Супрацоўнікам Нацбібліятэкі трэба ўжо зараз завесьці спэцыяльны каталёг аб прэзыдэнцкіх выбарах. У хуткім часе ён можа папоўніцца цікавымі кнігамі. Накшталт... Фэльетон Лёліка Ушкіна .
Арэнс Г.-Х. Я проста фігею. — Бэрлін, 2006. — 152 с.
Мэмуары прадстаўніка камісіі АБСЭ па правах чалавека. Цікавыя ўражаньні заходняга дыплямата падчас перадвыбарчай кампаніі, якія цудоўна пацьвярджаюць народны афарызм: «Што нам добра, то немцу — сьмерць».
Мілошавіч, Слабадан. З думаю пра Беларусь. — Гаага, 2006. — 46 с.
Прысьвечаныя Беларусі фрагмэнты дзёньніка, які вёў у турме найлепшы сябра беларускага народу.
Кнігу варта набыць хаця б дзеля апошняй фразы: «Сёньня даведаўся, што ЗША пагражаюць яму санкцыямі. Ад пэрспэктывы цёплай сустрэчы са старым сябрам проста тут у Гаазе мне заняло дыханьне. Ой, нешта мне дрэнна…. сапраўды дрэн…»
Некаторыя пытаньні ўдасканаленьня практыкі асуджэньня апазыцыянэраў за лаянку матам і непадпарадкаваньне прадстаўнікам міліцыі. Матэрыялы сходу беларускіх судзьдзяў. — Менск, 2007. — 280 с.
Паўлічэнка, Дзьмітры. Размова па-мужчынску: новы стыль баявога мастацтва. — Менск, 2006. — 4 с.
Абсалютна новае слова ў тэхніцы рукапашнай барацьбы. Каб заваліць праціўніка, вам не спатрэбіцца болей гадамі пацець у качалках. Дастаткова забіць яму «стрэлку», прыхапіць з сабой 30 сяброў — і сам Клёд Ван Дам адпачывае!..
Сідараў А. Як перажыць перадвыбарчыя кампаніі ў Беларусі. Парады для людзей, якія хварэюць на алергію ад чырвоных і зялёных колераў. — Малая Багацькаўка, 2006. — 76 с.
Кніга, прызначаная для алергікаў, падрабязна распавядае, як пазбавіцца сустрэчы з правакацыйнымі колерамі, напрыклад, адзяваць, выходзячы на вуліцу, чорныя акуляры або карыстацца выключна тэлевізарам з чорна-белым экранам.
Скобелеў, Эдуард. Арбузік, Бябешка і прафэсар-дэбіл. У трох тамах. — Менск: Дзіцячая думка, 2006.
Працяг вядомай кнігі аб прыгодах двух сяброў — Бебешкі і Арбузіка. На гэты раз ім супрацьстаіць не сяміхвостая пачвара, а куды больш небясьпечны вораг — «прафэсар пэдагогікі, які, атабарыўшыся на гарадзкім сьметніку, пагражае дэстабілізаваць сытуацыю ў горадзе, дзе жывуць нашыя героі».
[Бяз аўтара і выходных зьвестак.] Стральба па машынах у людных месцах. — Самавучыцель для байцоў групы «Алмаз».
Трусаў, Алег. Новыя тосты: Аб апошніх тэндэнцыях у беларускай піцейнай культуры, выкліканых кампаніяй «За Беларусь!». — Смаленск: тыпаграфія Міхайлава, 2006. — 555 с. + ілюстрацыі.
Кніга вывучае зьмены застольнага рытуалу беларусаў, кшталту зьяўленьня пад уплывам афіцыйнай прапаганды такіх экзатычных тостаў, як «За дастатак», «За самабытную Беларусь», «За алімпійскую Беларусь», і яе ўплыў на інтэнсіўнасьць спажываньня алькаголю.
Шэймановіч, Аляксандар. Што рабіць, калі вас не пускаюць у Эўропу. Браслаў, 2006. — 56 с. + карцінкі.
Праспэкт рэкамэндаваны для турыстычных апэратараў і турфірмаў, якія працуюць з кліентамі, якіх пазбавілі права на ўезд у Эўразьвяз.
Ярмоленка, Анатоль. Слухай бацьку: Лібрэта да аднайменнай опэры й ноты + мікрафон-караоке. — Менск: Музычная мысьль, 2006. — 666 с.
Папулярны твор, асновай якому стаў вядомы гіт «Сяброў». Рэкамэндаваны да пастаноўкі ў школах і на ранішніках у дзіцячых садках.
Ярмоленка Анатоль. Глядзі бацьку: Лібрэта да аднайменнага м’юзыклу і ноты. — Менск: Музычная мысьль, 2006. — 550 с.
Легендарны твор, асновай якому стаў вядомы гіт «Сяброў». Рэкамэндаваны да пастаноўкі ў школах і на ранішніках у дзіцячых садках.