Ігар Бабкоў

Kindberg

Апавяданьне

 

Ад Курскай касы да Вiльнi колькi гадзiнаў i потым яшчэ крыху да мяжы, дзе заўсёды чакаеш найгоршага, пакуль памежнік не запытаецца, куды яна едзе, глупае пытаньне, апошняя мадэль «Рэно» зь беларускiмi нумарамi i эфэктнай брунэткай, энэргiчнай i крыху стомленай, вядома, яна вяртаецца дадому, так, надвор’е было фан-тас-тыч-нае, хацелася б пасьпець у Менск да дзявятай, Ганна паварочвае галаву ў звыклым гэсьце, якiм яна абрывае недарэчныя размовы i глядзiць у будысцкую пустату наўпрост перад сабой, праз мытны ангар, рэйсавы аўтобус наперадзе, кудысьцi далёка, дэманструючы бiзантыйскi профiль, нос зь лёгкай гарбiнкай, якi так падабаецца Артуру, яе вусны яшчэ нешта прамаўляюць, але, вядома, ужо не для ашмянскiх памежнікаў, якiя мусяць разумець, што размова скончана, што для такiх, як Ганна, яны заўсёды будуць надакучлiвым i непазьбежным дадаткам да ружовага штампiка «вяртаньне на радзiму». Рука аўтаматычна цягнецца да Cosmopolitan, яшчэ сёньня на сьвітанку яна блукала па пясчаных плёсах, самота, амаль два тыднi поўнага спакою, але гэта ўжо недзе далёка ў мiнулым, Ганна запальвае цыгарэту й прымружвае вочы, уяўляючы нечаканае вяртаньне, Артур, пацалунак i гарачая ванна, пена да столi i потым Paris Lumiиre па TV 5, парыскiя тэатры — яе страсьць, галоўнае выехаць на наўпроставую дарогу, хуткасьць сто шэсьцьдзесят, бартавы кампутар з антырадарам будзе надзейна сыгналiзаваць пра ДАIшныя патрулi.

Ганна ўключае запальваньне, памежнiк доўга глядзiць на ейны профiль, шукаючы падабенства з пашпартным фотаздымкам, якi, вядома, зроблены анфас, невыносныя сэкунды, калi ў сьвядомасьцi адбiваюцца ўсе дробязi, кроплі поту на твары кіроўцы аўтобуса, голас па рацыi, якi перадае прыкметы нейкага парушальнiка, лёгкі ветрык, пошум лістоты, чыесьці крыкi, але гэта ўжо агонiя, і праз хвiлiну Ганна ўпэўнена набiрае хуткасьць, галоўнае выехаць з памежнае зоны, напханай знакамi забароны й патрулямi, зрэшты, уся краiна памежная зона, пра гэта лепей ня думаць, не псаваць сабе настрой i бiзнэс Артуру, палiтыка псуе густы, яна нарэшце знайшла стыль для наступнай выставы, гострыя, рэзкiя абрысы ў дзюнах, паставы тонуць у жвiры, якi цячэ праз пальцы, як жыцьцё.

Ганна крыху расслабляецца, пры хуткасьцi пяцьдзясят краявiд за вакном праплывае надта павольна, абрысы пагоркаў пачынаюць нагадваць штосьці няўлоўна знаёмае, пахi дзяцiнства. Наперадзе нейкi дзiвак няўпэўнена апускае руку, Ганна нiколi не спыняецца, нiколi не мяняе сваю аўтамабiльную самоту на бязглуздае марнаваньне часу ў дарожных размовах, але пагоркi за вакном пахнуць чымсьцi знаёмым, знаёмая пастава, i гэты гэст, нiбы з далёкага ўспамiну, зь дзяцiнства, не, гэта немагчыма, адкуль, пасярод дарогi, тут, праз столькi гадоў.

* * *

 

Мiхал няўпэўнена апускае руку, безь якога-колечы спадзяваньня спынiць гэтую машыну, усё адразу пайшло ня так, як задумваў, ён выйшаў на патруль, кляцканьне затвораў, i ён, з торбай бэтакамаўскiх касэтаў i глупым кошыкам для грыбоў, поўны назад.

