Да пытаньня аб патрыятызьме

 

Як мы радавалiся падзеньню камунiстычнага рэжыму!

Гэта азначала вызваленьне, свабоду. Зьнiклi абкамы, гаркамы ды iншыя «камы». Нашым дзецям ужо не навешвалi зорачкi з выявай кучаравага Валодзi Ульянава. Зьнiклi чырвоныя гальштукi-ўдаўкi, якiя мы хавалi пад кашулю, памятаю, а настаўнiкi прымушалi, каб мы, не саромячыся, гэта насiлi. Пiянэршчына ды арганiзацыя пад назвай «камсамол», ад членства ў якой напрасткi залежала наша знаходжаньне ў вышэйшых навучальных установах, здавалася, зьнiкла назаўсёды. Скончылася дыктатура хамаў. Мы выпакутавалi гэтыя зьмены сваёю адданасьцю iдэям вольнасьцi, i абвяшчэньне незалежнасьцi Бацькаўшчыны ўспрымалася як незалежнасьць ад таталiтарызму, камунiзму, цiску натоўпу на асобу. Як вызваленьне ад ненатуральнай для чалавека iдэалёгii.

У дзяржавы зьявiлiся свой сьцяг i свой герб. Нашыя дзецi атрымалi замежныя пашпарты i здолелi ў цывiлiзаваным сьвеце адчуць сябе прадстаўнiкамi незалежнай дзяржавы. Ужо ня трэба было саромецца сваёй «саўковасьцi» ды хваста ў складзе дэлегацыi, якi сачыў за кожным тваiм крокам за мяжой.

I вось, намаганьнямi ўладаў, адрадзiўся камсамол, але пад новай шыльдай. Зараз гэтая маладая пачвара носiць iмя БПСМ. «Б» — гэта ўсiм зразумела. «П» — гэта ня тое, што вы падумалi, а, маецца на ўвазе, «патрыятычны». Запiсваюцца туды маладыя прыстасаванцы, чые перакананьнi нiчога агульнага з патрыятызмам ня маюць. Улады iзноў калечаць юныя душы ў турмах. Уся вiна хлопцаў у тым, што напiсалi на плоце «Жыве Беларусь!» Калi б ва ўладзе былi людзi iнтэлiгентныя, якiя б валодалi дзьвюма дзяржаўнымi мовамi, то ведалi б, што напiсанае на сьцяне азначае «Да здравствует Беларусь!», што вельмi патрыятычна, i абвiнавацiць хлопцаў магчыма, мабыць, толькi ў парушэньнi эстэтычнасьцi плота. Чаго ж тады трымаць за кратамi юнакоў, калi да таго ж яшчэ адзiн зь iх непаўналетнi? Каб запалохаць астатнiх?

Лепей рэжыму азiрнуцца на свае дзеяньнi, далёка не патрыятычныя. Калi здымаюць дзяржаўны сьцяг, а замест яго вывешваюць камунiстычны — гэта, мякка кажучы, непатрыятычна. Анi ў воднай постсавецкай дзяржаве не дадумалiся да гэткага. А вось у нас верныя халопы без камунiстычнай сымболiкi жыць ня могуць. А калi зьнялi «Пагоню» i прыстасавалi камунiстычны герб да Дому ўраду, то гэта што? Для каго гэта? Для дыназаўраў?

Хачу параiць спадарам дэмакратам на будучыню: калi iзноў будзеце ўмацоўваць герб «Пагоню» на тым будынку, так, перш за ўсё, здымiце стары, а не прыкрывайце яго новым. Як бачыце — кепская прыкмета. Ды прымацуйце «Пагоню» так, каб адарваць магчыма было толькi са сьцяной!

А пакуль на нашай зямлi пакутуюць за кратамi дзецi, якiм не абыякавы лёс Радзiмы. Якiя любяць сваю Бацькаўшчыну, а не рэжым, якiя ня блытаюць паняцьце патрыятызму з адданасьцю кiраўнiкам чаго б там нi было. I не ўступаюць ў нiякiя БПСМы.

