У Беларусі крызіс сістэмы, і калі ўлада не пачне рэформы, то адбудзецца сацыяльны выбух. Пра гэта заявіў лідар праваабаронча-асветніцкага аб’яднання «Рух «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч,
выступаючы 23 ліпеня ў Магілёве на ўстаноўчым сходзе абласнога аддзялення арганізацыі.

Паводле слоў палітыка, «сацыяльныя выбухі не вядуць да дэмакратыі і захавання правоў чалавека». «Сітуацыя вельмі цяжкая, і гэта пагражае незалежнасці краіны», — сказаў Мілінкевіч.

Выступаючы перад прысутнымі (удзельнічала прыблізна 25 прадстаўнікоў руху з розных раёнаў Магілёўскай вобласці), палітык указаў, што бачыць тры варыянты развіцця падзей у краіне: продаж уладамі ўсёй дзяржаўнай уласнасці Расіі, што стане стратай незалежнасці; спроба распачаць дыялог з Еўрасаюзам; поўная ці частковая самаізаляцыя Беларусі, што таксама прывядзе да залежнасці ад Масквы.

«Для нас найлепшы варыянт — рэфармаванне эканомікі»,

— сцвярджае Мілінкевіч. Што да дыялогу з Захадам, то лідар руху «За Свабоду» ўпэўнены: Еўропа не будзе весці дыялог з беларускімі ўладамі, пакуль не будуць вызвалены і рэабілітаваны ўсе палітзняволеныя.

Паводле меркавання Мілінкевіча, апазіцыя павінна стаць у вачах народа суб’ектам палітыкі. «Страчаныя Лукашэнкам людзі пакуль да нас не прыйшлі, — канстатаваў ён. — Мы не сталі для народа альтэрнатывай цяперашняй улады».

Змену сітуацыі Аляксандр Мілінкевіч звязвае са стварэннем шырокага аб’яднання апазіцыі. Адной з функцый руху «За Свабоду» ён бачыць у ініцыяванні такога аб’яднання. Пасля ўзначаленая ім арганізацыя, у якую зараз уваходзяць прыкладна тысяча чалавек па ўсёй Беларусі, паводле меркавання яе лідара, можа стаць ініцыятарам стварэння шырокай правацэнтрысцкай партыі, якая аб’яднае «праеўрапейскія, прабеларускія сілы».

Палітык станоўча ацаніў акцыі маўклівага пратэсту, якія арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі. Разам з тым ён лічыць, што апазіцыйныя лідары пакуль не павінны нейкім чынам спрабаваць узначаліць гэты рух пратэстаў. «Гэта ўзмацняе нас усіх. Мы дапамагаем сеткам. У нас з імі цесны кантакт», — заявіў Мілінкевіч.

На праведзеным у Магілёве сходзе кіраўніком абласнога аддзялення руху «За Свабоду» быў абраны Аляксандр Сілкоў.

Падобныя магілёўскаму рэгіянальныя сходы ўжо прайшлі ў Гомелі і Мінску. На чарзе сустрэчы ў астатніх абласных цэнтрах. Мэтай правядзення гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца рэгістрацыя рэгіянальных структур руху «За Свабоду» ў мясцовых органах юстыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?