«Рэно» спыняецца праз дваццаць мэтраў, гэта не мiраж, асьцярожна апусьцiць кошык на зямлю, спакойныя, упэўненыя крокi, ён не сьпяшаецца, пачакаць, сесьцi на задняе месца, дзякуй вялiкi, вы мяне страшна выручылi.

Пагоркi за вакном пахнуць забытым мiнулым, Ганна павольна кранаецца зь месца й паварочвае галаву, дэманстратыўна разглядаючы ў люстэрка чалавека на заднiм крэсьле, анiякiх сумневаў, праз дванаццаць гадоў выпадкова падабраць на гэтай жа дарозе, Ганна трымае паўзу, смакуе гэтыя сэкунды маўчаньня, да таго як будуць прамоўленыя першыя словы, радасьць сустрэчы, банальная й непазьбежная.

Лiна?! Мiхал нарэшце дазваляе сабе падняць голаў i крыху разгледзець эфэктную брунэтку ў апошняй мадэлi «Рэно», страшна знаёмы профiль, лёгкая гарбiнка, няўжо, прайшло столькi часу, i вось гэтыя зялёныя вочы, да якiх ён аднойчы дакрануўся губамi.

* * *

 

Слова «аднойчы», як і тузін іншых словаў-падманак, спрабуе нэўтралізаваць загадку часу, разьбіваючы яго на сотні і тысячы дробных «аднойчы», кожнае зь якіх мае дакладны адрас (аднойчы тут, іншым разам там), скончаны, дакладны і самадастатковы, як прыступкі, але ўсё гэта ўрэшце сканчаецца вялікім «аднойчы» нідзе, і ўжо няма аніякіх адгадак, толькі пустата, як быццам прыступкі раптам абрываюцца, у бездань альбо ў неба.

Міхал даўна ўжо не спрабаваў дзяліць на кавалкі тое, што аніяк ня дзеліцца, ён адчуваў час як вецер, які дзьме і выдзьмувае кавалкі твайго жыцьця, часам лагодна й ледзь заўважна, калі ўсё вакол амаль не варушыцца, а часам як ураган, але галоўнае не падманвацца, што ты некуды ідзеш, па прыступках альбо па дарозе, разьбітай на кавалкі дробных «аднойчы», насамрэч ты стаіш, нібы помнік, і вецер часу выдзьмувае зь цябе ўсё неістотнае, найменш трывалыя рэчы адыходзяць адразу, імпэрыі развальваюцца, руйнуюцца гарады, і якая-небудзь сьціплая шафа застаецца з табой найдаўжэй.

Міхалу хацелася верыць, што вецер часу зьдзьмувае толькі абалонкі, але памяць, якая турбавала й не пагаджалася, зноў і зноў вяртала неістотныя дробязі, зь якімі не было як даць рады, і ён з жахам разумеў, што ягоныя вочы ўсё больш углядаюцца ў мінулае і што сапраўдная таямніца часу ў тым, што аднойчы не адбылося, хоць магло адбыцца, імкнулася да здарэньня...

* * *

 

