Сяргей Паўлоўскi

НА ПРАТОКАХ

 

На перавале гадоў звычайна падводзяць вынiкi й робяць прагнозы. Як гэта проста было за савецкiм часам — рабiць рэалiстычныя прагнозы! Малодшая дачка пойдзе ў школу, старэйшы сын — у войска, суседка народзiць, а дзядуля з бабуляй паедуць улетку на мора адпачываць. Не паддавалiся прагназаваньню толькi прыемныя й непрыемныя выпадковасьцi (узнагарода знайшла героя, напрыклад, альбо пляменьнiк заляцеў у мiлiцыю), а таксама сьмерць. Усё астатняе ў малым i вялiкiм можна было ня тое што прадбачыць, але непахiсна плянаваць. Народ iснаваў ад сьвята да сьвята i ад зарплаты да зарплаты, у год партыйнага зьезду ў жалезным парадку адбываўся партыйны зьезд. Сусьветныя канфлiкты або стыхiйныя бедзтвы, роўна як i пастановы КПСС, не прадугледжвалiся народам, бо не ўваходзiлi ў ягоную кампэтэнцыю. Гэта было справай i клопатам начальства. На фоне стабiльнай вечнасьцi людзi плянавалi спаконвечныя падзеi асабiстага жыцьця. Упэўненасьць у заўтрашнiм днi была трывалая, як скала. Гэта пазьней, пасьля дзяцiнства i юнацтва мы даведалiся, што жывем у несвабодзе i хлусьнi. Зрэшты, большасьць, верагодна, пра гэта й не даведаецца нiколi. Дрыгвiстая цяпершчына прымушае iх абяртацца на тыя стабiльныя бесклапотныя днi з зайздрасьцю й надзеяй.

Пра ўсё гэта варта сказаць ужо хоць бы дзеля кантрасту з тымi днямi дзён сёньняшнiх. Вынiкi мiнулага году? Якiя там вынiкi! Адно расчараваньне i боязь сурочыць, каб не было яшчэ горш. Прагнозы на год наступны? Нiякiх рэалiстычных прагнозаў, суцэльныя антанiмiчныя пары. Будуць выбары — ня будуць выбары, страцiм незалежнасьць — ня страцiм незалежнасьць, вернецца Пазьняк — ня вернецца Пазьняк... Можа быць гэтак, а можа быць i так. Нiхто ня скажа нiчога пэўнага, бо ў грамадзтве або адсутнiчаюць, або не праглядаюцца тэндэнцыi. Таму запаноўвае мiстыка й ейныя вытлумачэньнi. Настрадамусавы радкi пра лiпень 1999-га, калi мусiць прыйсьцi нейкi там кароль жаху, кожны тлумачыць па-рознаму, часам дыямэтральна супрацьлегла — цi то пэсымiстычна, цi то аптымiстычна.

Рэалiстычны прагноз можна зрабiць толькi на падставе тэндэнцыяў. А апошнiх не вiдаць. Магчыма, таму, што яшчэ не сфармавалася яно, незалежнае беларускае грамадзтва. Таму, што ўсё яшчэ адбываецца папярэднi працэс — распад грамадзтва савецкага. Тэндэнцыю гэтага распаду, натуральна, можна прагназаваць i далей, але такi прагноз мае на завяршэньнi сваiм усё той жа мiстычны апакалiпсiс.

Памятаецца, яшчэ два-тры гады таму ў падобных гутарках прысутнiчала спадзяваньне на цуд, на выпадковае здарэньне або на героя, якi пераможа цмока i прынясе народу палёгку. А сёньня й пра гэта нiхто не гаворыць. Вось у калгасе зь лiстапада пачалi кармiць жывёлу сiласам. Звычайна гэта пачынаюць рабiць увесну. Страшнавата робiцца, калi селянiн усьмiхаецца так вось вусьцiшна й роспачна. З аднаго боку, яму жахлiва ўсьведамляць, што з-за нечага глупства статак без пары пойдзе пад нож, зь iншага — ад яго, селянiна, абсалютна нiчога не залежыць, а старшыню, гэтаму сатрапу й самадуру, першаму ўсё да лямпачкi. Зрэшты, сустракаецца i старшыня разгублены i дэзарыентаваны ў сёньняшнiх уладных раскладках, якi ня ведае, на што ставiць i за што хапацца найперш. Вэртыкаль робiць толькi тое, што захоўвае й мацуе ейную ўладу. А галоднаму кароўскаму мору заўсёды знойдзецца пераканаўчае папулiсцкае тлумачэньне. Масавы падзёж жывёлы тут нават, можа быць, i выгадней за прыросты й надоi. Калi, скажам, зноў спатрэбiцца паказаць народу на каварства захаду або патрэбу аб’яднаньня з Расеяй. Iдзi разьбярыся. Калгасны старшыня разумее, што прычыны развалу ў ягонай гаспадарцы хаваюцца недзе ў высокiх матэрыях дзяржаўнай палiтыкi, а значыць, не ў ягонай кампэтэнцыi. Якiя ўжо тут прагнозы.

