Актавая заля Навучальна‑трэніровачнага цэнтру, дзе стаялі восем зачыненых трунаў з членамі экіпажу, была перапоўненая.

Людзі разьвітваліся з камандзірам Ігарам Вашкевічам (1962 г.н), авіятэхнікамі Алегам Бандаронкам, (1962 г.н), Зьмітром Носьнікавым (1984 г.н) і Арцёмам Сычуговым (1983 г.н), бортінжынэрам Іванам Габам (1952 г.н), бортрадыстам Алегам Канунікавым (1964 г.н), бортапэратарам Ігарам Грэсем (1975 г.н), інжынэрам Міхаілам Багловым (1944 г.н).

Каля трунаў, усьцеленых кветкамі і жалобнымі вянкамі, галасілі жанчыны — блізкія загінулых. Да дачкі камандзіра экіпажу, якая, не ўстаючы, ляжала на веку труны, падыходзіла лекарка. Аднак дзяўчына ад дапамогі адмовілася.

Людзі, што прыйшлі на паніхіду, тоўпіліся і ў холе. Чарга выходзіла на вуліцу. У сам НТЦ запускалі невялікім групамі, прыкладна па пяць чалавек. Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца з загінулымі, было ўсё кіраўніцтва былога Камітэту па авіяцыі, прадстаўнікі кампаніі «Трансавіяэкспарт», «Белавія», пілёты ў адстаўцы.

Прыкладна а 13:30 труны зь целамі экіпажу Іл‑76 павезьлі на Ўсходнія могілкі. Іх пахавалі на адным участку.

Як паведаміла Радыё Свабода, сёньня ў Віцебску разьвітваюцца з астатнімі членамі экіпажу. На гарадзкіх могілках «Мазурына» пахаваюць памочніка камандзіра Аляксандра Гаманькова (1966 г.н), штурмана Генадзя Трашкова (1960 г.н), старшага бортапэратара Аляксандра Зерніна (1975).

Нагадаем, 23 сакавіка самалёт Іл‑76 EW‑78849, што належыць РУП «Авіякампанія «Трансавіяэкспарт» і які вывозіў з Самалі абсталяваньне, дэмантаванае з пацярпелага катастрофу 9 сакавіка іншага беларускага самалёта Іл‑76, быў зьбіты баевікамі пад Магадыша. Усе 11 грамадзян Беларусі, што знаходзіліся на борце, загінулі.

Артыкул "Салідарнасці"

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч








Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0