...тысячу гадоў нiхто не называў яе Лiнай, i Ганна раптам нямее, адчуваючы, як дзiўнае цяпло разьлiваецца па яе целе, як яе сьвядомасьць раздвойваецца, i вось яна стаiць на пустой дарозе, дванаццаць гадоў таму, пад дажджом, за дзесяць кiлямэтраў ад Вялейкі, хiпушка-першакурсьнiца, якая вырашыла праехацца аўтастопам да Вільні. Дождж, які раптам пачаўся ў прыцемках, старыя дрэвы паабапал дарогі, ціхі й цёплы летні дождж, і яна раптам штосьці зразумела, адчула, лёгкія пяшчотныя датыкненьні, кроплі вады зь неба, і вось яна павольна ідзе па дарозе, прымружыўшы вочы, з адчуваньнем немагчымага шчасьця, амаль не рэагуючы на машыны, нібы аголеная, аўто спынілася за дзесяць мэтраў перад ёй, яна моўчкі адчыніла дзьверы й проста села на задняе крэсла, да Алены, нічога не тлумачачы, з прасьветленым тварам, з адчуваньнем немагчымага шчасьця. Міхал вёў машыну, і было так лёгка, яны адразу ўсё зразумелі і таксама сталі шчасьлівымі, таксама адчулі гэты дождж, Алена загадкава ўсьміхнулася й наліла каньяку, хаця ў гэтым не было патрэбы, гэта Міхал першы назваў яе Лінай, і яна раптам прыгадала, што так і не сказала, як яе завуць, але гэта было неістотна, і было глупа пярэчыць, Ліна дык Ліна, Алена дапамагла зьняць мокрую вопратку, яна накінула стары плед, каньяк дадаў цеплыні і лёгкасьці, яшчэ крыху, і яна, напэўна, магла б паляцець, але яна проста сядзела, шчасная, слухаючы, як Міхал распавядае пра Ліну, дзяўчынку-медзьведзянятка з Картасаравай навэлы, якая спрабуе аўтастопам дабрацца ад Сант’яга да Капэнгагену, і, напэўна, у яе атрымаецца, і гэтая дзяўчынка сустракае па дарозе Марчэла, які прадае зборныя канструкцыі паўсюль, дзе толькі можна, яна слухала гісторыю крыху няўважліва, яшчэ каньяку, так, дзякуй, і ў самы адказны момант, у Самы Трагічны Момант, калі пасьля начы каханьня Марчэла высаджвае Ліну на дарозе, яна раптам пачала ціхенька напяваць сабе «за дахамі места…», ад залацістага цяпла цягнула на сон, яна засынала на хвіліну й прачыналася й раптам сапраўды адчула сябе Лінай з Картасаравай навэлы, Вільня, Капэнгаген, паўсюль ішоў цёплы дождж, і гэта было самае істотнае ў сьвеце.

Потым, у Вільні, у Аленавай аднапакаёўцы, заваленай эцюдамі й красьленьнямi, яны пiлi чырвонае вiно, прыгадваючы радкі й пэрсанажаў, і Ліне так хацелася слухаць, яна патрабавала музыкі, Міхал паставіў літоўскі джаз і, прамаўляючы гішпанскія словы зь незразумелым акцэнтам, інтанаваў Llamado Kindberg, a traducir ingenuamente por montana de los niсos, гэта таксама было як цёплы дождж, які ўсё яшчэ ішоў за вакном, які дарыў шчасьце, было глупа пытацца пра імёны й адрасы, яны абавязкова сустрэнуцца, у Менску, Вільні альбо Капэнгагене, пад цёплым дажджом, дамаўляцца — гэта значыць, не давяраць сусьвету, так добра сядзець на падлозе, абдымаючы Міхала й Алену, не, яны не каханкі, проста сябры, хаця й могуць сабе часам дазволіць большае, але без каханьня, каханьне зьнішчае таго, хто любіць, зьнішчае жаданьнем валодаць і не аддаваць, жаданьнем затрымаць імгненьне, быць заўсёды, усе мы медзьведзяняткі пад дажджом, і апошні тост за беднага Марчэла, якога няма з намі, нарэшце яны заціхаюць, зьняможаныя, на падлозе, а потым Міхал, які падыходзіць і асьцярожна цалуе яе ў вочы, у моцна заплюшчаныя вочы.

* * *

 