Апазыцыянэры перастаюць прарочыць падзеньне Лукашэнкi, бо падзеньне тое робiцца адчувальным, i раптам пачынаеш уяўляць сабе, хто i што прыйдзе пасьля. За апошнiя гады нiхто з канкурэнтаў не набраў вагi. Усе або слабыя, або лянiвыя, або перасвараныя мiжсобку. А ў глыбiнi душы, здаецца, кожны з прэтэндэнтаў на першае месца ў краiне падумвае пра сваю прэтэнзiю з роспаччу — а што як заўтра занясе хваля на пасад. I? Шчыра кажучы, ня ведаю, кiм трэба быць, каб сёньня сабе такога пажадаць. Тут, у будынку, дзе ня толькi сьцены ходырам ходзяць, але й падлога, i столь. Паспрабуй, запынi...

Невясёлыя выходзяць думкi з такiмi прагнозамi, а iншыя не атрымлiваюцца. Анi стабiльнага сямейнага пляну не складзеш, анi цуд не прадбачыцца, а калi й прадбачыцца, дык не выклiкае даверу. З кiм нi даводзiлася мне пагаварыць пра гэта, усе адмаўляюцца прагназаваць. Ня будзем, маўляў, пра сумнае. Пра будучыню лепш не гаварыць.

Усё сказанае — плён вычуваньняў, якiя напаткалiся аўтару ў беларускiх гарадах ды вёсках. Непрагназаваная краiна з такой самай гаспадаркай, зь непрагназаванай уладай i такiм самым народам.

У мiнулым нумары «НН» я завёў гутарку пра патрэбу катарсiсу. Сапраўды, беларусам няма як яднацца ў агульным комплексе вiны, што iншым народам часам дужа дапамагае, як скажам, немцам. Не аб’ядноўвае нас i комплекс ахвяры або богаабранасьцi. Адзiная характарыстыка, агульная для беларусаў, якая, тым ня менш, iх ня лучыць, а часьцей разьядноўвае — гэта некрытычнасьць у дачыненьнi да сябе. Магчыма, яна й робiць нашых людзей такiмi бездапаможнымi перад аблiччам крызысу i перад аблiччам будучынi. Савецкi стандарт жыцьця з усёй яго безадказнасьцю чалавека за сябе й свае ўчынкi — вось да чаго сёньня заклiкае беларусаў начальства. Але калi ўчора начальства яшчэ адказвала за гэты паняволены народ, дык сёньня яго, начальства, самога нясе на хвалi няўцямнай харызмы ў невядомым накiрунку. I паняволены народ аказваецца яшчэ й перад аблiччам усiх стыхiяў, як тыя гарадзенскiя прадпрымальнiкi на маскоўскай шашы.

А можа нам пачаць сьмяяцца з сваёй бездапаможнасьцi й паняволенасьцi? Саркастычна высьмейваць тую працавiтасьць, гасьцiннасьць i сьцiпласьць, над якiмi мы выплакалi ўжо не адну самазамiлаваную сьлязу. Толькi вось цi знойдзецца сатырык? Гэтае пытаньне тоеснае iншаму — цi знойдуцца ў народзе на такое сiлы? А гэта ў сваю чаргу будзе сьведчыць пра сiлу мець сваю будучыню — з тэндэнцыямi й прагнозам.

Ёсьць, праўда, у Беларусi адна сфэра, у якой праглядаюцца тэндэнцыi й магчымыя прагнозы. Я хацеў назваць яе сфэраю культуры, але гэта не зусiм тое, што ў нас шырока разумеюць пад сфэрай культуры, якую ўзначальвае адпаведны мiнiстар. Я маю на ўвазе нацыянальнае культурнае адраджэньне. Тут згаданыя антанiмiчныя пары выглядаюць ня так фатальна i процiлегла.

