пазытывы

Памрэм, а Пензе дапаможам!

Беларусь мае намер падтрымаць разьвіцьцё агракомплексу Пензенскай вобласьці

 

Радасная навіна. Людзі вельмі ўдзячныя начальству і за гэта таксама. Асабліва жыхары братніх Віцебскай і Магілёўскай абласьцей, дзе «рэалізацыя» мясапрадуктаў, агульнапрызнаных сымбаляў шчасьця, склала адпаведна 91 і 85% да ўзроўню 1998 г.

Затое ў сярэднім па краіне «рэалізацыя» мясапрадуктаў нават павялічылася на 2% проці 1998 г., балазе вытворчасьць мяса скарацілася ўсяго на 7%. Адкуль узяўся дадатковы мясапрадукт? Калі вы ня елі кілбасы «Загадка» і паштэту «Юнацкі жоўты», не здагадаецеся. Дзівосы трэба апісваць адпаведнымі, казачнымі словамі.

Гэтак і робіцца. Апошнімі гадамі шырака распаўсюдзілася і ўсё часьцей выкарыстоўваецца сакральная формула: «Расьце валавы нутраны прадукт». Закляцьце выклікае ганарлівае вуркатаньне электарату, а прысутныя ў «нацыянальным сходзе» ад таго дасягаюць некалькіх кансэнсусаў за адну сэсію.

Чарадзейнаму эфэкту аналітыкі даюць розныя тлумачэньні. Нэафрайдысты засяроджваюць увагу на словах «расьце» і «нутраны». Папулісты канцэнтруюцца на паняцьці «прадукт». Нэакамуністы на прыметніку «валавы».

Мінстат, каб адкінуць містычныя маніпуляцыі, разьлічвае ВНП у тры розныя спосабы і дакладна ведае вартасьць тавараў і паслуг, створаных у краіне ва ўсіх галінах эканомікі і прызначаных дзеля спажываньня, назапашваньня і экспарту.

Не забываюцца дзяржаўныя рахункаводы і пра насельніцтва. Улічваецца ўсё: набытыя тавары, паслугі і нават расьліны з жывёламі, спажытыя грамадзянамі ў натуральнай форме. Да гэтага дадаюцца «ўмоўна налічаныя паслугі» за пражываньне тутэйшых ва ўласных хатах і атрымліваецца «канцавое спажываньне хатніх гаспадарак».

Айчынная статыстыка вучыць нас, што за пэрыяд нацыянальнай незалежнасьці ВНП павялічыўся ў бягучых коштах ў 67373 разы. Ён быў падаў, потым раптам падняўся, зноў падняўся, але ня вельмі... Выглядае драматычна. Але, калі палічыць ў рэальных коштах, высьветліцца, што сувязь паміж ростам ВНП і канцавым спажываньнем насельніцтва нечакана малая (каэфіцыэнт карэляцыі складае ўсяго 0,54).

Менавіта таму большасьць нацыі не заўважае фэнамэнальнага росту. Людзі занятыя натуральнымі справамі, у прыватнасьці, спажываньнем.

Упарты народ так проста не зьбіраецца спажываць меней, чым яму трэба. Ваганьні ВНП і канцавога спажываньня адбываюцца разам, але маюць розны размах. Узровень спажываньня нашмат больш устойлівы.

Вось ужо і сп. дырэктар М.Лявонаў з МТЗ уголас здзівіўся: чаму пры росьце ВНП зьніжаецца якасьць жыцьця? Куды дзяецца той валавы прадукт?

Дарма зьдзіўляецца і не дае веры Мінстату. Расьце прадукт, расьце. Проста ён, як айчынны «мясапрадукт»: мяса ў ім усё меней, соі — усё болей. Хоць мяса ў нас расьце, а соя — не расьце.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0