Дзiўнае цяпло разьлiваецца па яе целе, i Ганна высiлкам волi прымушае сябе быць тут, не правалiцца ў мiнулае, туды, дзе засталася Ліна (дзе яна пакінула Ліну?), наіўную істоту без уласнай сутнасьці, гатовую распусьціцца ў сьвеце, гатовую ісьці пад дажджом немаведама куды, размалёўваць клетку дзіцячымі малюнкамі, бо Ганна ведае, што сьвет — гэта клетка, цэля, лябірынт — бяз сэнсу, затое зь безьліччу вартаўнікоў і канваіраў, гатовых прывесьці на чарговы допыт (у чым сэнс твайго мастацтва? а што ты зрабіла для Радзімы? чаму ты ніколі не падаеш жабракам?), упарта ісьці да выйсьця, адстрэльваючы вартаўнікоў, што там, за гэтым выйсьцем, Ганна ня думала, бо галоўнае ісьці, не спыняцца, напэўна, яна не кахала Артура, бо кахаць — гэта заставацца тут, на месцы, а галоўнае прабрацца бліжэй да выйсьця, навонкі, у прастору, пра якую ніхто нічога дакладна ня ведае, дзе маленькая балерынка зь яе карціны танчыць у атачэньні хіжых вачэй, што глядзяць зь цемры.

Часам Ганна ненавідзела Ліну, даверлівую дзяўчынку, якая не задае пытаньняў, нікуды не сьпяшаецца, і якая, здаецца, зусім не зьбіраецца аднойчы памерці, дзяўчынку-медзьведзянятка (саторы ў Вялейцы, дзякуй, чыталі мы вашага Судзукі), але цяпер пагоркі пахлі чымсьці знаёмым, прайшло столькі часу, і Ганна раптам адчула, што ёй нават падабаецца быць крыху раздвоенай, мець побач яшчэ аднаго пасажыра, бо няма сумневаў, гэта яна, Ганна, вядзе гэтую машыну, яна кіруе і выбірае дарогу, дык чаму б не дазволіць сабе дзяўчынку-медзьведзянятка з забытай гісторыі, якая ціха сядзіць на заднім крэсьле і штосьці мармыча побач зь Міхалам, так, Міхал сядзіць і чакае, паўза зацягнулася, знайсьцi лёгкi тон, i вось ужо першыя словы, — сьмешна, як усё супадае, зноў аўтастоп, гэта наканаванасьць, памятаеш, як мы чыталi апавяданьне, пра Кiндбэрг, i што ў нас са зборнымi канструкцыямi, цi заняўся хто-небудзь? Міхал раптам разумее, што анічога немагчыма патлумачыць, патрулі, касэты — усё гэта ў будучыні, яшчэ мусіць адбыцца, а размова адбываецца ў мінулым, а таму застаецца прыняць усё, як было, і вярнуцца назад, на мокрую сьлізкую дарогу, у адзін зь летніх дзён, у мястэчка Кіндбэрг, — вядома, як можна ня памятаць такiя рэчы, з канструкцыямi цяжка, прыходзiцца займацца разборнымi — даўна забытая гiронiя, лёгкая будысцкая безнадзейнасьць узору 1987 году, i раптам асьцярожнае маўчаньне — цi не замнога прамоўлена ў гэтай гульнi словаў, ці не спрабуе ён зблытаць памяць і жаданьні.

Празь некалькi кiлямэтраў паварот на Смаргонь, а потым далей на Вялейку, і Ганна пачынае крыху хвалявацца, праз дванаццаць гадоў Вялейка, маленькая Вільня, мястэчка Кіндбэрг уласнай пэрсонай, дзіцячая гара, якая можа вярнуць цябе назад у дзяцінства, Ліна на заднім крэсьле штосьці сьпявае, Ганна спакойная і ўпэўненая, гэта яна вядзе машыну, яна выбірае дарогу і плаціць па рахунках, Мiхал замаўкае, а вось i заварот, крыху прытармазiць, а потым рашуча налева, заедзем у Вялейку, замовiм гатэль, я люблю гэтыя правiнцыйныя гатэлi, яны цяпер цалкам пустыя, паблукаем, вып’ем добрага віна, пазвонiм Алене ў Вільню, адчуць гэтую iнтанацыю спакойнай упэўненасьцi, яна можа сабе дазволiць маленькую дзіцячую казку, у якой героі сустракаюцца праз дванаццаць гадоў, вядома, яна не тэлефанавала Артуру, яна любiла вяртацца нечакана.

