Расія стане сябрам СГА пасля выбараў, у сярэдзіне 2012 года,
заявіў кіраўнік расійскай дэлегацыі Максім Мядведкаў. У чацвер рабочая група ўхваліла пратакол аб далучэнні Расіі. Платай за ўступленне стане зніжэнне імпартных мытаў, скарачэнне ўдвая падтрымкі сельскай гаспадаркі і лібералізацыя ўнутраных цэнаў на газ.

Каб стаць сябрам СГА, Расія пагадзілася знізіць імпартныя мыты на большасць тавараў, гэта будзе адбывацца паэтапна на працягу васьмі гадоў. Так, з моманту далучэння да СГА мыты на новыя легкавыя аўтамабілі знізяцца з цяперашніх 30% да 25%, а затым паступова на працягу сямі гадоў — да 15%, адзначыў Мядведкаў.

Усяго з моманту далучэння будзе зніжана больш за траціну імпартных тарыфаў,
гаворыцца на сайце СГА. Яшчэ чвэрць — праз тры гады пасля ўступлення. Самы доўгі пераходны перыяд прадугледжаны для мяса хатняй птушкі — 8 гадоў, для верталётаў і грамадзянскіх самалётаў — 7 гадоў.

У цэлым Расія абавязваецца па выніках пераходнага перыяду знізіць сярэднеўзважаную стаўку імпартных тарыфаў з 10% у 2011 годзе да 7,8% да 1 ліпеня 2018. На прамысловыя тавары мыты будуць зніжаныя ў сярэднім з 9,5% да 7,3%, на сельскагаспадарчыя тавары — з 13,2% да 10,8%. Стаўка тарыфу на малочныя прадукты знізіцца з 19,8% да 14,9%, на збожжавыя культуры — з 15,1% да 10%, на алейныя культуры, тлушчы і масла — з 9% да 7,1%, на хімічныя прадукты — з 6,5% да 5,2%, на электраабсталяванне — з 8,4% да 6,2%, на драўніну і паперу — з 13,4% да 8%, на цукар — з $243 за тону да $223. Мыты на бавоўну і на прадукты інфармацыйных тэхналогій будуць скарочаныя з цяперашніх 5,4% да нуля.

Тарыфныя квоты на ўвоз мяса захаваюцца, але мыты па-за квотамі знізяцца.

Да 2018 года Расія абавязваецца ўдвая скараціць субсідыі сельскай гаспадарцы — з $9 млрд у 2012 годзе да $4,4 млрд, пры гэтым прадпрыемствы АПК не будуць атрымліваць экспартных субсідый. Для асобных катэгорый прадуктаў будуць адмененыя і льготы па ПДВ.

Таксама Расія пагадзілася на абмежаванне экспартных пошлін на больш чым 700 тавараў: яны закрануць прадукцыі рыбнай прамысловасці, гарбарнай галіны, а таксама мінеральных паліваў і алеяў, драўніны, цэлюлозы і каляровых металаў.

Змены закрануць і рынак паслуг.
Замежныя страхавыя кампаніі змогуць адкрываць свае філіялы праз дзевяць гадоў пасля далучэння Расіі да СГА. А тарыфы на чыгуначныя перавозкі транзітных тавараў да 1 ліпеня 2013 павінныя стаць такімі ж, як для ўнутраных перавозак.
Стаўшы сябрам СГА, Расія дапаможа далучыцца да арганізацыі і сваім суседзям па Мытным саюзе — Казахстану і Беларусі.

«Паколькі падчас нашага перамоўнага працэсу мы цалкам прааналізавалі ўсю заканадаўчую базу Мытнага саюза на прадмет яе адпаведнасці нормам СГА, то Казахстану і Беларусі гэтага рабіць будзе не трэба, і гэта істотна паскорыць працэс іх далучэння да СГА», — сказаў Мядведкаў. Цалкам рэальна, што Казахстан у наступным годзе таксама далучыцца да СГА, дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?