Германія трэці год запар заняла апошняе месца па ўзроўні нараджальнасці ў Еўрасаюзе,
паведамляе Welt са спасылкай на дадзеныя дакладу, апублікаванага статыстычнай службай ЕС (Eurostat). У 2010 годзе на 1000 жыхароў ФРГ прыпала 8,3 нованароджаных.

Германія знаходзіцца ніжэй за сярэднестатыстычны паказчык па ЕС, які складае 10,7 нованароджаных на 1000 жыхароў. Пры гэтым адзначаецца, што нараджальнасць у ФРГ крыху ўзрасла і выйшла на ўзровень 2008 года. Самы нізкі ўзровень нараджальнасці быў зафіксаваны ў ФРГ у 2009 годзе: усяго 7,9 нованароджаных на 1000 чалавек.

Самая высокая нараджальнасць за 2010 год назіралася ў Ірландыі (16,5 нованароджаных на 1000 чалавек), Вялікабрытаніі (13 нованароджаных на тысячу) і ў Францыі (12,8). Усяго да пачатку 2011 года ў ЕС, паводле дадзеных Eurostat, пражывала 502,5 млн чалавек: на 1,4 млн больш, чым годам раней.

Рост насельніцтва назіраецца за кошт прытоку мігрантаў. Пры гэтым у васьмі краінах — сябрах ЕС, у тым ліку ў Германіі, насельніцтва працягвае скарачацца. Па стане на 1 студзеня гэтага года ў ФРГ, па дадзеных Eurostat, налічвалася 81 млн 752 тыс чалавек.

Паводле прагнозаў Eurostat, да 2060 года насельніцтва Германіі можа скараціцца на 16 мільёнаў — да 66 мільёнаў чалавек. ФРГ страціць свой статус самай шматлікай краіны ЕС і саступіць лідарства Вялікабрытаніі (дзе да гэтага часу будзе налічвацца 79 млн жыхароў) і Францыі (74 млн).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?