* * *

 

У мястэчка Кiндбэрг добра заяжджаць пад вечар, калi ад будынкаў застаюцца адно цьмяныя абрысы, якія плывуць у цёплым празрыстым паветры, стагодзьдзямі тут анічога не мяняецца, часу проста няма, яму тут няма чым заняцца, хіба што паціху расьцярушваць мясцовую царкоўку, касьцёл і руіны сынагогі, помнік Леніну на галоўным пляцы ўжо таксама стаўся руінай, ён амаль не вытыркаецца, а сам правадыр, здаецца, ужо гатовы разам з усімі прадаваць бульбу на мясцовым кірмашы, вядома, яна памятае дарогу, спачатку гатэль, апартамэнты на двух асобаў, калi ласка.

Кампары зь iльдом, адзiнае, што можна пiць у мястэчку Кiндбэрг, адзiнае, што ёсьць у бары, акрамя мясцовай гарэлкі і падазроных настоек «са смакам ківі», Ганна страшна доўга стаiць пад душам, быццам змываючы зь сябе дванаццаць гадоў, Лiна расплюшчвае вочы i выходзiць, адчуць гэтае цела як быццам упершыню ў жыцьцi, Мiхал глядзiць на яе, расслаблена, згубiўшы адчуваньне часу, глядзiць, як яна выходзiць з вады, з мокрымi валасамi, глядзiць на лiнiю сьцёгнаў, на вусны i раптам разумее, што гэта Лiна, што немагчымае вяртаньне ў мiнулае адбылося, i Лiна, дзяўчынка-медзьведзянятка, толькi з-пад дажджу, стаiць перад iм, аголеная, Алена, дарэчы, у Калiфорнii, хтосьцi мусiць заставацца, хтосьцi мусiць любiць гэтыя пагоркi, Мiхал адводзiць мокрыя кудзеркi валасоў, ягоныя рукi сасьлiзгваюць унiз, туды, дзе плечы, грудзi, i супакойваюцца на выгiне сьцёгнаў, супакойваюцца перад тым, як канчаткова патануць у шале, на рыпучым дабiтым ложку, у гатэлi-руiне прамiнулай iндустрыйнай эпохi, у адным з магчымых часоў гэтага прывiднага жыцьця ў няiснай краiне.

* * *

 

Ганна прачынаецца першай, паварочвае галаву, халодна ў гэтых правiнцыйных гатэлях, душ, крыху макiяжу, зрэшты, няма пра што шкадаваць, часам варта выпасьцi са звыклага рытму, Артур не зьвяртае ўвагi на такiя рэчы, ён не раўнуе да мiнулага, а гэта ўсё адбылося ў мiнулым, дванаццаць гадоў таму, пэўна, голас у тэлефоне ў трэцi раз паўтарае, што няма нiякiх сьняданкаў, нiхто тут i ня чуў пра сьняданкi ў гатэлi, рэстарацыя праз квартал пачынае працаваць а дванаццатай, дзiўнае адчуваньне пустаты, Міхал расплюшчвае вочы й глядзіць на эфэктную брунэтку, такую знаёмую й такую чужую, бізантыйскі профіль, які так падабаецца Артуру, глядзіць, як з кожнай сэкундай зьнікае Ліна, зрэшты, немагчыма заставацца медзьведзяняткам у трыццаць, калі цябе штохвілінна шліфуе час, пакідаючы адно гострыя абрысы ў пясчаных дзюнах, застаецца толькі застыць, нібы камень, спадзеючыся, што час выкрэсьліць выпадковае, Міхал углядаецца і ўпершыню бачыць Ганну, што стаіць перад люстэркам, Ганну, якая ведае, што такое руіны, ведае, што такое выбіраць, адмаўляцца і плакаць, эфэктную брунэтку ў апошняй мадэлі «Рэно», выстава ў Празе, халоднае жыцьцё ў няіснай краіне.

