Станіслаў Багданкевіч: «Мы там убачылі кроў на асфальце...»

 

— Найперш, што Вы думаеце пра зьнікненьне Віктара Ганчара?

— З палітычнага клімату ў нашай краіне, з выступу Лукашэнкі на тэлебачаньні перад сілавымі міністрамі, дзе ён заявіў, што апазыцыянэры — гэта злодзеі, здраднікі свайго народу, што іх трэба гнаць з вуліцаў, я раблю выснову, што робіцца ўсё, каб сарваць перамовы з апазыцыяй. Вадзіцель Ганчара паехаў на месца, адкуль, як мяркуецца, той выехаў, і ўбачыў там кроў на асфальце, разьбітае шкло машыны, сьляды ад удару ў дрэва... Мы зьвярнуліся ў КГБ, міліцыю, але там адказалі нам, што гэта іх зусім не цікавіць. Толькі пасьля таго, як інфармацыя прайшла па тэлебачаньні, а пасол Нямеччыны зьезьдзіў у МЗС да Латыпава, каб выказаць свой пратэст, толькі пасьля міліцыя пагадзілася прыехаць з намі, каб агледзець месца здарэньня. Гэта дзікунства, складаецца ўражаньне, што ўсё гэта — «абшчак», якім кіруе галоўны «пахан». На сёньня ў Беларусі зьнікла чатыры чалавекі, гэта ўжо сапраўдная Лацінская Амэрыка!

 

— А за каго Вы баіцеся зараз?

— Хто яго ведае, у дзеяньнях улады назіраецца пэўны алягізм. Цяжка зразумець, для чаго ім сёньня Ганчар, нашто ім спатрэбіўся Юры Захаранка, які ня быў нейкім там лідэрам апазыцыі, нават у нашай партыі ён быў членам Палітрады, а потым выйшаў зь яе па асабістым жаданьні, каб займацца сваімі праблемамі, у прыватнасьці, стварэньнем Саюзу афіцэраў. Здавалася б, Лукашэнка ўжо зразумеў сваю непрымальнасьць для палітычнай эліты Расеі, што аніякае месца ў Крамлі яму ня сьвеціць, што трэба пашыраць сваю вэктарную палітыку, ісьці на Захад. Ну, нашто яму цяпер гэта ўсё руйнаваць? Алягізм!

 

— Ці зьменіцца нешта ў падрыхтоўцы да перамоваў пасьля зьнікненьня В.Ганчара?

— Я б сказаў, што ў нас і да гэтага была маса падобных прэцэдэнтаў: Віньнікава з Захаранкам зьніклі, Чыгір арыштаваны, дэпутаты Кудзінаў і Клімаў таксама ў вязьніцы. Але мы ня бачым іншага выйсьця: або перамовы, якія, пэўне, адбудуцца-такі пад ціскам беларускай грамадзкасьці, або грамадзянская вайна. А мы хочам рабіць усё мірным шляхам. І галоўнае — гэта стварэньне нармальнага палітычнага клімату, клімату даверу.

 

— Як ідзе падрыхтоўка да перамоваў?

— У нас яшчэ не зацьверджаны склад дэлегацыі, перамоваў з уладай пакуль ніякіх не вядзем. Сустракаемся зь Вікам, АБСЭ, распрацоўваем агульную пазыцыю і спрабуем праз папярэднюю дамову дасягнуць таго, каб зараз жа былі вызваленыя вязьні, каб знайшліся людзі, якія нібыта «зьніклі», бо існуе вялікае падазрэньне, што тут не абышлося без уладаў. Наконт Чыгіра Вік нам заявіў, што прадстаўнікі ўлады намякалі, што яны спрабуюць знайсьці шляхі для яго вызваленьня нават у рамках Лукашэнкавага заканадаўства. І вось сёньня ізноў трэба пачынаць ад самага пачатку. Мы будзем патрабаваць адстаўкі ўсіх сілавых міністраў, зьвернемся па падтрымку да кіраўнікоў замежных дзяржаваў, парлямэнтаў. Калі зьнікла ўжо чатыры чалавекі, заўтра тое самае можа адбыцца з кожным з нас.