Наступнай восеньню Васiль Быкаў можа атрымаць Нобэлеўскую прэмiю, а можа й не атрымаць. Затое зусiм пэўна вядома, што ажно некалькi недзяржаўных выдавецтваў плянуюць выпусьцiць новую кнiгу празаiка. У 96-м i ў папярэднiя гады пiсьменьнiк застаўся бяз кнiгi. У 97-м незалежнае выдавецтва «Наша Нiва» выпусьцiла «Сьцяну», забароненую у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая лiтаратура», сёлета зьявiўся другi наклад гэтай кнiгi. У 99-м пачнецца канкурэнцыя памiж незалежнымi выдавецтвамi за тое, хто першы выдасьць «Ваўчыную яму». Як бачым, тут ёсьць вельмi выразная тэндэнцыя i прагноз роўны рэальным плянам. Бязь мiстыкi й шаноўнага Настрадамуса. I каб завершыць гэты абразок, згадаю, што незалежная «Сьцяна» мела попыт у чытачоў i хутка прадалася, рэзка вырас i попыт на тыя нумары «Нашай Нiвы», у якiх друкавалася «Ваўчыная яма». Гэта значыць, што ня толькi культурнiкi нешта сабе плянуюць, але ёсьць чаканьне i з боку грамадзтва. Чакаюць Быкава.

Такiм чынам я распачаў пазытыўную частку свайго тэксту — пра тэндэнцыi й прагнозы на новы год, якiя не праглядаюцца ў палiтыцы й гаспадарцы, затое якiя вiдаць у нацыянальна-культурным адраджэньнi.

Бард Зьмiцер Бартосiк, якi цi не штотыдзень выступае з канцэртамi ў розных кутках Беларусi, не перастае зьдзiўляцца — маўляў, ён i ня думаў, што ў нас столькi беларускамоўнай моладзi, якой гэта ўсё трэба. Яе, моладзi, сапраўды столькi й не было анi тры, анi пяць, анi дваццаць гадоў назад. Яна ўвесь час аднекуль бярэцца, выхаваная беларускiм рок-н-ролам, незалежнай прэсай i маладзёжнымi тусоўкамi. Вось такое пэпсi яна выбiрае. Бо альтэрнатывы няма. Лукамол выглядае нечалавечна i непрывабна нават для палiтычна iндыфэрэнтнага юнака, бо гэта просты зьлепак з правобраза — прэзыдэнта. Таму юныя выбiраюць беларушчыну. Хутка яны проста колькасна пераважаць у адраджэнскiм асяродку людзей бальшавiцкага складу зь яшчэ савецкай мэнтальнасьцю. Гэта таксама тэндэнцыя i прагноз, калi не на наступны менавiта год, дык на два-тры гады наперад.

На здымку ў бюлютэнi «Дыджэй адраджэньня» маладафронтаўцы лiтаральна паказваюць сваiм рускамоўным раўналеткам «язык, на котором надо разговаривать». Для старых адраджэнскiх апаратчыкаў, якiх хапае адно на тое, каб зводзiць iдэю грамадзянства БНР да статыстычнага партыйнага членства, наўрад цi будзе зразумелае такое жывое свавольства. Тыя, хто прыйшоў у БНФ з камунiстычным намэнклятурным заплеччам, так i не перарасьлi ўласных звычак да субардынацыйнае гульнi i раздвоенасьцi душаў. «На чорта мне iхнае грамадзянства», — сказаў мне неяк знаёмы дзядзька-нацыяналiст, якi даведаўся, што «паперку пра грамадзянства БНР» яму выпiшуць ва ўправе БНФ, i махнуў рукой.

Мiж iншым, Дзень без чужога слова, якi стаў праводзiцца ў Беларусi штодругi дзень месяца летась у лiстападзе, быў не ў апошнюю чаргу зьвернуты менавiта да сёньняшнiх правадыроў народа на апазыцыйных пасадах. Каб хоць на людзях i ў сем’ях гаварылi па-беларуску. Але якраз яны гэтую iнiцыятыву й не падтрымалi. Падтрымала моладзь...