* * *

 

Так хораша й крыху трывожна, Кiндбэрг, мястэчка, адкуль выяжджаеш зранку, у поўным шчасьцi, можна крыху расслабiцца, спакойна маўчаць, забыцца, зноў гэтыя патрулi, Ганна спыняе машыну, вось даверанасьць i тэхпашпарт, калi ласка, адчуць трывожны пагляд Мiхала, ягоная нага выстуквае нейкi рытм, ён вiдавочна захваляваўся, а цяпер вашыя дакумэнты, адкуль едзеце, адзiн застаецца каля машыны, другi iдзе нешта спраўдзiць па рацыi, так доўга, адчуць халодны спакой Мiхала, Ганна паварочвае галаву, ягоныя вочы, з шчасным i безнадзейным адчаем, варушэньне вуснаў у разьвiтальным пацалунку, што адбываецца, хрыплы голас у мiлiцэйскай рацыi, так, гэта ён, безнадзейна халодныя вочы Мiхала й цьмяная здагадка, учорашнiя паведамленьнi, жарт пра разборныя канструкцыi, апісаньне парушальніка, пакінуты на дарозе кошык для грыбоў, эфэктная брунэтка ў апошняй мадэлi «Рэно». Адчуць непрамоўленае жаданьне Міхала, так, гэта магчыма, адпусьціць счапленьне, разгон за шэсьць сэкундаў, а потым згубіцца дзе-небудзь сярод лесу, толькi трэба націснуць на газ, забыцца пра тое, што будзе потым, непрыемнасьцi ў Артура, яе выстава ў Празе, трэба толькi зрушыць, націснуць на гэты халерны пэдаль. Дзіўнае цяпло разьліваецца па яе целе, салодкая амарока, ад якой няма паратунку, нага сама цягнецца да газу, яшчэ крыху, забыцца на ўсё, Ганна амаль што гатовая зрабіць гэта, і раптам пранізьлівае разуменьне, што гэта не яна, а Ліна спрабуе цяпер націснуць на газ, што гэта Ліна была зь Міхалам у гатэлі, толькі Ліна можа і мае права на такія ўчынкі, толькі яна ня плоціць па рахунках, і Ганна нерухомее ў здранцьвеньні, апошняй помсьце, апошняй перамозе над наіўнай дзяўчынкай з забытае навэлы, якая так настойліва ўблытваецца ў ейнае жыцьцё, дзяўчынкай-медзьведзяняткам, маленькай балерынкай у атачэньні хіжых вачэй, што глядзяць зь цемры.

Хрыплы голас па рацыi, прафэсійныя рухi, выходзьце з машыны, пiсталет Макарава, болей ня раiм нiкога падбiраць на дарозе, шчасьлiва дабрацца да Менску, Ганна паварочвае галаву й адчайна глядзiць яму ў сьпiну, навошта наручнiкi, словы захрасаюць у горле, напэўна нейкая спазма, што вы чакаеце, шчасьлiва дабрацца да Менску.

З маленькага беларускага мястэчка Вялейкі лепш за ўсё выяжджаць зранку, i Ганна нарэшце адпускае счапленьне й кранаецца зь месца, эфэктная брунэтка ў апошняй мадэлi «Рэно», крэйсэрская хуткасьць сто шэсьцьдзесят, бартавы кампутар з антырадарам, любiць простыя дарогi, без ухiлаў, гострыя, як страла, вакол вецер, i дрэвы зьлiваюцца ў адзiн шэраг, у адну куламесу, наперадзе гарачая ванна, Paris Lumiиre па TV 5, якi ўжо дарэчы пачаўся, сёньня мы наведаем невялiчкi тэатр у Cafй de la Gare на rue de Temple, маленькi аматарскi тэатар для беспрацоўных актораў, маленькі тэатрык на вуліцы, затлумленай дарэшты кiтайскiмi аптовымi крамкамi, на пачатку семiдзясятых тут гралi Coluche i Miou-Miou, ня кажучы пра Дэпард’ё, камэра павольна, страшна павольна наяжджае на фотаздымак маладога Дэпард’ё ў фае, пакуль Лiна, схiлiўшы голаў на руль, да апошняга выцiскае газ i выяжджае на сустрэчную паласу, у адчайным безразважным гэсьце, адным з тых, якiя так любяць рабiць дзяўчынкi-медзьведзяняткi.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0