 

Лiст да вязьня

Я ўжо лiчыў, час скончыўся пракляты:

Растаяў, згiнуў, назаўжды ўцёк.

Ды не бандыта кiнулi за краты —

Шаснаццацiгадовае дзiцё.

За тое адарвалi ад матулi,

Што мiлы для яго радны абсяг.

За тое, што ўсiм нам няўтульна,

Як бачым тут камунiстычны сьцяг.

З даўнiны ўсплываюць успамiны

Аб тым, як не давалi спаць начамi,

Пра тое, як тады ледзь не загiнуў,

Усё так i стаiць перад вачамi.

На допыце, немалады ўжо сьледчы,

Дастаў канфiскаваныя паперы,

Сказаў, што зараз тут мяне скалечаць,

Калi не перайду да iх у веру.

Як натуральна, нам не па дарозе,

Дык вырвацца на волю было цяжка,

Ад болю распластаўся па падлозе,

А потым мыў яе сваёй цяльняшкай.

Ужо ведаў, што ахова добра цэлiць,

Узброена нажом ды аўтаматам.

Пабегчы — дык, напэўна, i застрэляць.

Наблiзiсься — яшчэ зарэжуць, каты.

Хай розны наш узрост — падобны лёсы.

У цiшынi адседзецца ня здолеем.

Таму гэты хлапчук сьветлавалосы

Чагосьцi закрануў у душы да болю.

Дык не здавайся i трымайся прама.

Застанься тым, кiм мацi нарадзiла,

Каб не ступiць нагой у тую яму,

Ў якую заганяюць нас з Радзiмай!

Уладзiмер Гуткоўскi


Новая алькагольная палiтыка

Момант цяпер адказны, трэба набiрацца мужнасьцi i зiрнуць гiсторыi ў твар (хоць ня кожнаму яна дазволiць сябе разглядаць). Аднак знайшоўся чэсны, ня схiбiў, ня змусiў народ блукаць у цемры, стаў на чале i павёў... Так i вядзi i не круцi галавою, наш да Майсея падобны лiдэр! Ты вызвалiў свой народ ад дарэмных пакутаў пошуку i даў самае каштоўнае — вольны час. Таму што ў народа, як у салдата, павiнен быць час для асабiстых патрэбаў, або пэрыяд грамадзянскай рэляксацыi. Галоўнае, не перашкаджаць народнай плынi, якая сама змые падазроныя шлакi грамадзтва.

Хiба ня дурнi бальшавiкi? Яшчэ б сто гадоў кiравалi, каб так балюча не пакрыўдзiлi народ сваёю антыалькагольнай кампанiяй. Гэта як вадалазу на шланг наступiць, тут любы заёрзае... Вядома, людзям прыйшлося перабудавацца, i плакала бальшавiцкая ўлада.

Больш памылак ня будзе, мы пойдзем у фарватары народнай волi. Адныя «стаканчики» чаго вартыя! Ня трэба дзялiць на трох, пiць з гарла, лягчэй хаваць у кiшэню, нельга разьбiць галаву, карацей, сапраўдны шэдэўр волевыяўленьня. А якiя карысныя, — цiха катаюцца, i дзiця нiколi не паранiць нагi, толькi дзеля забавы можа наступiць, малечы палюбiлi гуляць гэтымi празрыстымi формачкамi ў пяску, бабулькi сеюць рассаду, у сталовых насыпаюць соль... Але трэба iсьцi далей, стагнацыя недапушчальная. Простыя словы Галоўнага пра тое, што нашаму чалавеку для жыцьця патрэбны толькi шматок сала i чарка гарэлкi, блiзкiя i зразумелыя кожнаму. I гэта ня лёзунг, не пусты заклiк. Лепшая частка насельнiцтва сваiм розумам дайшла да гэтага, але ворагi робяць выгляд, што нiчога незвычайнага не адбылося: нiбыта Галоўны пажартаваў або ня тое меў на думцы. Сам бачыў, як мiлiцыянты, замест таго, каб выконваць свой непасрэдны абавязак — ганяць мiтынгоўшчыкаў, пiкетчыкаў ды iншых пазадкаў, — валаклi простага рабацягу, якi толькi прытрымлiваўся ўказаньня Галоўнага i прыняў сваю порцыю.