 

— Ці Вы лічыце, што рэпрэсіі могуць узмацніцца?

— Я ня думаю, што ў геаграфічным цэнтры Эўропы можа паўтарыцца 37-ы год. Улада захоўвае зьнешнія атрыбуты мяккага аўтарытарнага рэжыму: у нас выходзяць апазыцыйныя газэты, дзейнічаюць партыі. Мне нядаўна далі штраф у 50 мінімалак, але ж зроблена гэта было ў рамках закону. Толькі вось прамовы Лукашэнкі не даюць зусім забыцца на рызыку ўзмацненьня рэпрэсіяў.

 

— Якой тактыкі будзе прытрымлівацца АГП ў бліжэйшы час?

— Мы яшчэ на лютаўскім зьезьдзе, задоўга да прапановы Віка, прынялі большасьцю галасоў рэзалюцыю, у якой пазначалася, што мы ня бачым выхаду ў рэвалюцыі, грамадзянскай вайне, і гатовыя пачаць перамовы з уладамі, каб дасягнуць кампрамісу.

 

— Які ўдзел будзе браць Вашая партыя ў акцыі, заплянаванай на 17 кастрычніка?

— Мы ўжо зараз працуем над падрыхтоўкай гэтай агульнанацыянальнай палітычнай акцыі «Марш Свабоды», створаны аргкамітэт. Я накіраваў па сваёй партыйнай лініі ўва ўсе нашыя рэгіянальныя арганізацыі рэкамэндацыі па правядзеньні на месцах пікетаў, шэсьцяў, каб частку людзей накіравалі ў Менск. Гэта будзе ня проста акцыя, яна стане падтрымкай для перамоваў. А цяпер мы амаль штотыднёва ладзім пікеты, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Палітыкі так званай «новай хвалі» заявілі, што на вуліцы выйдзе каля 100 тысяч чалавек. Я не падзяляю іхнага аптымізму і пры сустрэчы іх крытыкую, бо, калі працаваць так, як яны гэта робяць, можна праваліцца ў сваіх намаганьнях. Акцыя мусіць быць цалкам мірная, мы абсалютна супраць усялякіх так званых «вызвольных» арміяў, рухаў. Нашая партыя, у пэўнай ступені, зьяўляецца інтэлектуальным клюбам.

 

— Як Вы ставіцеся да супярэчнасьцяў у БНФ і які бок Вы падтрымліваеце?

— Вельмі прыкра, што такое адбываецца, гэта мінус усёй апазыцыі. І я, безумоўна, стаўлю не на Пазьняка, таму што ён і расколвае рух. Пазьняк злоўжывае мінулым. БНФ згубіў вельмі шмат сымпатызантаў, і якраз Вячорка, Хадыка, Баршчэўскі выступаюць за яднаньне, за ўзгодненасьць. Паміж сіламі апазыцыі заўсёды існавала лучнасьць, а гаворка пра раскол у апазыцыі — гэта больш прыдумкі журналістаў. Мы заўжды працавалі разам з Фронтам у згодзе, але часам яны атрымоўвалі факс, і гэтая лучнасьць зьнікала. На вуліцы людзі блытаюць «грамадзянаў» з БНФ, і таму нам трэба паказаць нашую адметнасьць: мы, безумоўна, за беларускую дзяржаўнасьць, але мы ніколі ня будзем дзяліць народ па этнічным паходжаньні, па мове.

 

 

— У нядзелю пачынаецца чарговая сэсія Вярхоўнага Савету. Якія пытаньні будуць абмяркоўвацца?

— Будзе заслуханая справаздача мандатнай камісіі. На сёньня дэпутатаў, якія ня здрадзілі Канстытуцыі 94-га году, — больш за 80 чалавек, 84 ці 86, зь іх ужо 59 пісьмова пацьвердзілі сваё рашэньне актыўна ўдзельнічаць у нашай агульнай працы. Потым выступіць з дакладам намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Цярэня з ацэнкай дзейнасьці Лукашэнкі і эканамічнага разьвіцьця за апошнія пяць гадоў. Будзе разгледжаны зварот кансультацыйнай рады апазыцыйных партыяў з нагоды правядзеньня падрыхтоўкі да перамоваў.

