватным доме. Сьціслая гутарка (час падціскаў – трэба было сьпяшацца ў Магілёў), няяркае сьвятло, гарбата, печыва. Наведнікаў цікавіла, чаго вартая ідэя удзельнічаць у мясцовых выбарах, а таксама чаго чакаць ад новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Людзі запытваліся, чакаючы яснага адказу на гэтыя заблытаныя пытаньні. У іх вачах быў спадзеў на газэту, як на апошняга дарадцу, які дапаможа разабрацца ў заблытанай апазыцыйнай палітыцы.

Нягледзячы на ладнае спазьненьне праз паломку аўтамабіля, грамада ў Магілёве цярпліва дачакалася прыезду гасьцёў. Заля была паўнюткая – на сустрэчу прыйшло больш за 80 чалавек. Найбольш – маладыя твары.

Пасьля афіцыйнай часткі ды сьпяваньня нашаніўскага гімну «Не загаснуць зоркі ў небе» ў келіхі палілося шампанскае. Андрэя Дынька абкружылі хлопцы, пытаючыся пра палітыку ды будучыню газэты, Андрэй Хадановіч узяў на сябе націск дзяўчатаў, якія раіліся з паэтам пра слушнасьць выкарыстаньня трасянкі ў лірыцы.

Хоць насамрэч толькі два чалавекі са сталага рэдакцыйнага калектыву (Андрэй Дынько ды Алесь Кудрыцкі) выбраліся ў вандроўку, віртуальна на сустрэчы з чытачамі прысутнічала амаль уся рэдакцыя: у Бялынічах ды Магілёве прайшла прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Наша Ніва і нашаніўцы».

Гэтыя дзьве сустрэчы з чытачамі ў былі дужа рознымі па форме, але падобнымі па атмасфэры. Не пашанцавала хіба што журналістам, якія пачалі актыўна тэлефанаваць, спрабуючы атрымаць камэнтар у новага ляўрэата прэміі «ARCHE», які ўсяляк унікаў разгорнутых камэнтароў ды выражэньня сваіх эмоцыяў. Такі ён, Даніла Жукоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?