1 верасня 2012 з’явіцца восем нябачных раней у Беларусі спецыяльнасцяў.

Крыптографы на службе КДБ

Безумоўным трэндам сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ стаў рост набору на спецыяльнасці, дзе будуць гадаваць знаўцаў для працы ў сферы бяспекі. Многімі выпускнікамі такіх праграм можа ў будучыні зацікавіцца КДБ. У станоўчым сэнсе гэтага слова: спецыялісту, напрыклад, у крыптаграфіі, якіх з новага навучальнага года будзе рыхтаваць БДУ, цяжка знайсці працу ў месцы, не звязаным са спецслужбамі. Размяркоўваць маладых крыптографаў таксама будуць выключна супрацоўнікі КДБ.

Набор на прыкладную крыптаграфію рабілі на Вайсковым факультэце БДУ. Таму проста з вуліцы трапіць на навучанне па гэтай спецыяльнасці немагчыма: абітурыентаў абавязалі прайсці сумоўе ў сілавых ведамствах. Крыптографы зоймуцца распрацоўкай сістэмы, што дазволіць абараніць інфармацыю. Такія рэчы патрэбныя банкам, распрацоўшчыкам іншых праграм і дзяржаве агулам.

Акрамя гэтага бяспека стане асноўнай тэмай навучання для студэнтаў новых спецыяльнасцяў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і Віцебскім дзяржаўным універсітэце.

«Інжынер-праграміст-лагіст»

Акрамя гэтага з новага навучальнага года ў БДУІР будуць рыхтаваць майстроў адразу дзвюх запатрабаваных у працадаўцаў сфер: IT і лагістыцы. Універсітэт адкрывае набор на «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў лагістыцы». Дыплом выпускнікі гэтай спецыяльнасці атрымаюць з арыгінальнай кваліфікацыяй: яны з гонарам змогуць называць сябе «інжынерамі-праграмістамі-лагістамі».

Цікава, што спецыяльнасць адразу займела папулярнасць у абітурыентаў: прахадны бал на ёй аказаўся роўным 310: гэта найбольшая лічба для факультэта і адна з самых высокіх для ВНУ агулам. Зрэшты, набіраюць зусім няшмат абітурыентаў: 25 на бясплатнае і 25 на платнае аддзяленне. Для параўнання, на спецыяльнасці факультэта камп’ютарных сістэм і сетак таго ж універсітэта набор дасягае 90 чалавек на бясплатнае і 100 на платнае аддзяленне. Агулам плануецца, што студэнтамі гэтага факультэта стане сёлета паўтысячы чалавек. Агульны набор у БДУІР — прыкладна 2,2 тысячы чалавек.

Фатографы ягонай вялікасці

Упершыню ў Беларусі з’явяцца дыпламаваныя фотажурналісты. Праўда, атрымаць адпаведны дыплом БДУ здолеюць толькі тыя, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю. Бо набор па спецыяльнасці «фотажурналістыка» адкрыты на факультэце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Інстытута журналістыкі.

Праграма разлічаная на паўгода вячэрняй адукацыі і распрацаваная пры сумесным удзеле выкладчыкаў Школы фатаграфіі і Інстытута журналістыкі БДУ. У Інстытуце ўжо ёсць курсы «Асновы фатаграфіі» і «Асновы фотажурналістыкі». Да іх дададуцца курсы ад Мінскага цэнтра фатаграфіі, дырэктар якога стаў куратарам праграмы. Стваральнікі спецыяльнасці «фотажурналістыка» спадзяюцца з дапамогай выпускнікоў «падвысіць якасць візуальнай інфармацыі ў мас-медыях», а таксама «ўмацаваць пазіцыі фатаграфіі ў рэдакцыях беларускіх СМІ».

Дарэчы, стаць студэнтамі могуць і тыя, хто вучыцца на выпускных курсах іншых ВНУ. Галоўны крытэр — якасць партфоліа з 20 фотаздымкаў.

Беспілотнік з адным крылом

А вось на, здавалася б, перспектыўную спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў» у Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы быў недабор: на шэсць месцаў адпаведнай спецыяльнасці вайсковага факультэта аказаліся залічанымі толькі пяць чалавек. Дый і тыя далёка не выдатнікі: знайшлося месца і для абітурыента са 109 баламі. Для атрымання такога выніку на ЦТ з сярэднім балам школьнага атэстату «5» дастаткова было напісаць усе тры тэсты на 20 балаў. Што на 13 болей за мінімальны вынік, які дазваляе быць дапушчаным да паступлення ў ВНУ.

Атрымліваецца, што кіраваць новай распрацоўкай беларускай абарончай галіны — першым беспілотнікам — амаль што няма каму. Зрэшты, гэта толькі першы набор.

Дэпалітылагізаваная сацыялогія

Навучанне па, бадай, самай дарагой спецыяльнасці сярод беларускіх ВНУ распачынае ў Вільні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Завецца праграма проста: «Сацыялогія» — і каштуе 2 300 еўра ў год. У беларускія рублі нават пераводзіць страшна. Зрэшты, у ЕГУ кажуць, што ўніверсітэт вылучае найлепшым студэнтам (сёлета такіх будзе 14 на ўсю ВНУ) стыпендыі па 2 000 еўра ў год. Акрамя гэтага, для многіх студэнтаў часткова пакрываюцца выдаткі на адукацыю.

Што ж чакае студэнтаў на самай дарагой спецыяльнасці не толькі невялікага ўніверсітэта ў выгнанні, але і ўсёй беларускай адукацыйнай прасторы? У навучальным плане новай праграмы пазначаныя такія дысцыпліны, як «сацыялогія інтэрнэту і масавых камунікацый», «сацыялогія мэнэджмэнту» і нават курс пад арыгінальным назовам «О дзівосны новы свет: утопія і антыўтопія ў літаратуры ХХ ст».

Цікава, што новая праграма ў ЕГУ закліканая замяніць закрытую сёлета праграма «паліталогія і еўрапейскія даследаванні», па якой студэнты ўніверсітэта вучыліся апошнія шэсць гадоў. Кіраваў праграмай вядомы журналіст Віктар Марціновіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?