 

 

— Ці не маглі б Вы зрабіць невялікі аналіз эканамічнай сытуацыі Беларусі?

— Самае страшнае нават ня сёньняшняе эканамічнае становішча, а тое, што нас чакае ў будучыні, бо ўладу трымаюць «часовыя людзі», якія ня думаюць пра захаваньне багацьцяў, што яскрава бачыцца на прыкладзе амартызацыйных фондаў, якіх у нас практычна не існуе. Абсталяваньне псуецца і не абнаўляецца. Мы падтрымліваем узровень жыцьця за кошт будучых пакаленьняў. А інфляцыя? А неліквідныя зруйнаваныя банкі?

 

— Што Вы можаце сказаць пра валютныя рэзэрвы краіны?

— Калі мы ня можам разьлічыцца з Расеяй за нафту і газ, пра якія валютныя рэзэрвы ідзе гаворка? Яны, бывае, на першае чысло штучна ствараюцца на балянсе: банкам даюцца рублі пад заклад за валюту, а потым гэтыя грошы тэрмінова банкам вяртаюцца. Гэта дзіка, калі банкіры сур’ёзна кажуць пра стварэньне рэзэрваў за кошт фальшываманэтніцтва дзяржавы: выпусьцім, маўляў, 30—40 трыльёнаў рублёў, скупім валюту і гэтак стабілізуем рубель. Нацыянальную валюту можна стабілізаваць толькі празь перавышэньне экспарту над імпартам або праз атрыманьне нізкапрацэнтовых крэдытаў ад міжнародных фінансавых арганізацыяў.

 

— Ці пойдзе Лукашэнка на рэфармаваньне калгасаў?

— Я мяркую, што так, прынамсі, у пэўнай ступені, бо дзяржава ня мае рэсурсаў, каб падсілкоўваць калгасы. Лукашэнка пойдзе на некаторую лібэралізацыю цэнаў на сельгаспрадукцыю, на паступовую ліквідацыю стратных гаспадарак, хоць цяпер яны ўсе такія, бо пры ўраджайнасьці ў 20 цэнтнэраў стратнасьць заплянаваная, а ў нас сёлета ў сярэднім па краіне выйшла 17.

 

— На Вашу думку, ці зрабіў Лукашэнка хоць нешта пазытыўнае ў эканоміцы?

— Ёсьць некаторыя ўскосныя рэчы. Напрылад, дзякуючы ягонай палітыцы, няма вялікай розьніцы ў прыбытках 20-ці працэнтаў самых багатых і 20-ці працэнтаў самых бедных: у нас гэтыя адносіны адзін да трох, а ў Расеі — 1 да 13. Такім чынам, мы маем роўнасьць, але роўнасьць у галоце. Лукашэнка дасягнуў вялікіх ільготаў на пастаўкі расейскай сыравіны: мы плоцім 30 даляраў за кубічны мэтар, там, дзе Літва — 85. Каб гэта яшчэ для нармальнай эканомікі, тады б гэта было ягонай заслугай. Плюс, ён увёў элемэнты пэўнай дысцыпліны. Але ўсё гэта нівэлюецца шкодай, якая прыносіцца ягоным адміністрацыйным кіраваньнем, перарэгістрацыямі сваімі, напрыклад. Уявіце сабе, што я зарэгістраваў шлюб з маёй Вольгай, а пасьля мяне нехта прымушае зноў рэгістравацца: абсурд! Трэба прыклад браць з суседзяў. Ня так даўно быў у Польшчы, дык едзеш, і сэрцу міла глядзець на вёскі, паўсюль адчуваецца, што людзі жывуць добра.

 

— Дарэчы, наконт Польшчы. 17 верасьня адзначаліся 60-я ўгодкі ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі. Як яно Вам сёньня бачыцца?

