20 чэрвеня ў Мінску, на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра адбудзецца прэзентацыя кнігі "Беларусь у фокусе: Вачыма міжнародных журналістаў". Гэта зборнік артыкулаў пераможцаў міжнароднага конкурсу для прафесійных і

грамадзянскіх журналістаў, які праводзіўся Інфармацыйным офісам салідарнасці з Беларуссю ў супрацоўніцтве з Press Club Polska ў 2011 годзе.

У чатырнаццаці артыкулах, напісаных аўтарамі з васьмі краінаў (Беларусь, Нямеччына, Латвія, ЗША, Вялікабрытанія, Польшча, Славенія, Іспанія), адлюстраваныя наступствы прэзідэнцкіх выбараў 2010 года
– ад масавых вобшукаў і судоў над удзельнікамі Плошчы і кандыдатамі ў прэзідэнты да “маўклівых пратэстаў”,

адносінаў з ЕС, эканамічнага крызіса, які разгарэўся ў Беларусі ў ліпені-жніўні 2011 года.

Кніга выдадзеная на беларускай і англійскай мовах.

У прэзентацыі возьме ўдзел аўтарка кнігі – славенская журналістка Полёна Фрэліх (працуе ў Маскве, піша для славенскага штодзённіка Delo), адна з пераможцаў конкурсу, аўтарка артыкула “Быццам рыба ў акварыуме, якая думае, што жыве ў моры”, а таксама сябра журы конкурса – шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. Магчымая прысутнасць таксама іншых замежных журналістаў.

Падчас прэзентацыі будуць таксама абмеркаваныя пытанні, якім чынам павялічыць прысутнасць Беларусі ў міжнародных СМІ, як беларускім журналістам навязаць кантакты з замежнымі, а таксама можна будзе атрымаць асобнік кнігі “Беларусь у фокусе…”

Пачатак а 17.30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?