З драўлянымі «Калашнікавымі»

 

23 лютага перад Гарадзенскім унiвэрсытэтам адбылася кароткая акцыя супраць службы ў войску. Яе правялi маладыя анархiсты.

На вачах публiкi сшыхтавалiся шэсьць чалавек з завязанымi ратамi i шыльдамi на шыях: «Призывник 2000». Абапал апынулiся два ахоўнiкi ў вайсковых шапках i з аўтаматамi Калашнiкава — драўлянымi, але натуральных памераў. Адзiн зь iх выгукнуў нешта пра вайсковую службу. Сэнсу публiка ня вельмi дапяла, паколькi ўся грамадка зьнiкла, не чакаючы мiлiцыi. Праўда, некаторым з прысутных дасталiся ўлёткi. У тэксьце з сарказмам гаварылася пра тое, што моладзь дзеля «спакою айчыны» гатовая iсьцi ў войска да «дзядоў», мыць унiтазы i «лiзаць дупу» камандзірам. Удзельнiкi ж накiравалiся да гарваенкамату, дзьверы якога былi замкнёныя. Але калi да iх выйшаў сам ваенкам палкоўнiк Б.Скобелеў, маладзёны не рызыкнулi зайсьцi да яго на гарбатку i хуценька разышлiся.

Сяргей Максімовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0