Майстар спорту па барацьбе, які захапляецца Феліні і Бергманам. Рэжысёр «Белсата», адзін з фільмаў якога быў зроблены для БТ. Аматар клубнага жыцця сталіцы, які падарожнічае па Палессі ў пошуках герояў. Гутарка з 28-гадовым рэжысёрам-дакументалістам Андрэем Куцілам.

«Здымаць, здымаць, здымаць»

«Ну, што, па піўку?» – бадзёра прапаноўвае Андрэй, які вонкава больш нагадвае казачнага беларускага волата, чым стомленага ад шматлікіх праектаў рэжысёра-дакументаліста. Ён усміхаецца афіцыянтцы кавярні «Скіф», энергічна размахвае рукамі і з піянерскім запалам размаўляе пра ўсё на свеце.

Праз два тыдні Куціла едзе ў ЗША: абменьвацца досведам і штурмаваць новыя тэхнічныя вышыні. Цяпер жа працуе як сааўтар, аператар і мантажор на праекце «Белсата» «Пераемнікі». Паводле Куцілы, гэта будзе тэлецыкл невялікіх дакументальных фільмаў «пра нармальных маладых людзей са здаровай галавой, якія будуць ствараць Беларусь пасля Лукашэнкі». Сярод нармальных, на думку Куцілы, -- паэт Глеб Лабадзенка і актор Раман Падаляка.

«Я валяўся на падлозе падчас прагляду свайго фільма»

Пасля трэцяга куфля Куціла пачынае расказваць пра радасці і небяспекі фестывальнага жыцця. У ягонай асабістай зале славы ёсць адмысловы прыз Гільдыі кінакрытыкаў і кіназнаўцаў на «Лістападзе» за «Днюку» і ўдзел у International Documentary Film Festival Amsterdam – гэткіх Канах дакументальнага кіно. Ды яшчэ шэраг узнагарод там-сям.

«Першы раз на фестываль я трапіў у 24 гады з фільмам “Фокусная адлегласць”, – кажа Куціла. – Вельмі ўразілі фестывалі ў Ляйпцыгу, дзе ў мультыплексе на 8 залаў паказваюць толькі дакументальнае кіно з усяго свету, і ў Амстэрдаме, дзе аднойчы, добра п’яны, я валяўся на падлозе падчас прагляду свайго фільма, нешта там крычаў, а ахоўнік мяне асцярожна пераступаў і спрабаваў супакоіць. Насамрэч, шалёная атмасфера на гэтых фестывалях».

Пасылаць свае працы на фестывалі трэба, кажа Куціла, хоць і не варта рабіць з гэтага сэнс творчасці і тым больш жыцця: «Прыехалі, папілі, пагулялі, у музей схадзілі – і ўсё, жывіце далей і здымайце кіно».

Кавярня са славянафільскай назвай «Скіф» апусцела, піва скончылася, і нам з Андрэем толькі і застаецца, што размаўляць на лірычныя тэмы – пра творчасць і Радзіму: «Калі працую не на замову, то маё кіно ўзнікае з уражання. Аднойчы я пачуў на радыё “Культура” беларускія калыханкі, якія раней спявалі жанчыны ў вёсках. Магчыма, мяне маці недакалыхала ў дзяцінстве, але я адразу адчуў нейкую самотную пяшчоту і зразумеў, што хачу зняць нешта з падобнай атмасферай. Тады ў мяне яшчэ не было пасведчання кіроўцы, і я разам з бацькам паехаў па палескіх вёсках шукаць патрэбных герояў. Урэшце трапіў на жанчыну, якая мне і была патрэбная для фільма».

Ужо ў канцы размовы, па старой беларускай традыцыі, усё ж усплывае адвечная тэма перспектываў краіны пад белымі крыламі: «Пакуль нашая краіна – гэта рэзервацыя. У мяне ёсць нармальнае адчуванне маладосці, моцы, ёсць праца, дзеўкі ды кампанія. Але няма з гэтага ніякага выхаду, быццам усё закансерваванае. Мабыць, сваімі дакументальнымі фільмамі я і запускаю трохі паветра ў слоік пад назвай Беларусь».

«Днюка» (2010) | Рэжысёры: Андрэй Куціла і Аляксандр Налівайка.

Медытатыўная 45-хвілінная стужка пра жыццё пары беларускіх старых у палескай вёсцы Лышча Пінскага раёна. Маляўнічая і рэалістычная карціна мікракосмасу старых людзей з іх простымі нягодамі і радасцямі. Спецпрыз Гільдыі кінакрытыкаў і кіназнаўцаў на фестывалі «Лістапад-2010», Гран-пры фестывалю рэгіянальных тэлеканалаў у Кошыцэ (Славакія), прыз за найлепшы дакументальны фільм на Фестывалі незалежнага кіно ў Львове.

Kill the Day / Днюка from praktic on Vimeo.

«Фокусная адлегласць» (2008) | Рэжысёры: Андрэй Куціла і Раман Рамашка.

У дэпрэсіўным правінцыйнай расійскім горадзе жыве самотны фотамастак. Сярод ягоных прац значнае месца займаюць партрэты маладой, прыгожай дзяўчыны. Гэта ягоная дачка, што з’ехала ў Швейцарыю і не падтрымлівае з бацькам ніякіх кантактаў. Мужчына зноў і зноў друкуе і размалёўвае яе здымкі. Фільм – удзельнік Кракаўскага і Ляйпцыгскага фестываляў дакументальнага кіно.

Андрэй Куціла "Фокусная адлегласць" [34mag.net] from 34video on Vimeo.

«Во всем мне хочется…» (2006) | Рэжысёр: Андрэй Куціла.

Адна з ранніх гульнявых працаў. Мувік сыходзіць каранямі ў эксперыментальны кароткі метр. Паводле легенды, фільм быў зроблены пасля няўдалага здымачнага дня недзе ў правінцыі, каб не вяртацца дамоў без матэрыялу.

Андрэй Куціла "Во всём мне хочется..." [34mag.net] from 34video on Vimeo.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?