— Узьяднаньне народу заўсёды карыснае, адмоўным зьяўляецца іншае, што гэта была дамоўленасьць двух дыктатараў і што гэта быў удар у сьпіну Польшчы, якая змагалася з фашызмам. Па-трэцяе, я жыў у вёсцы на хутары, а насупраць жыла сям’я, восем дзяцей у іх было. Нябедна жылі, а прыйшлі Саветы: сям’я ўвечары была, а раніцай іх ужо няма, вывезьлі ў Сібір. Ды й мой дзядзя, якога забралі ў польскае войска, патрапіў у палон да немцаў, пасьля вярнуўся дамоў, а як прыйшлі нашыя вызваліцелі, яго без суду — спачатку ў Варкуту, пасьля ў Караганду, потым у Ігарку на вечнае пасяленьне. Я яшчэ памятаю, калі працаваў банкірам, нас адсылалі ў Заходнюю Беларусь вучыцца, як сушыць сена. Тут ня ўмелі, і заходнікі нам паказвалі, як можна сена захаваць. І сёньня ўраджаі там самыя высокія па рэспубліцы, больш за 20 цэнтнэраў, хоць калі браць суседнія польскія землі, то там пад 40.

 

— Якія самыя лепшыя якасьці беларуса як працаўніка?

— Сама працавітасьць, канечне. Але застаюцца саўковасьць, згодніцтва, залішняя кампраміснасьць.

 

— Ці працуеце Вы яшчэ ў БДЭУ?

— На жаль, не, бо была каманда Лукашэнкі забараніць мне допуск да студэнцтва. Часам чытаю лекцыі, але не ў дзяржаўных ВНУ. Я прысьвячаю больш часу эканамічным дасьледаваньням, публікуюся. Чытаў і ў замежжы: у Майнцы, Дусэльдорфе, Чыкага, Санкт-Пецярбургу. Чытаю лекцыі пра наш эканамічны досьвед, якога лепш нікому ня зьведваць. Яшчэ падпрацоўваю: нехта мае грант, звычайна гэта Польшча ці Расея, і мы зь імі супрацоўнічаем. Увогуле ж, я на пэнсіі.

 

— Чым Вы займаецеся ў вольны час?

— Яго ў мяне цяпер амаль няма. Я заўжды быў працаголікам. А маё хобі цяпер — мой сынуля Павал, якому ў жніўні споўнілася чатыры гады. І яшчэ я хацеў бы дадаць, што зараз суджуся, адстойваючы свой гонар. Беларускае тэлебачаньне — Зімоўскі, Дзьмітрыеў — ізноў распаўсюдзіла паклёп, нібы я выдаваў крэдыты сваякам, сябрам і знаёмым, і гэтыя крэдыты не былі вернутыя, што нібыта мае сыны атрымалі крэдыты, якія не зьбіраюцца гасіць. Але ў прыродзе такіх фактаў не існуе. Калі супраць мяне хоць штосьці было б, Вы думаеце, я яшчэ быў бы на волі? Праўда такая, што крэдыты брала фірма, адным з сузаснавальнікаў якой быў мой старэйшы сын. Але крэдыт пайшоў заводу, які пастаўляў машыны. А фірме далі штрафу 1 112 000 даляраў, пры тым што ў іх устаўны капітал быў 500 мільёнаў беларускіх рублёў, і яны збанкрутавалі. І мне пляваць, што давалі крэдыты юрыдычным асобам, мае сыны іх ня бралі.

 

— Ці знаёмы Вы зь Івонкай Сурвіллай?

— Не сустракаўся. А можа і бачыў калі на сустрэчах з дыяспарай, ды толькі не зьвярнуў увагі. Наша дыяспара вельмі слабая, мы нават ня маем у Амэрыцы ніводнага сэнатара-беларуса.

 

— Вы самі паходзіце з Валожыншчыны, як Кебіч, Пэрэс, у Вас працаваў Шарэцкі. Чаму менавіта гэтая зямля дала столькі ведамых палітыкаў?

— Пяскі добрыя.

 

— А ці наведваеце калі-небудзь касьцёл?

— Я, ведаеце, савецкі такі вернік, хоць мае бацькі былі вельмі пабожнымі. Але ўсе мае сыны і ўнукі ахрышчаныя ў каталіцтва.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0