Архівіст, пісьменьнік, перакладчык Язэп Янушкевіч уганараваны прэміяй імя Лява Сапегі.
Язэп Янушкевіч ужо другі ляўрэат узнагароды імя Лява Сапегі. Гэтая ўзнагарода была заснаваная летась групай польскіх унівэрсытэтаў і грамадзкіх арганізацыяў пад патранатам прэзыдэнта Польшчы.
Даецца яна за выдатныя заслугі ў фармаваньні і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама ў збудаваньні незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Ляўрэат прэміі па чарзе зьяўляецца госьцем гэтых унівэрсытэтаў і чытае лекцыі, прысьвечаныя беларускай тэматыцы. Першым ляўрэатам прэміі Сапегі стаў гісторык Валянцін Голубеў.
Язэп Янушкевіч зьбіраецца выкарыстаць сваё перабываньне ў Польшчы для завяршэньня працы над доктарскай дысэртацыяй «Роўныя ў няволі. Беларуска‑польскія літаратурныя сувязі ў ХІХ ст.».
Уручэньне прэміі адбудзецца 4 красавіка, на 450‑ю гадавіну з дня нараджэньня канцлера Лява Сапегі.
Фота Юліі Дарашкевіч