Выхад летась першага нумару лiтаратурнага часопiса «Архэ» нагадаў мне зьяўленьне ў 91-м адноўленае «Нашай Нiвы». Агульнасьць менавiта ў навiне i ў прагненьнi сьвежага паветра. А яшчэ ў тым, што многiя аўтары «Архе» пачыналi менавiта на старонках «Нашай Нiвы». Адрозьненьне ж у тым, што газэта была падрыхтаваная лiтаратарамi i суполкамi яшчэ 80-х, данезалежнiцкiх гадоў. А часопiс стаў плёнам працы пакаленьня 90-х, дзеля завершанасьцi параўнаньня напрошваецца —пасьлянезалежнiцкiх гадоў. I гэта тая тэндэнцыя, якая выявiцца сёлета. Прыблiзна штопяць гадоў або нават штотры гады ў нашай лiтаратуры заяўлялiся спробы абнаўленьня. Аднак новыя заставалiся ў межах ранейшых напрацовак i вобразаў. Так здарылася спачатку з абноўленым часопiсам «Крынiца», потым з часопiсам «Фрагмэнты», урэшце з Бумбамлiтам. Магчыма таму, што натуральны пэрыяд абнаўленьня аказаўся большым — дзесяць гадоў. Менавiта столькi трэба, каб побач з руiнамi Саюзу пiсьменьнiкаў узьнiкаў, скажам так, новы неэфэмэрны будынак, узьведзены новымi людзьмi.

Зыходзячы з рэальных тэндэнцыяў, можна прагназаваць ня толькi канкрэтныя зьявы, але й самi тэндэнцыi — цi будуць яны разьвiвацца, цi будуць замiраць. Напрыклад, новыя беларускiя старонкi ў Iнтэрнэце цяпер зьяўляюцца па дзьве-тры ў месяц. Верагодна, да канца гэтага году яны будуць стабiльна ўзьнiкаць па некалькi ў тыдзень. Яшчэ год таму тэмпы тут шмат залежалi ад фундатараў — ад заходнiх гуманiтарных фондаў, а ўжо сёньня зьявiлася шмат незалежных або, скажам так, бясплатных iнiцыятараў. Верагодна, сёлета беларускi Iнтэрнэт першы ўстане на свае беларускiя ногi. Першы сярод iншых нацыянальна-культурных iнiцыятываў.

Ходзяць такiя чуткi, што ў новым годзе заходнiя грантадаўцы могуць спынiць дапамогу беларускай дэмакратыi. Пры заплянаваным далучэньнi да Расеi гэта адбудзецца напэўна. На маю думку, гэта вельмi добрыя чуткi, якiя прымушаюць думаць пра самавыжываньне. Здаровая беларуская культура мусiць урэшце iснаваць за беларускiя грошы. Падтрымка грантадаўцаў нiколi ня будзе лiшняй, але яна ня можа быць падставовай, самай апошняй.

Зразумела, у нас крызыс, зразумела, што задушаныя беларускiя прадпрымальнiкi. I тым ня менш. Само беларускае грамадзтва будзе патроху прывыкаць утрымлiваць тую культуру, спажыўцом якой яно зьяўляецца, гэта значыць купляць адраджэнскую прадукцыю за рэальны кошт. I гэта яшчэ адна тэндэнцыя, якая раскрыецца сёлета. А што да падтрымкi з боку беларускага бiзнэсу, дык i яна патроху выяўляецца, найперш на правiнцыi. Хто скажа, што ў нашай краiне няма багатых людзей, або што ўсе багатыя людзi ў нас падзяляюць антыбеларускую палiтыку ўладаў?

Ня ведаю, наколькi задаволiць вас мой прагноз, але ён рэальны i ня мае дачыненьня да мiстыкi. Што б нi здарылася з нашай краiнай сёлета, а здарыцца зь ёй можа ўсё, што заўгодна, прагназаваць i рэальна назапашваць каштоўнасьцi мы можам толькi ў сфэры нацыянальна-культурнага адраджэньня. Выдаваць газэты, часопiсы й кнiгi, запiсваць касэты й здымаць фiльмы, ствараць iнтэрнэтаўскiя старонкi, праводзiць фэсты й сьвяты, гаварыць паўсюль i з годнасьцю па-беларуску, выхоўваць дзяцей, пераконваць сваяка, суседа i сябра, падтрымлiваць адзiнадумцаў, сьпяваць свае песьнi, — вось i ўсё, што можа сёньня беларускае грамадзтва. Гэта значыць — ствараць сябе, сваю прагназаваную будучыню. Вы скажаце — чэргi, кошты, заробкi, кепская ўлада... Гэта тыя праблемы, зь якiмi ва ўсiх краiнах i ва ўсе часы давала сабе рады менавiта грамадзтва i якiя нiколi не мог пераадолець разьяднаны, напалоханы натоўп.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0