ТЭМА НУМАРУ

 

У жыцьці заўсёды ёсьць месца кожнаму

Анталёгія беларускага ўчынку

 

З апісаньня подзьвігаў складаецца эпас. Беларуская культура да свайго гераічнага эпасу толькі падступаецца. Падступаецца даўно, але кожнага разу які-небудзь чарговы Замяталін устае на шляху гэтага працэсу, і шэдэўр не высьпявае. Героі фальклёру, літаратуры і гісторыі не знаходзяць міжсобку жанравае сувязі менавіта таму, што ня выпісаныя ва ўчынках. Гэтак узьнікла ідэя рэдакцыі «НН» стварыць сваю Анталёгію беларускага ўчынку.

 

На тое, што перавяліся героі, народ наракае здаўна. Калі няма войнаў — якія ж героі? Савецкая прапаганда, праўда, пераконвала ў адваротным: у жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Вось паглядзіце на стаханаўцаў або на хлопца з мэдалём «За адвагу на пажары», або на сьмелых палярнікаў. Урэшце, узораў геройства стала гэтулькі, што разьбягаліся вочы, а наўзамен пачуцьцю пашаны прыйшла іронія. Ну, як можна было не іранізаваць з гераічных бухгалтараў, чые будні апісваліся з патасам Кулікоўскае бітвы. Або са старца-Брэжнева, які сапраўды гераічна чытаў свае чатырохгадзінавыя даклады чарговаму зьезду КПСС. Пачаліся анэкдоты пра Васіля Іванавіча, Марэсьева, Шцірліца... Сяды-тады яшчэ гучалі абураныя галасы маралістаў пра кудысьці зьніклага героя нашага часу, але й гэтыя заклікі накрыла наступная гістарычная эпоха — антысавецкая.

Беларуская інтэлігенцыя толькі падняла была галаву, толькі ўзялася за стварэньне новага нацыянальнага эпасу, толькі пачала дыскусіі (у тым ліку і ў «НН») пра патрэбу гістарычнае міталёгіі для шырокіх народных масаў і для выхаваньня дзяцей, як насталі часы адкату. Замяталінскія герастраты пусьцілі пад нож усё напрацаванае гісторыкамі, спрабуючы вярнуць спарахнелыя і абсьмяяныя стэрэатыпы часоў СССР. Пра героіку і высакародны ўчынак не магло быць гаворкі. Цынічныя перадыслякацыі самога Замяталіна зь лягеру пераможаных у лягер пераможцаў сьведчаць аб марнасьці якіх бы там ні было згадак пра подзьвіг, высакародзтва, мараль.

Аднак гэта ўсё — пра рэжым, і зусім ня значыць, што беларускі сьветапогляд ня мусіць фармавацца на выразных прыкладах сваіх герояў і высакародных учынкаў. Гэтаксама як існуе розьніца паміж нізкапробнай расейскай папсою, што пануе ў нас сёньня, і масавай культурай, якой у Беларусі пакуль няма, існуе розьніца і паміж культам хамства і высакародным арыенцірам.

Самое слова «подзьвіг» паступова пераходзіць у лік састарэлых. Подзьвігам называюць цяпер, да прыкладу, царкоўны пост. А ў звыклым для савецкага вуха значэньні гэтае слова начыста прапала з сучасных, прынамсі, інтэрнэтаўскіх слоўнікаў. І згадваецца хіба што ў зьвязку з Гераклам, Дон Кіхотам або баронам Мюнгаўзэнам. Але гэта нам не перашкодзіць, бо мы будзем гаварыць пра подзьвіг у экзыстэнцыйным сэнсе, пра беларускі ўчынак.

У гэтым няма нічога новага, калі не лічыць азначэньня «беларускі». Менавіта дзеля чалавечых учынкаў зьвяртаюцца людзі да Старога і Новага запавету, да антычнае літаратуры, да Шэксьпіра. Маральны выбар, сіла і цьвёрдасьць духу, а таксама сіла фізычная — гэта тое, што прыцягвае сучаснага спажыўца культуры як да Бібліі, так і да найлепшых галівудзкіх баевікоў. Чалавечы ўчынак не старэе, бо, чытаючы пра тое, што зрабіў герой, заўсёды думаеш — а як на ягоным месцы зрабіў бы ты.

З апісаньня подзьвігаў складаецца эпас. Беларуская культура да свайго гераічнага эпасу толькі падступаецца. Падступаецца даўно, але кожнага разу які-небудзь чарговы Замяталін устае на шляху гэтага працэсу, і шэдэўр не высьпявае. Героі фальклёру, літаратуры і гісторыі не знаходзяць міжсобку жанравае сувязі менавіта таму, што ня выпісаныя ва ўчынках. Гэтак узьнікла ідэя рэдакцыі «НН» стварыць сваю Анталёгію беларускага ўчынку.

Высьветлілася, што гэта ня так проста. Спакуса апісваць гістарычны антураж або біяграфію асобы, спакуса патасных словаў і вытлумачэньня ўсіх матывацыяў героя з выглядам усязнайства, спакуса школьнае дыдактыкі — гэтыя рысы прышчэпленыя нам папярэдняй літаратурай, якая пазначыла сабою ранейшы, элітарны этап засваеньня нацыянальнае гісторыі. А вось учынак, адабраны і пераказаны так, як мы пераказваем адзін адному падзеі мінулага ўікэнду, патрабуе пэўнага літаратурнага таленту і пераасэнсаваньня.

Вось герой, які таемна вывешвае нацыянальны сьцяг на недаступнай вышыні. Пасьля пажарнікі з рызыкай для жыцьця дабіраюцца да крамольнага палотнішча і знаходзяць там запіску з імем героя. Пра Мірона ўжо складаюць паэмы і пішуць у раманах. А ён застаецца таямнічым, як той Караткевічаў Чорны Война, што сам-насам змагаўся з расейскай акупацыяй паміж паўстаньнямі 1831 і 1863 гадоў. Менавіта ў такіх постацях і ўчынках выяўляецца сымболіка беларускае партызанкі, а не ў плянавай рэйкавай вайне або акцыі забойства гаўляйтэра, пасьля якіх акупанты помсьціліся на нічым не вінаватых людзях і палілі беларускія вёскі.

А вось паэт, які вырашыў зьнішчыць супастата забойчым вершам і паплаціўся за гэта дзесяцьцю месяцамі турмы. Ягонае імя — Славамір Адамовіч.

Ці зусім сьвежы прыклад — хлопец, які выцягваў і ратаваў людзей з кучы чалавечых целаў на станцыі мэтро Няміга. Ягонае імя пасьля зьявілася ў газэтах — Яўген Баброўскі. Хлопец, як выглядае, зь неардынарным запасам высакародзтва, калі робіш ня думаючы, як аўтамат, і табою рухае ня розум, а твой чалавечы кантэкст. У выніку дзясяткі людзей застаюцца жыць.

Менавіта з учынкаў паўстане і вырасьце беларуская масавая культура. Не з папсовых песенек, не з маралізатарскіх пераказваньняў патрыятычных сюжэтаў, не з аб’ектывісцкае праўды фактаў, а з праўды сумленьня і з праўды крыві. Матэрыялам для гэтага стане і фальклёр, і старая літаратура, напрыклад, Баркулабаўскі летапіс, у якім так шмат забытых герояў, і літаратура новая, у якой менавіта на экзыстэнцыйны і беларускі ўчынак рабілі стаўку Караткевіч і Быкаў, і самое жыцьцё, у якім заўсёды і для ўсіх ёсьць месца выбару.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0