У Беларусі ў ЛПП адпраўляюць з аркестрам. Фота Юліі Дарашкевіч.
У «НН» звярнуўся чытач М. з Жодзіна. Ён напісаў пра ўмовы ўтрымання ў адным з беларускіх лячэбна-працоўных прафілакторыяў, куды змясцілі яго жонку. Гаворка пра жаночы ЛПП №2 у вёсцы Стараселле Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Чытач сцвярджае, што насельніцы прафілакторыя са свайго заробку нічога не атрымліваюць — усе грошы нібыта ідуць на аплату харчавання і пражывання. «Проста ізалявалі на год», — піша мужчына.
М. наракае, што яму на спатканне з жонкай адвялі толькі тры гадзіны. Гэта пры тым, што дарога да ЛПП у яго заняла амаль у пяць разоў больш.
У сваім лісце чытач задае шэраг пытанняў наконт працы падобных установаў у цэлым. Чаму ЛПП знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў, а не Міністэрства аховы здароўя? Чаму ў накіраваных у прафілакторый няма магчымасці датэрміновага вызвалення? «Таму, што рабочаму трэба плаціць. А грошай у дзяржавы няма. Затое ёсць алкаголікі, няхай яны працуюць на дзяржаву за так. Вось і забіраюць іх у рабства», — выказвае ўласную здагадку М.
Афіцыйна
Намеснік начальніка ЛПП №2 па выпраўленчым працэсе і працы з асабістым складам Юрый Тарасевіч параіў нашаму чытачу азнаёміцца з Законам «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» ад 4 студзеня 2010 № 104-З.патлумачыў Ю. Тарасевіч. Ён дадаў, што да яго асабіста падобны ліст са скаргай на ўмовы ўтрымання ў ЛПП №2 не прыходзіў.«Мы дзейнічаем у адпаведнасці з гэтым законам», —
Згодна з законам
У ЛПП трапляюць тыя, хто цягам году тры і больш разы здзяйсняў правапарушэнні ў стане ап’янення.Пасля гэтага міліцыя можа прыцягнуць чалавека да медыцынскага асведчання. Асведчанаму выпісваюць папярэджанне пра тое, што яшчэ адзін учынак у стане ап’янення пацягне змяшчэнне ў ЛПП. Закон дае магчымасць аспрэчваць дзеянні міліцыі на ўсіх этапах.
Насельнікі ЛПП маюць права на сацыяльны адпачынак з правам выезду за межы ЛПП: на спатканне з жонкай (мужам), блізкімі сваякамі ды іншымі грамадзянамі. Для гэтага неабходна напісаць заяву.
Спатканні могуць быць кароткатэрміновымі — да трох гадзін, а таксама больш працяглымі — да трох сутак.
Грамадзяне, змешчаныя ў прафілакторый, абавязаныя кампенсаваць са свайго заробку затраты на харчаванне, адзенне і абутак, камунальна-бытавыя паслугі.Аднак незалежна ад усіх вылічэнняў на асабісты рахунак грамадзян пералічваецца не менш за 25% налічанага заробку і прыроўненых да яго прыбыткаў.
Адзіныя ў свеце
Лячэбна-працоўныя прафілакторыі ў Беларусі ствараюцца і ліквідуюцца згодна з рашэннем кіраўніка краіны. Яны знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў.
Кантроль за выкананнем заканадаўства здзяйсняе Генпракуратура, за дзейнасцю прафілакторыяў — Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, за аказаннем медыцынскай дапамогі — здзяйсняе Мінаховы здароўя.
У краіне дзейнічае 6 ЛПП — па адным на кожную вобласць (акрамя Брэсцкай) і два ў Мінскай. У сярэднім за год праз прафілакторыі праходзіць каля 4000 грамадзян.
Старасельскі прафілакторый — адзіная ў свеце падобная ўстанова для жанчын.
На постсавецкай прасторы, акрамя Беларусі, ЛПП дзейнічаюць у Туркменістане. Расія і Украіна, якія колькі год таму ліквідавалі свае ЛПП, у апошні час на ўзроўні ўладаў задумваюцца пра вяртанне падобнай практыкі.
Куды звяртацца:
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС
220006, г. Мінск, вул. Аранская, 1.
Прыёмная начальніка: тэл. (8-017) 218-79-38.
Генпракуратура
220030, г.Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 22.
Тэлефон для зваротаў грамадзян: (017) 328-55-41.
Глядзі яшчэ: У ЛПП з аркестрам.