ГУУС Мінгарвыканкама 19 ліпеня праводзіць у сталіцы Адзіны дзень прафілактыкі, накіраваны на папярэджанне крадзяжоў маёмасці.

Як паведамілі ў ГУУС, сёння супрацоўнікі міліцыі пастараюцца пагутарыць з як мага большай колькасцю мінчан, каб у чарговы раз нагадаць ім аб неабходнасці выканання элементарных мер маёмаснай бяспекі.

Сярод усяго масіву крадзяжоў можна выдзеліць тры віды, найбольш характэрныя для Мінска. Гэта так званыя кватэрныя, кішэнныя крадзяжы і крадзяжы з аўтамабіляў.

Кватэрныя крадзяжы найчасцей учыняюцца ў «спальных» раёнах і новабудоўлях горада.
Больш за ўсё такіх злачынстваў было зафіксавана ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Заводскім раёнах. Прычым звыш паловы з іх учынены дзякуючы свабоднаму доступу («гасцявыя» крадзяжы, крадзяжы праз незачыненыя дзверы). І толькі крыху больш за траціну такіх злачынстваў учынены кваліфікаваным спосабам (правароты замкоў, узломы дзвярэй, падбор ключоў, пранікненне праз акно або балкон, адцісканне рыгеля замка або высвідроўванне яго стрыжня, адцісканне шклопакета).
У ГУУС папярэджваюць, што «дамушнікі» пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі і спосабы пранікнення ў кватэры.
Яны выкарыстоўваюць сучасную тэхніку, радыё- і мабільную сувязь, набываюць і вырабляюць інструменты, спецыяльна прыстасаваныя для ўскрыцця дзвярэй і запорных прылад.

У сталіцы таксама ўчыняюцца два з трох зарэгістраваных па краіне кішэнных крадзяжоў. Значная іх частка, у тым ліку крадзяжы мабільных тэлефонаў, адбываецца ў грамадскім транспарце. Як правіла, злачынствы ўчыняюцца з-за асабістай няўважлівасці і бестурботнасці саміх грамадзян.

Па-ранейшаму складаная сітуацыя з колькасцю крадзяжоў з аўтамашын, на долю якіх прыпадае больш чым траціна ўсіх зарэгістраваных тайных крадзяжоў маёмасці.
Найбольшай папулярнасцю ў так званых разукамплектоўшчыкаў карыстаюцца лінзы аўталюстраў, дарагія каўпакі, молдынгі, парковачныя сістэмы і аўтамагнітолы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?