Пад’езды, унітазы, радыятары...

Наватворы ў суседзяў

ХХ стагодзьдзе для моваў сьвету адзначылася сапраўдным патопам новых словаў. Тэхналёгія, культура, цывілізацыя, штодзённае жыцьцё людзей пачалі разьвівацца такім шпаркім тэмпам, што новыя зьявы, ідэі, прадметы ўзьнікалі і ўзнікаюць штодзённа, штохвілінна — толькі пасьпявай называць.

ХХ стагодзьдзе сталася векам называньня, залатым векам моваведаў-лексыколягаў, перад якімі адкрыліся бязьмежныя абсягі дзеяньня. Зрабіць сваю мову адэкватнай усяму навакольнаму сьвету, выказаць яго суладна з гукамі й настроямі роднага слова, каб гэты сьвет празь яго як найлепей надаваўся да ўтульнага ў ім існаваньня. Засвоіць яго, наблізіць да сябе, зрадніцца зь ім праз мову.

Па цікавыя прыклады гэткага творства ня трэба хадзіць далёка. Амаль усе нашыя суседзі ў ХХ стагодзьдзі ў працэсе называньня новага актыўна праводзілі палітыку моўнага пурызму — гэта значыць, спрабавалі абысьціся сваімі ўласнымі сродкамі, не запазычаючы словаў зь іншых моваў, каб захаваць сваю самабытнасьць і непаўторнасьць у маляўнічай рознакалёрнасьці сьвету.

Працэс моватворчасьці звычайна адбываўся паралельна з палітычным разьвіцьцём нацыі - ён актывізоўваўся ў часы барацьбы за незалежнасьць і наступнага ўмацаваньня і разьвіцьця нацыянальнай дзяржаўнасьці. У апошнім выпадку гарантам аховы мовы ставала сама дзяржава.

Галоўным клопатам моватворцаў заўсёды было супрацьстаяць уплыву пануючай на працягу стагодзьдзяў культуры — нямецкай у чэхаў, польскай і расейскай — у літоўцаў, нямецкай і расейскай — у эстонцаў. Сродкі ўжываліся розныя. Найперш актывізаваліся ва ўжытку старыя і даўно забытыя словы, пераглядаліся багацьці народных гаворак, а таксама ўтвараліся новыя словы ад наяўных каранёў. Так, прыкладам, чэская мова займела шмат сваіх спэцыфічных словаў, якіх няма ў іншых мовах. (Памятаю, як аднойчы зь сябрамі мы спрабавалі адкаркаваць бочку з чэскім півам, але ня здолелі разабраць інструкцыі, дзе ўсе словы былі спрэс славянскія. Давялося прапароць бочку нажом і абліцца півам з ног да галавы.) Чэхі няшчадна перакладалі й перакладаюць звыклыя нам інтэрнацыяналізмы: цэнтральны камітэт — ustredni vybor, патрыёт — vlastenec, радыё — rozhlas, нумар — cislo, кампутар — pocitac, файл — soubor...

У польскай мове хваля пурызмаў была меншая, аднак, прыкладам, цалкам спольшчаная некалі была ўся тэхнічная тэрміналёгія, у якой амаль не знайшлося месца нямецкім, францускім ці ангельскім тэрмінам, якія, прыкладам, прыжыліся ў расейцаў, дзе пурызм заўсёды лічыўся нечым непрыстойным. Вось жа дроссель у палякаў — dlawik, парашут — spadochron, танк — czolg, а шарыкападшыпнік — lozysko kulkowe.

Літоўская мова дагэтуль спрабуе супрацьстаяць наплыву барбарызмаў, і адмысловая моўная камісія пры Літоўскім Сойме, прыкладам, рэкамэндуе замест чужынскіх гамбургер і гот-дог ужываць наватворы mesainis і desrainis, што па-нашаму больш-менш гучала б як мясень і каўбасень. Прыгожае слова прыдумана для гелікоптэра — malunsparnis, млынакрыл.

Самыя дзівосныя рэчы адбываліся ў эстонскай мове, дзе на пачатку ХХ ст. актыўна ўжываўся самы рэдкі спосаб словатворчасьці — стварэньне каранёў зусім з галавы. Так узьніклі звычайныя сёньня словы relv — зброя ці laip — нябожчык. А ў 60-я гады Таварыства Эстонскай Мовы пачало нават рэгулярна абвяшчаць конкурсы на стварэньне новых словаў, у якіх бяруць удзел самыя шырокія колы грамадзтва. Што цікава — шмат якія з прыдуманых словаў прыжываюцца, накшталт teabe — інфармацыя, або raal — ЭВМ. Апошняе слова, дарэчы, таксама ўзята з галавы. Проста гучыць прыгожа і па-эстонску.

Якім было ХХ стагодзьдзе ў беларускай мове, відаць, доўга тлумачыць ня трэба. За выняткам 20-х гадоў, калі палітыка і мова ў нас ішлі больш-менш поплеч і адбываліся падобныя да апісаных вышэй працэсы, беларуская мова не жыла паўнакроўным жыцьцём дзяржаўнай мовы нацыянальнай дзяржавы. Яе ў шматлікіх функцыях замяніла расейская, і ў штодзённым жыцьці беларусы назіралі за расейскімі працэсамі новага называньня. У афіцыйную, дэкарацыйна-сувэнірную беларускую мову фактычна ўсе слоўныя навіны стагодзьдзя аўтаматычна пераносіліся з мовы расейскай, таму складаньне тэрміналягічных слоўнікаў часта ператваралася ў практыкаваньне ў фанэтыцы —трэба было толькі запісаць расейскае слова па-беларуску.

Калі ў 70-80-х гадох літаратурная, гарадзкая беларуская мова зноў рэальна зажыла ў новых жывых беларускіх колах, пачалася і моватворчасьць, прадыктаваная патрэбамі штодзённага жыцьця. Так, паводле прынцыпу «абы не па-расейску», пачалі запускацца слоўцы накшталт «пляшка» замест «бутэлька», «гаўбец» замест «балкон», «лейцар» замест «штопар», «крама» замест «магазін», «чыюк» замест «папугай» ды шмат чаго іншага. Словы «сьвятар», «спадар», «выканкам», «тэлефанаваць» ад тых часоў пачалі гучаць нават у афіцыйных радыё і тэлевізіі ды нават трапілі ў слоўнікі. У ранейшых слоўніках такіх словаў або не было зусім, або яны пазначаліся абласнымі, састарэлымі, прастамоўнымі.

Аднак моваабнаўленьне ХХ стагодзьдзя ў беларускай мове так і не рэалізавалася поўнасьцю. Лексычнае наватарства не спынілася і магло б стацца цікавай тэмай культурнага дыскурсу. Колькі прадметаў і паняцьцяў нашага штодзённага побыту яшчэ чакаюць свайго прыдатнага беларускага найменьня — усе гэтыя «батарэі ацяпленьня», «унітазы», «пад’езды», «лесьвічныя пляцоўкі». Аднаўленьне сусьвету ў беларускай мове — прыгожая справа для новага тысячагодзьдзя.

Сяргей Шупа


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0