Беларускі ўдзельнік 21-га міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2012» Яўген Славіч будзе выступаць на конкурсе пад нумарам восемь.
Гэта стала вядома па выніках лёсавання, якое прайшло 13 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі ў рамках канцэрта-прэзентацыі конкурсу.

Падчас лёсавання ўдзельнікам прапаноўвалася выбраць гадзіннік, на якім быў пазначаны нумар выступу на конкурсе. На канцэрце-прэзентацыі Яўген Славіч выступаў першым.

Конкурс пройдзе 14 і 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры ў Віцебску ў рамках XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Пераможца стане вядомы 16 ліпеня.
Усяго ў конкурсе возьмуць удзел 21 чалавек з 21 краіны.
Судзейскую калегію ўзначальвае расійскі кампазітар Максім Дунаеўскі, ад Беларусі ў журы ўвайшоў Аляксандр Ціхановіч.

У інтэрв’ю БелаПАН Ціхановіч адзначыў, што на канцэрце-прэзентацыі яму спадабаліся ўсе ўдзельнікі, але вызначыць фаварыта пакуль цяжка. Да таго ж, адзначае артыст, сёння ўдзельнікі прадстаўлялі толькі візітку, а заўтра «ў іх за плячамі будзе сцяг іх краіны». Ціхановіч лічыць, што на конкурсе выканаўцы могуць перанервавацца і праспяваць зусім інакш. Да таго ж на працягу трох дзён удзельнікі выконваюць розныя кампазіцыі.

Ціхановічу беларускі ўдзельнік і яго вакальныя дадзеныя спадабаліся, праўда, на яго думку, Яўген Славіч «крыху баязлівы».

Уладальнік Гран-пры конкурсу атрымае ў падарунак 15 тыс. долараў, I прэміі — 9 тыс., II прэміі — 6 тыс., III прэміі — 3 тыс.

*** Яўген Славіч нарадзіўся 18 красавіка 1989 г. у Шклове, на сцэне з 14 гадоў. Выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (аддзяленне эстраднага майстэрства), вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Выступаў у складзе ансамбля Vivat. Лаўрэат III прэміі IX Рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў «БЕЛазаўскі акорд» у 2010 годзе, лаўрэат III прэміі Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні XI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2011», лаўрэат Рэспубліканскага творчага конкурсу «Маладыя таленты Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?