Актывіст Сяржук Бахун двойчы праходзіў працэдуру дактыласкапіі. Цяпер яго выклікаюць ізноў.

«У мяне двойчы бралі адбіткі пальцаў цяпер выклікаюць трэці раз. Пытанне: а дзе вынікі дзвюх першых дактыласкапічных рэгістрацый? Можа іх згубілі?» — кажа актывіст Сяржук Бахун. Калі ён жыў у Брэсце, яго машыну абрабавалі. Давялося ісці ў Ленінскі РАУС горада, здаваць адбіткі. Потым абрабавалі офіс брэсцкага філіяла праваабарончай арганізацыя «Вясна», сузаснавальнікам якой быў Сяржук. Ізноў запрасілі ў райаддзел, ізноў адкаталі пальцы. Потым ён пераехаў у Мінск. Пэўны час на яго забыліся, але апошнія паўгода яго ізноў настойліва выклікаюць у міліцыю на дактыласкапію. Нібыта ён мусіць зрабіць гэта, як ваеннаабавязаны. «Тэлефануюць мне, дасылаюць уведамленні, прыходзяць да бацькоў у Брэсце».

Сяржук перакананы, што папярэднія вынікі дактыласкапіі павінны захоўвацца ў базе, а таму патрэбы ў трэцяй працэдуры няма. Калі ж яны згубіліся, то ён тым больш не імкнецца ізноў здаваць адбіткі. «Бо адкуль ведаць, як і хто імі можа скарыстацца?» Бахун напісаў у міліцыі тлумачальную пра тое, што згодны прайсці працэдуру толькі ў тым выпадку, калі будуць выкананыя ўсе патрабаванні закона. «Калі закон дазваляе па тры разы здаваць адбіткі, тады пайду». Але зараз сп.Бахун рыхтуе скаргу на імя начальніка Ленінскага РАУС г.Брэста з патрабаваньнем даць адказ, куды падзеліся дакументы, згодна з якімі ён ужо праходзіў дактыласкапію.

Падобныя аргументы прыводзіў і старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Ён прыводзіў прыклады з мазырскімі актывістамі, чые адбіткі згубіліся ў міліцыі і іх паўторна выклікалі для дактыласкапіі. За адмову добраахвотна здаць адбіткі пальцаў суддзя Савецкага раёну Гомеля Галіна Сыцько аштрафавала на 875 тысяч рублёў. Гэтым самым суддзя стварыла прэцэдэнт, бо згодна з заканадаўствам, штраф за адмову здаць адбіткі пальцаў не прадугледжаны. Пра што заяўляў і міністр унутраных спраў.

Але ні закон, ні заявы міністра не пераканалі суддзю Таццяну Борыс, якая 13 мая аштрафавала Валянціна Суслу з Вілейкі на 30 базавых велічынь (1050000 руб.). Хлопца запрасілі здаць адбіткі пальцаў, але ён не паспяваў у час і дамовіўся з участковым на наступны дзень. Калі прыйшоў у міліцыю, то яму паведамілі, што «пратакол аб правапарушэнні ўжо накіраваны ў суд».

Глядзі таксама: Сайт, прысвечаны абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?