Вiдаць, надышоў час карэнных пераменаў, трэба мабiлiзаваць усе сiлы. Сказана кожнаму прыняць шклянку, дык выканай свой грамадзянскi абавязак, а ўлада, замест таго, каб прапiваць народную гарэлку, забясьпеч выкананьне. Зразумела, просты чалавек гэта зробiць без усялякага прымусу, на поклiч сэрца. Але каб пазьбегнуць непаразуменьняў, на наступным рэфэрэндуме трэба ўсенародна вырашыць пытаньне: «Цi згодныя Вы, што пасьля 17-цi (у працоўныя днi) кожны здаровы грамадзянiн павiнен знаходзiцца ў нецьвярозым стане?» (неабходна прадугледзець асобныя дозы для жанчын, разьмiначныя для падлеткаў i г.д.). А тады хай мiлiцыя разьбiраецца зь цьвярозымi: iх лёгка пазнаць па роўнай паходцы цi па незадаволеным выразе на твары, яны на месцы будуць выпiваць «штрафную». Канечне, знойдуцца спрытнюгi, пад нашых пачнуць касiць, але гэтых будзем вылоўлiваць з дапамогаю тэхнiчных сродкаў i зьмяшчаць ва ўстановы, дзе квалiфiкаваныя кадры стануць выпрацоўваць у iх простыя чалавечыя звычкi. Праблема зь мiтынгамi вырашыцца аўтаматычна, яны ня тое што па праспэкце прайсьцi — газэту прачытаць ня змогуць. Дзеля пэўнасьцi ў некаторых установах, дзе вялiкая рызыка знаходжаньня ненадзейных элемэнтаў (напрыклад, у некаторых iнстытутах АН), у абавязковым парадку напрыканцы працоўнага дня выдзялiць час прыёму неабходнай «акадэмiчнай» дозы, а ўжо пасьля iх можна выпускаць да людзей.

Новая алькагольная палiтыка (або Н.А.П.) спраўдзiць адвечную мару. Зь якiм уздымам людзi возьмуцца за яе рэалiзацыю! Добраахвотныя народныя дружыны i спэцпадразьдзяленьнi дзяржаўнай бясьпекi забясьпечаць кантроль па ўсёй тэрыторыi i ў калiдорах улады. Народныя дружыны «Белая Русь», 5-я Сталiчная i 48-я Руская блiскучымi рэйдамi цалкам вынiшчаць цьвярозую заразу.

Даўно высьпела неабходнасьць новай культуры. Толькi гарэлка робiць жыцьцё насычаным i рознакаляровым. Што за радасьць, калi ў футбол гуляюць цьвярозыя, няхай прымуць спартовую дозу, i трыбуны (таксама належным чынам падрыхтаваныя) ашалеюць. Будзе значна цiкавей, калi спрынтэры пачнуць блытаць бегавыя дарожкi, а шахматныя конi — выскокваць з-пад рукi. Нам неабходны адаптаваны народны спорт. Будзе жаданьне — алiмпiяду сваю наладзiм!

Кожны спэцыялiст павiнен набрацца народнага духу. Калi ты народны артыст, то перад спэктаклем прымi абавязковую чарку, твая творчасьць (прыстасаваная да народнай цi славянскай тэматыкi) адразу стане блiзкая i зразумелая. Гэта тычыцца iншых народных — пiсьменьнiкаў, прэзыдэнтаў, дэпутатаў i г.д. Большасьць зь iх ужо пасьпяхова прайшла тэст на народнасьць i добра ведае, чым дыхае нашае грамадзтва: бо каб захаваць каштоўны анатамiчны прэпарат, не абысьцiся без фармалiну, таксама i рэлiктавыя грамадзкiя супольнасьцi зьнiкнуць без алькаголю — найлепшага каталiзатара душы i асноўнага кампанэнту нашага экалягiчнага асяродзьдзя.

Сяржук Блiзна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0