рэцэнзіі

 

Пабужжа наша і ня наша

Каробушкіна Т. Насельніцтва Беларускага Пабужжа Х—ХІІІ ст. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 128 с.: іл. — Наклад 450 ас. ISBN 985-08-0095-Х

Пабужжа — рэгіён асаблівы ў Беларусі, бо здаўна шмат хто з дасьледнікаў сумняваўся, а ці Беларусь гэта ўвогуле. Заходняе Палесьсе не ўключаў у межы «беларускай вобласьці» акадэмік Я.Карскі, за ім так рабілі іншыя, а вось М.Даўнар-Запольскі цьвёрда трымаўся таго, што гэты рэгіён — беларуская этнаграфічная тэрыторыя. Каб крыху разабрацца ў гэтай праблеме, паспрабуем зазірнуць у мінулае рэгіёну. Балазе выйшла кніга Тацяны Каробушкінай пра археалёгію Беларускага Пабужжа (а яго лічаць часткай Заходняга Палесься).

Аказваецца, тут нам археалёгія не дарадчык, і прычынай таму пазыцыя, занятая аўтарам. Бо Т.Каробушкіна адмовілася разглядаць у кнізе «беларускае пытаньне» што да рэгіёну. І ня толькі яго.

Што такое Беларускае Пабужжа? Басэйн Буга на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — адкажа кожны. А як гістарычны рэгіён? На жаль, аўтар не дала адказу на другое пытаньне, ды й папярэдняе вызначэньне адсутнічае. Скрозь у кнізе тэрмін «Беларускае Пабужжа» замяняецца на «Сярэдняе Пабужжа», што некалькі іншае. Сярэдняе Пабужжа, можа, і ў Польшчы ёсьць. Але зьвернемся да гісторыі рэгіёну, якая ў манаграфіі адсутнічае. Пабужжа ў ХІІ—ХІІІ ст. уваходзіла ў Валынскае княства, і для некаторых гісторыкаў гэта было доказам таго, што жылі ў Заходнім Палесьсі валыняне (чытай: украінцы). Гэты аргумэнт у кнізе Т.Каробушкінай застаўся неразгледжаны, а значыць, і неабвергнуты. Археалягічныя доказы таго, што ў Пабужжы жылі валыняне, таксама ў манаграфіі ня выкладзеныя. Для іншых славянскіх груповак месца ў Беларускім Пабужжы аўтар таксама не знаходзіць. Прасочваюцца нейкія сьляды мазаўшанаў, але, маўляў, ня годныя веры.

Абвяргаюцца правы на рэгіён і неславянскіх плямёнаў. Працяглы час Пабужжа лічылася апірышчам таямнічых яцьвягаў, ваяўнічага балцкага племя. За апошнія паўстагодзьдзя на карысьць гэтага погляду назьбіралі доказаў і археолягі. І значнае месца ў кнізе адведзена барацьбе з гэтымі аргумэнтамі. Згодна з тэорыяй аўтара, наша Пабужжа — край спакон (прынамсі з Х ст.) дрыгавіцкі, а значыць — «беларускі». Сучасны «ўкраінскі» калярыт Пабужжа застаўся нерастлумачаным.

Недзе зь сярэдзіны кнігі ўзьнікае новая тэндэнцыя. Калі справа дайшла да разгляду гарадоў, то аказалася, што ў Беларускім Пабужжы ў Х—ХІІІ ст. іх мелася зусім мала: Берасьце і... больш нічога (бо Кобрынь і Камянец яшчэ не кранала рыдлёўка археоляга). Мусіць, таму, каб разьдзел пра гарады выглядаў больш годна, аўтар зьвярнулася да Польскага Пабужжа (сучаснага), падараваўшы беларусам Драгічын-над-Бугам (у кнізе скрозь Драгічын Надбужны) і Мельнік, якія ў свой час належалі валынскім князям. На жаль, аўтар не пайшла яшчэ далей па цячэньні Буга і не дасягнула разглядам гораду Нура, якім у ХІІ ст. кароткі час валодаў менскі князь Уладзімер Валадаравіч (няпэўная зьвестка гісторыка XVІІІ ст. Васіля Тацішчава, якая чакае падрабязнага разгляду сучасных дасьледнікаў). Такім чынам, Беларускае Пабужжа прасунулася ў межы сучаснай Польшчы, але чамусьці не ва Ўкраіну. Украіне ўвогуле ў кнізе не пашчасьціла, не зважай на тое, што там ляжыць Верхняе Пабужжа. Па старой археалягічнай завядзёнцы археолягі шукаюць аналягі знойдзеным у час раскопак рэчам. Рэчы, аналягічныя берасьцейскім, трапіліся пры раскопках іншых беларускіх гарадоў, аналягі адшуканыя аўтарам сярод археалягічнага матэрыялу Вялікага Ноўгараду, але знаходкі зь Беларускага Пабужжа ні разу не параўноўваліся з украінскімі матэрыяламі. Ёсьць падазрэньне, што яны вельмі блізкія. Ну, украінцам аўтар не дае веры, гэта было зразумела і раней.

А ўвогуле кніга досыць традыцыйная для савецкіх археалягічных манаграфіяў. Так яны пісаліся і 50 гадоў таму. Пры раскопках знойдзеныя абрэзкі скуры — значыць, было ў гарадах шавецкае рамяство, знойдзеныя нажы — значыць, разьвівалася кавальства, знойдзены надпіс на касьцяной тронцы нажа — значыць, вельмі высокай была пісьменнасьць. Зьдзіўляе арыфмэтычная задачка: Камянецкую вежу пачалі будаваць у 1276 годзе, муравалі 12 гадоў, і вось «ужо 606 гадоў на пясчаным узвышэньні левага берага Лясной стаіць гэты фарпост...» Ад чытача, пэўна, патрабуецца знайсьці, дзе тут памылка. А Бог яе ведае. Чытаньне кнігі абцяжарана адметнай рысай — частым пропускам слоў і лягічных кавалкаў, таму маем фразы тыпу: «археалягічныя матэрыялы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў нашага стагодзьдзя сьведчаць...» Каму цяжка прабірацца скрозь такія нетры, можа зьвярнуцца проста да папярэдніх манаграфіяў на тэму рэгіёну: «Курганы Беларускага Пабужжа ў Х—ХІІІ ст.» (1983) і «Бярэсьце» (1985). Новага ў кнізе няшмат.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0