«Беларускі бок мае намер знайсці паразуменне з украінскім бокам без увядзення абмежавальных мер у адказ», — гаворыцца ў заяве дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі, размешчанай на сайце гэтага ведамства.

«У сувязі са з’яўленнем у сродках масавай інфармацыі паведамленняў аб увядзенні з 15.00 5 сакавіка 2012 года беларускім бокам забароны ў адказ на імпарт украінскай прадукцыі дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду інфармуе, што паміж украінскім і беларускім бакамі наладжаны канструктыўны дыялог, праводзіцца абмен інфармацыяй

і ў рабочым парадку аператыўна разглядаюцца пытанні, якія выклікалі падазрэнні ў Дзяржветфітаслужбы Украіны», — паведамляе дэпартамент.

Нагадаем, 1 сакавіка Дзяржветфітаслужба Украіны часова прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочных і мясных прадуктаў з Беларусі ў сувязі з масавым выяўленнем у малочнай прадукцыі антыбіётыкаў. Мясная прадукцыя трапіла пад забарону з-за апаскі завозу ўзбуджальніка афрыканскай чумы, выяўленай у Расіі, паколькі ў Беларусі і Расіі няма межаў.

Як заявіў на мінулым тыдні кіраўнік Дзяржветфітаслужбы Іван Бісюк, «беларускі бок поўнасцю згадзіўся з заўвагамі, але замест сумесных дзеянняў па выхадзе з наяўнай сітуацыі быў вылучаны ўльтыматум аб тым, што калі ўкраінскі бок у аднабаковым парадку не адменіць часовыя абмежаванні, то ў панядзелак (5 сакавіка) з 15.00 беларускі бок увядзе забарону на імпарт украінскай прадукцыі, у прыватнасці масла, солі, кукурузы, кандытарскіх вырабаў і шроту».

Паводле слоў Бісюка, любыя прапановы Дзяржветфітаслужбы вырашыць сітуацыю шляхам устаранення недахопаў з боку беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў і праверкі планаў маніторынгу антыбіётыкаў беларускім бокам не ўспрымаюцца.

3 сакавіка дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі накіраваў на імя Бісюка афіцыйны ліст з просьбай выслаць у Мінск «пратаколы выпрабаванняў і іншую наяўную ў яго ведамстве інфармацыю па кожным выпадку выяўлення неадпаведнасці бяспецы нашай прадукцыі». «Аналіз названых дакументаў дазволіць нам аператыўна прыняць меры па выключэнні прэтэнзій. Але пакуль афіцыйнага адказу няма, як і няма афіцыйных дакументаў, якія пацвярджаюць прэтэнзіі», — паведаміў дэпартамент.

Як заявіў прэс-сакратар Дзяржветфітаслужбы Украіны Анатоль Асадчы, «усе дакументы і апытальнік беларускаму боку былі перададзены 3 сакавіка».

Разам з тым, падкрэсліў ён, «беларускі бок прысылае пытанні па якасці прадукцыі, да якой у нас няма прэтэнзій». «У нас жа выклікае апаску не якасць, а бяспека — гэта розныя рэчы», — сказаў прэс-сакратар, падкрэсліўшы, што «забарона — часовая мера», і «перамовы працягваюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?